За што гомельскага выкладчыка звольнілі з універсітэта?

275
Яўген Малікаў (злева) сярод прыхільнікаў перамен. Фота аўтара
Яўген Малікаў (злева) сярод прыхільнікаў перамен. Фота аўтара

У Гомелі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту звольнілі выкладчыка факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, вядомага ў горадзе гісторыка і краязнаўцу, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава. Ён, па сутнасці, адзіны спецыяліст па драўляным дойлідстве паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі.

“Так, сёння ў мяне апошні дзень працы ва ўніверсітэце. Тут я працаваў шаснаццаць гадоў, а з 19 лістапада я ўжо беспрацоўны. Каментарый змагу даць, калі пазнаёмлюся з усімі дакументамі на звальненне”, – сказаў журналісту “Народнай Волі” выкладчык Малікаў.

Сябры і калегі бачаць слаба прыхаваны палітычны матыў у звальненні Яўгена Малікава, хаця рэктарат абстаўляе скасаванне кантракта цалкам празаічнымі правінамі.

Выкладчык Малікаў сёлета быў адным з актыўных удзельнікаў масавых пратэстных акцый супраць ізаляцыі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Ён падтрымаў пікет калег з тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога і быў затрыманы.

На падставе міліцэйскага пратакола суд 14 верасня пакараў Яўгена Малікава 5 суткамі арышту. Паказальна, што на пратэстным маршы, які ладзіўся ў Гомелі ў сярэдзіне верасня, былі плакаты ў падтрымку выкладчыка і гісторыка Малікава. Да таго ж студэнты БелДУТа правялі пікет салідарнасці з выкладчыкам, калі той адбываў арышт у ізалятары.

Рэктарат сёлета перавёў Малікава на 0,75 стаўкі выкладчыка, выносіў яму вымовы, а зараз звольніў.


Няма запісаў для адлюстравання