БАЖ патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч! ЗАЯВА

251
Кацярына Барысевіч
Фота https://www.google.by/

Заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

19 лістапада Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.178 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы”).

Справа тычыцца гісторыі збітага невядомымі ў Мінску Рамана Бандарэнкі, які пазней памёр у бальніцы хуткай дапамогі ад траўмаў. У межах гэтай справы быў затрыманы медыцынскі работнік, а таксама журналістка самага папулярнага ў Беларусі інтэрнэт-партала TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыялы пра смерць Рамана Бандарэнкі.

У чацвер у кватэры журналісткі прайшоў ператрус, а сама Кацярына была змешчана ў СІЗА КДБ.

Пры гэтым на дадзены момант невядома, ці заведзеная крымінальная справа па самім факце нанясення Раману Бандарэнку цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да яго смерці.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць, што замест пошуку сапраўдных вінаватых у забойстве следчыя займаюцца пераследам тых, хто спрабуе знайсці праўду пра акалічнасці смерці Рамана Бандарэнкі.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе ад уладаў Беларусі і, у першую чаргу, ад Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая расследуе справу:

– неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч (адну з лепшых і прафесійных судовых журналістак Беларусі), а таксама медыцынскага работніка, які перадаў у медыя грамадска значную інфармацыю і не парушыў пры гэтым правоў родных забітага;

– замест пераследу за распаўсюд інфармацыі засяродзіцца на пошуку забойцаў.

Заклікаем беларускую і міжнародную супольнасць далучыцца да гэтых патрабаванняў.


Няма запісаў для адлюстравання