Як разумее гуманізм міліцыянер Драздоў

2996
Людзі стаяць ля сцяны Савецкага РУУС г.Мінска з паднятымі рукамі
Людзі стаяць ля сцяны Савецкага РУУС г.Мінска з паднятымі рукамі

У адным з нумароў “Народнай Волі” было змешчана фота, на якім бачна, як затрыманыя 8 лістапада людзі стаяць ля сцяны Савецкага РУУС г.Мінска з паднятымі рукамі. У такой позе іх трымалі некалькі гадзін!

Праз тыдзень у тым жа РУУС затрыманых ізноў паставілі ва ўнутраным двары з паднятымі рукамі. У гэты дзень на вуліцы было ўсяго каля 3 градусаў!

Намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага РУУС Сяргей Драздоў так пракаментаваў гэта: “А які закон забараняе так утрымліваць затрыманых? Нічога такога я не бачу, закон не парушаны, да іх было даволі гуманнае стаўленне”.

У спадара Драздова вельмі своеасаблівае ўяўленне аб гуманным стаўленні да людзей. Дзеянні супрацоўнікаў Савецкага РУУС хутчэй нагадваюць тыя часы, калі ў Мінску дзейнічалі гестапаўцы.

Вось як цэньвае гэтыя факты вядомы беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін СТЭФАНОВІЧ:

– Паводле артыкула 23.34 (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, чалавека да суда наогул можна затрымаць на 72 гадзіны. Таму калі міліцыянер Драздоў казаў пра “гуманнае стаўленне”, то, магчыма, ён меў на ўвазе, што людзей трымалі ля сцяны на холадзе не трое сутак, а некалькі гадзін. Зыходзячы з яго логікі, закон не забараняе ім і 72 гадзіны пратрымаць людзей ля сцяны. Але я катэгарычна не згодны з вышэйзгаданым таварышам і бачу тут грубае парушэнне і нацыянальнага заканадаўства, і міжнародных дакументаў, якія падпісала і абавязалася выконваць Рэспубліка Беларусь.

У артыкуле 2.4 (“Недатыкальнасць асобы”) Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь у пункце 3 запісана: “Ніхто з тых фізічных асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, не павінны падвяргацца гвалту, іншаму жорсткаму абыходжанню альбо прыніжэнню чалавечай годнасці”. Пункт 4: “Утрыманне фізічнай асобы, якая затрымана за адміністрацыйнае правапарушэнне, альбо адміністрацыйна арыштаванага павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу для іх жыцця і здароўя”.

І як з гэтымі нормамі стасуецца тое, што людзей на працягу некалькіх гадзін трымалі на вуліцы, на холадзе, уздоўж сцяны з паднятымі рукамі? А ў некаторых жанчын, паводле сведчанняў відавочцаў, яшчэ і пальчаткі забралі. Усё гэта і ёсць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне. Згодна з Канвенцыяй супраць катаванняў і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, такое абыходжанне з затрыманымі недапушчальнае!

Таму Сяргей Драздоў і яго падначаленыя не маюць рацыі, яны дзейнічалі незаконна. Былі рэальна парушаны правы грамадзян.

– Так, у тым жа каментарыі Драздоў адзначыў, што людзей на вуліцы такім спосабам можна было трымаць “у мэтах бяспекі асабістага складу і з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі”…

– Калі кіравацца такой логікай, то людзей можна было трымаць на вуліцы і трое сутак, а то яшчэ і на асфальт пакласці, як гэта рабілі ў некаторых РУУС у жніўні.

А што перашкаджала таму ж Драздову і яго падначаленым завесці людзей у актавую залу і там вырашыць усе пытанні, звязаныя з затрыманнямі?

Публікацыя з № 92 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання