Трое сутак за кратамі без суда і следства

277
Алесь Дзергачоў
Фота http://ww2.harodniaspring.org

Праваабаронцу са Смаргоні Алеся Дзергачова затрымалі ў мінулую пятніцу, калі ён выходзіў з будынка суда, дзе прысутнічаў на адным з працэсаў над пратэстуючымі. У віну яму ставяць тое, што 8 лістапада ён прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў Смаргоні, калі людзі хадзілі ў цэнтры горада з белымі і чырвонымі шарыкамі.

У той самы дзень за ўдзел у гэтай жа акцыі затрымалі яшчэ пяць жыхароў Смаргоні. Дзергачова дэманстратыўна каля суда, як злоснага хулігана, пасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў РАУС, да якога ўсяго каля 40 метраў.

Там патлумачылі, што на яго заведзена адміністрацыйная справа за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і паведамілі, што яго затрымліваюць на 72 гадзіны.

“Я ім як праваабаронца з досведам тлумачыў, што з пункту гледжання міжнароднага права маё затрыманне з’яўляецца парушэннем заканадаўства, – распавядае Дзергачоў. – Калі чалавека затрымалі ў час масавага мерапрыемства і прыпынілі яго незаконныя дзеянні, то гэта адна справа, але калі чалавека пазбаўляюць волі толькі дзеля таго, каб скласці пратакол, гэта парушэнне закона”.

У міліцыі на гэта адзін адказ – у законе запісана, што маем права затрымліваць чалавека на 72 гадзіны, калі яму пагражае санкцыя ў выглядзе арышту.

На наступны дзень, калі Дзергачоў ужо ноч праседзеў у камеры, яму прапанавалі азнаёміцца з правамі і абавязкамі затрыманага і паставіць свой подпіс у пратаколе. Хаця, як заўважае праваабаронца, гэта павінны былі зрабіць адразу пасля затрымання. Дзергачоў запатрабаваў, каб паперу з правамі і абавязкамі яму далі на беларускай мове. Такой у РАУС не аказалася, а гэтую ён адмовіўся падпісваць, і толькі пасля таго, як адседзеў амаль двое сутак, азнаёміўся з правамі і абавязкамі затрыманага.

Дзергачоў праседзеў пад арыштам у камеры з пятніцы да панядзелка, хаця над ім не было ніякага суда. Толькі ў сераду азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, якая была ўзбуджана супраць яго. Суд над ім пакуль не прызначаны.

“Атрымліваецца, што мяне яшчэ не судзілі, але трое сутак я ўжо адседзеў, – кажа праваабаронца. – І ў суправаджальным лісце з РАУС у суд запісана хадайніцтва аб пакаранні мяне адміністрацыйным арыштам”.

Дзергачоў не стаў скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў камеры, зазначыў, што там не курорт, але падкрэсліў, што такім чынам, як паступае міліцыя, яго па адной і той самай справе караюць два разы, што супярэчыць як беларускаму, так і міжнароднаму праву.


Няма запісаў для адлюстравання