Валерый Карбалевіч: Сто дзён беларускай рэвалюцыі. Дваццаць высноў

752
Мінск 15 лістапада 2020 года. Фота: Павел Крычко
Мінск 15 лістапада 2020 года. Фота: Павел Крычко

Тое, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія месяцы, называюць па-рознаму: «беларуская рэвалюцыя», «беларуская вясна», «палітычны крызіс». Лукашэнка назваў гэта спробай перавароту, мяцяжу. У нейкія моманты падзеі ў Беларусі былі галоўнымі навінамі ў свеце. Іх аналізуе ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валерый Карбалевіч. 

Валерый Карбалевіч. Фота: politring.com
Валерый Карбалевіч. Фота: politring.com

Сёння можна адназначна казаць, што беларуская рэвалюцыя ўжо ўвайшла ў гісторыю і зробіць вялікі ўплыў на далейшае разьвіццё краіны. Урэшце, рэвалюцыі не праходзяць бясследна.

Прапаную 20 важных высноў з нагоды ста дзён рэвалюцыі.

1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагодздзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам развіцця. Грамадства перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках. Гэты канфлікт не можа вырашыцца да той пары, пакуль адно не стане адпавядаць другому.

2. Беларуская мадэль грунтавалася не на даверы грамадства да палітычных інстытутаў, а на даверы да асобы Лукашэнкі. Легітымнасьць рэжыму шмат у чым трымалася на асабістай харызьме кіраўніка дзяржавы. І крызіс даверу да яго выліўся ў востры палітычны крызіс.

3. Вынікам апошніх падзей стала дэсакралізацыя ўлады як такой. У Беларусі дасюль дзяржаўныя інстытуты былі адзінай скрэпай, якая аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыум. Іншых мэханізмаў – кшталту нацыі, грамадзянскай супольнасці – не было. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадства, па сутнасці, абвясцілі грамадзянскую вайну большасці сваіх грамадзян. Цяпер ад дзяржавы паходзіць небяспека для соцыюму.

4. Беларуская вясна – гэта рэвалюцыя росту чаканняў. Апошнія 10 гадоў сярэдні заробак у Беларусі рэальна зменшыўся. Лукашэнка стаў для большасці беларусаў сімвалам застою і безнадзейнасці.

5. Улада страціла маральны аўтарытэт. Падзеі апошніх ста дзён разбурылі ілюзіі большасці насельніцтва адносна таго, што такое насамрэч лукашэнкаўская дзяржава. Цяпер для беларусаў улада несправядлівая, амаральная. Таму беларуская рэвалюцыя, як і ўкраінская 2014 году, стала рэвалюцыяй годнасці.

6. Улады страцілі манаполію на інфармацыю, з’яўленне новых медыя, сацыяльных платформ разбурылі старую сістэму камунікацый існуючага рэжыму з грамадствам. І гэта стала важным фактарам грамадскага пад’ёму.

7. Лукашэнка пераацаніў фактар сілы дзяржаўнай машыны. Адзіным адказам на новыя выклікі сталі палітычныя рэпрэсіі. Улады вырашылі, што легітымнасць рэжыму можна забяспечыць з дапамогай выключна грубай сілы. Што найбольш характарызуе іх няздольнасць адаптавацца да новай рэальнасці.

8. Адбылося разбурэнне мадэлі карпаратыўнай дзяржавы. У момант крызісу ўся старанна збудаваная сістэма прадзяржаўных «грамадскіх» арганізацый пасыпалася. Вы што-небудзь чулі пра ролю БРСМ, «Белай Русі» падчас гэтых падзей? На дзяржпрадпрыемствах шмат людзей павыходзілі з ФПБ. Ненадзейнай аказалася царква. Галоўным абаронцам рэжыму выступае АМАП.

9. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадства. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзян. Народ стаў палітычным суб’ектам, чаго ніяк не хоча прызнаваць рэжым.

10. За апошнія месяцы ў Беларусі сфарміравалася грамадзянская супольнасць. Запрацавалі гарызантальныя сувязі. Створана вялікая інфраструктура грамадскага руху, якая ўключае ў сябе супольнасці дамоў, мікрараёнаў, адпаведныя чаты для іх камунікацый.

11. Адбыўся завяршальны працэс станаўлення беларускай нацыі. Звычайна нацыя фарміруецца ў змаганні з вонкавым ворагам ці апанентам (імперыя, метраполія). У беларускім выпадку дафарміраванне нацыі адбылося ў выніку барацьбы з кіруючым рэжымам. Гэта яшчэ адзін з парадоксаў беларускай рэвалюцыі.

