Плакат у акне каштаваў пенсіянеру МУС пяць сутак арышту

662
Уладзімір Няпомняшчых. Фота аўтара
Уладзімір Няпомняшчых. Фота аўтара

Дваццатага лістапада пасля пяці сутак адміністрацыйнага арышту на волю з ізалятара выйшаў грамадскі актывіст з Гомеля, пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых. Яго схапілі ў мінулую нядзелю ў поўдзень, калі ён сядзеў на лаўцы каля цырка і чытаў кніжку.

Двое сутак Уладзіміра трымалі ў ізалятары, што называецца, без суда і следства, а 17 лістапада суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Кармановіч адмераў былому пенсіянеру МУС пяць сутак арышту.

Як распавёў Уладзімір, участковы Цэнтральнага раёна Пётр Грамадцоў склаў супраць яго два адміністрацыйныя пратаколы – за дробнае хуліганства (артыкул 17.1) і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (артыкул 23.4 КаАП).

Хуліганства пенсіянера МУС у тым, што ён у акне сваёй кватэры, як напісана ў пратаколе, “размясціў надпіс, які парушае грамадскі парадак і спакой грамадзян”.

Уладзімір не адмаўляе, што ў ягоным акне сапраўды бел-чырвона-белыя сцяжкі, плакаты “Свабоду Ціханоўскаму!”, “Свабоду Статкевічу!”, а таксама надпіс на рускай мове з выкарыстаннем простай назвы чалавечых фекалій, які, відаць, абразіў міліцыянераў.

“Найперш за гэты надпіс мне і “прышылі хуліганку”. Але я лічу, што ўжыў цалкам літаратурныя словы. Тым больш што гэта вісіць у маёй кватэры, а не на балконе і не на вуліцы. І напісаў я гэта дзеля свайго задавальнення, каб тыя, хто займаецца фальсіфікацыяй матэрыялаў, ведалі. Тым больш што насупраць майго акна ўстанавілі камеры відэаназірання – лезуць у маё прыватнае жыццё. У такім разе няхай чытаюць і надпіс”, – тлумачыць былы афіцэр міліцыі. Паводле яго слоў, непадпарадкаванне яму наогул прыпісалі, каб пакараць арыштам за надпіс.

“Я пайшоў на плошчу Паўстання на кірмаш, меўся купіць каляровую капусту і брокалі. Брокалі не было, абяцалі падвезці цягам гадзіны. Я адышоў за паўсотні метраў у бок цырка пачакаць, сеў на лаўку і стаў чытаў кнігу. Тут мяне і затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі, потым падышлі яшчэ двое. Заламалі рукі і павялі. Спачатку заявілі пра нейкія ўкрадзеныя колы, маўляў, трэба пад’ехаць у райаддзел, а там ужо прыпісалі непадпарадканне”, – кажа Уладзімір.

Няпомняшчых ведаюць у горадзе як чалавека, які ўлетку ходзіць у майцы “За Беларусь без Лукашэнкі”. Ён член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, балатаваўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 і 2019 гадоў.

Сёлета на прэзідэнцкіх выбарах вылучаўся “кандыдатам пратэсту” ў спісе Мікалая Статкевіча. Выбарчую кампанію скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамельчукоў дзеля назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках. Калі назіральнікаў не дапусцілі на ўчасткі, Уладзімір з паплечнікамі стаў назіраць за галасаваннем каля ўчастка праз акно. Яго арыштоўвалі, штрафавалі.

Напярэдадні затрымання міліцыя рвалася ў пад’езд дома, дзе жыве Няпомняшчых. Але ні ён, ні жыхары не пусцілі міліцыянераў у пад’езд.


Няма запісаў для адлюстравання