Еўрасаюз збіраецца блакіраваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленні ў СГА

575
Сцягі ЕС
Сцягі ЕС

У распараджэнні “Радыё Свабода” аказаўся шматстаронкавы «Агляд дачыненняў ЕС — Беларусь», які сёння быў разасланы лідарам краін Еўрасаюза для вывучэння і падрыхтоўкі да наступнага паседжання Савета міністраў замежных спраў ЕС, якое адбудзецца 7 снежня.

У аглядзе пералічваюцца галіны, у якіх супрацоўніцтва з Беларуссю плануецца абмежаваць або зусім прыпыніць, а таксама тыя, дзе супрацоўніцтва будзе павялічана – гэта датычыцца пераважна дапамогі грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і чалавечых кантактаў.

Мэта агляду – прывесці ў дзеянне высновы Савета і скарэкціраваць адносіны з Беларуссю за кошт скарачэння супрацоўніцтва з цэнтральнымі органамі ўлады. «Гэта стане моцным сігналам для ўладаў Беларусі і максімізуе рычагі ўздзеяння ЕС на ўлады Беларусі з тым, каб яны паважалі прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і правы чалавека».

Еўрасаюз сваімі дзеяннямі будзе дамагацца наступнага:

  • спыніць усе рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў адносінах да асоб, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;
  • вызваліць, рэабілітаваць палітычных вязняў і выплаціць ім фінансавую кампенсацыю;
  • гарантаваць бяспечныя ўмовы для вяртання асоб, якія знаходзяцца ў палітычнай і прымусовай эміграцыі;
  • садзейнічаць сур’ёзнаму, вартаму даверу і інклюзіўнаму палітычнаму працэсу, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЭ / БДІПЧ;
  • забяспечыць гарантыі павагі да правоў чалавека, у тым ліку свабоды перакананняў і іх свабоднага выказвання, сходаў і асацыяцый, а таксама свабоды сродкаў масавай інфармацыі.

У той жа час у высновах Савета ўтрымліваецца заклік узмацніць падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і працягнуць узаемадзеянне ў пытаннях, якія ўяўляюць цікавасць для ЕС.

Таксама ў аглядзе разгледжаны пакет супрацоўніцтва, які можа быць прапанаваны Беларусі пасля таго, як адбудзецца мірны пераход да дэмакратыі.

«Рашэнні аб прыпыненні, скарачэнні або захаванні пэўных мерапрыемстваў па супрацоўніцтве, — гаворыцца ў аглядзе, — павінны прымаць пад увагу некалькі фактараў: з аднаго боку, неабходнасць пасылаць пераканаўчыя сігналы і аказваць ціск на ўлады, а з другога боку, неабходнасць захоўваць каналы камунікацыі адкрытымі, падтрымліваць насельніцтва і грамадзянскую супольнасць, а таксама інтарэсы ЕС».

Такім чынам, як мяркуецца, двухбаковае супрацоўніцтва, сустрэчы і кантакты з беларускімі дзяржаўнымі структурамі павінны быць у прынцыпе скарочаныя да таго часу, пакуль улады не будуць паважаць прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека.

Паколькі ЕС поўны рашучасці развязаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у аглядзе прапануецца працягнуць дыялог па правах чалавека.

Эканамічны ціск

ЕС вырашыў спыніць перамовы аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю:

«Афіцыйныя перамовы з Беларуссю адносна яе ўступлення ў СГА, асабліва па пытаннях доступу да рынкаў, хоць і адпавядаюць гандлёвай палітыцы ЕС, скіраванай на падтрымку шматбаковай гандлёвай сістэмы, павінны быць прыпынены», — гаворыцца ў Аглядзе.

Таксама прапануюцца абмежавальныя захады ў сферы гандлю, мытні, межаў, статыстыкі, фітасанітарнага кантролю, эканамічнага і фінансавага дыялогу, прыгранічнага супрацоўніцтва і іншых сферах. Разам з тым адзначаецца, што супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне эканамічнага развіцця будзе працягнутае ў рамках платформы «Усходняга партнёрства» ў справе эканамічнага развіцця і рынкавых магчымасцей.

У галіне макрафінансавага супрацоўніцтва вырашана, што «запыт Беларусі ў МЗС ЕС аб фінансавай дапамозе прыпынены, і адпаведныя перамовы таксама цалкам прыпыненыя».