12. Аднак пратэставы настрой грамадства, «паўстанне мас», не ператварыўся ў «крызіс вярхоў», не прывёў да расколу эліт. А такі раскол, па ўсіх тэорыях, – неабходная ўмова для перамогі рэвалюцыі. Разлік на тое, што пад маральна-псіхалагічным ціскам народа дзяржаўны апарат пачне развальвацца ці пераходзіць на другі бок барыкад, не апраўдаўся. Бо ў Беларусі аўтарытарны рэжым моцны і кансалідаваны. Ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не кантралюецца народам. Усе яны абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Ніякіх пунктаў апоры для апанентаў рэжыму ў дзяржапараце не існуе. Існуе жорсткая вертыкаль улады, якую фарміруе зверху персанальна Лукашэнка. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народа, таму і не рэагуе на яго патрабаванні, а захоўвае лаяльнасць таму, кім ён створаны.

13. У супрацьстаянні рэвалюцыі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцый – дзяржаўныя інстытуты перасталі выконваць свае абавязкі. Фактычна знішчаецца знешняя палітыка Беларусі, краіна страчвае міжнародную суб’ектнасць. Канчаткова разбурана прававая сістэма, інстытуты правасуддзя, без чаго існаванне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы немагчымае. Ніякія законы цяпер у Беларусі ня дзейнічаюць.

У краіне паслядоўна знішчаюцца структуры бізнеса, культуры (Купалаўскі тэатр), спорту, падазраваныя ў нелаяльнасці да кіруючага рэжыму. То бок адбываецца самапазбаўленне дзяржавы ад сваіх функцый, застаюцца толькі тыя з іх, якія забяспечваюць захаванне ўлады. Дзяржаўныя інстытуты, закліканыя задавальняць патрэбы грамадства, на вачах пераарыентуюцца на самаабслугоўванне, абарону ўласных інтарэсаў ад прэтэнзій з боку грамадзтва. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.

14. Лукашэнка, які чвэрць стагодздзя быў гарантам стабільнасці, цяпер парадаксальным чынам стаў галоўным фактарам дэстабілізацыі беларускага грамадства. Прычым цяпер яму не важна, у якім вобразе ён увойдзе ў беларускую гісторыю. Прага ўлады і помсты ўсім, хто ёй пагражае, зацямніла ўсё. Дзеля ўтрымання ўлады ён гатовы пакінуць выпаленую зямлю, руіны.

15. Дасюль Лукашэнка праз голаў усіх дзяржаўных інстытутаў, наменклатуры апеліраваў да народа, на падставе народнай падтрымкі трымаўся ягоны рэжым аднаасобнай улады. Цяпер, калі грамадзкая падтрымка знікла, ён вымушаны абапірацца на дзяржаўны апарат. Гэта значыць, што роля, палітычная вага наменклатуры ўзрастае. Невыпадкова Лукашэнка нават дэманструе жаданне дзяліцца ўладай з чыноўнікамі.

16. Эвалюцыя рэжыму адбываецца ў кірунку мілітарызацыі. Сілавікі сталі дзяржаваўтваральным элементам лукашэнкаўскай сістэмы. І яны будуць прэтэндаваць на сваю долю ўлады.

17. Сто дзён краіна жыве ў стане грамадзянскай вайны. Гэтая вайна ўжо не халодная. Ёсць забітыя, сотні збітых і пакалечаных, каля 25 тысяч затрыманых. Такога ўзроўню палітычнага тэрору Беларусь не ведала з часоў нацыстскай акупацыі. Беларусь перажывае гуманітарную катастрофу.

18. Беларускае грамадства атрымала цяжкую псіхалагічную траўму. Мы маем траўміраваны соцыум. З посттраўматычным сіндромам яму давядзецца жыць бліжэйшыя гады.

19. Беларусь уступіла ў перыяд перманентнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які сілавым шляхам не вырашыцца. Для палітызаванага грамадства, якое прыйшло ў рух, напрыклад, любая электаральная кампанія нясе ў сабе пагрозу новага выбуху. Цяпер ужо праводзіць выбары ў краіне так, як раней, уладам не ўдасца. А наперадзе хутка мясцовыя выбары, запланаваны рэферэндум аб новай Канстытуцыі.

20. Вельмі цікавую і слушную ацэнку беларускай рэвалюцыі даў вядомы брытанскі палітолаг Эдвард Лукас: «Цяперашнія падзеі – гэта рух наўздагон. Вы даганяеце цягнік, які прапусцілі ў 1990-я. Гэта, так бы мовіць, апошняе рэха рэвалюцый 1989–1991 гадоў, якія пакончылі з камуністычнай уладай».


Няма запісаў для адлюстравання