Што тычыцца МВФ, то, як гаворыцца ў аглядзе, «членам Выканаўчага Савета ЕС будзе прапанавана працягваць процідзеянне выдзяленню фінансавых сродкаў Беларусі да таго часу, пакуль не адбудзецца пераход да дэмакратыі (МВФ афіцыйна паведаміў пра спыненне перамоў з уладамі Беларусі)».

Аперацыі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), у прыватнасці, падтрымка дзяржаўнага сектара і прамая дапамога беларускім уладам на цэнтральным узроўні, як гаворыцца ў аглядзе, «павінны быць скарочаны да максімальна магчымай ступені. Такім чынам, у прынцыпе не варта праводзіць ніякіх аперацый у дзяржаўным сектары».

Разам з тым сцвярджаецца, што, у прынцыпе, аперацыі з прыватным сектарам без удзелу дзяржавы могуць працягвацца, але іх трэба вельмі пільна правяраць, каб сродкі даходзілі да прыватнага сектара без умяшання дзяржавы.

Кантакты з грамадзянскай супольнасцю

Еўрасаюз плануе развіваць з Беларуссю публічную і культурную дыпламатыю.

Асобны пункт агляду называецца «Падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ». У гэтым раздзеле, у прыватнасці, гаворыцца:

«ЕС будзе максімальна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ, каб умацаваць іх устойлівасць перад жорсткімі рэпрэсіямі, мець магчымасць прадстаўляць насельніцтву Беларусі прафесійную і незалежную інфармацыю і быць гатовым прыняць актыўны ўдзел у развіцці і кансалідацыі дэмакратычнай Беларусі.

Некалькі бягучых праграм ENI ў падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, зацверджаных перад выбарамі 9 жніўня, працягваюцца.

Пасля фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня і паслявыбарчых рэпрэсій была мабілізавана дадатковая акцыя памерам 2,7 мільёна еўра, якая ўжо дзейнічае для аказання юрыдычнай, матэрыяльна-тэхнічнай і медыцынскай дапамогі ахвярам жорсткіх рэпрэсій.

Таксама дзейнічае праект у памеры 1 мільён еўра для падтрымкі незалежных СМІ.

У дадатак да гэтай экстранай дапамогі рыхтуецца выдзяленне народу Беларусі сярэднетэрміновага пакета падтрымкі памерам 30 мільёнаў еўра. Пакет прадугледжвае пастаянную падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ; моладзі (уключаючы мабільнасць і стыпендыі), падтрымку малога і сярэдняга бізнесу і аховы здароўя (у тым ліку для барацьбы з пандэміяй COVID-19)».

Таксама ў аглядзе сцвярджаецца, што цяпер вывучаюцца іншыя магчымыя меры падтрымкі насельніцтва, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. У гэтым кантэксце, гаворыцца ў дакуменце, патэнцыйна важную ролю адыгрываюць публічная дыпламатыя і стратэгічная камунікацыя. Улічваючы вельмі варожае асяроддзе, падтрымка ЕС павінна быць досыць стрыманай, каб не ставіць атрымальнікаў пад небяспеку і змяншаць рызыку дэзінфармацыі.

У дадатак да вышэйназваных праектаў краінам – членам ЕС прапануецца спрасціць дастаўку віз і адмовіцца ад візавых збораў для грамадзян Беларусі, у прыватнасці, для актывістаў грамадзянскай супольнасці.

«План Маршала» для Беларусі

Нарэшце, у спецыяльным раздзеле агляду сцвярджаецца, што цяпер, у адпаведнасці з просьбай Еўрапейскага савета да Еўракамісіі, рыхтуецца «Комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі». У гэтым плане падрабязна апісваецца тэхнічная і фінансавая дапамога, якую ЕС выдзеліць для падтрымкі працэсу рэформ і для дапамогі новай дэмакратычнай Беларусі для задавальнення яе фінансавых патрэб.

Сцвярджаецца, што «гэты план мог бы ўключаць пакет пераходнага супрацоўніцтва, магчымую макрафінансавую дапамогу, разблакіраванне Інвестыцыйнай платформы добрасуседства і актывізацыю аперацый ЕІБ і ЕБРР».


Няма запісаў для адлюстравання