Матушка Гаўрыіла як адвакатка д’ябла?

5518
Матушка Гаўрыіла як адвакатка д’ябла?
Фота з адкрытай крыніцы

Настаяцельніца гродзенскага жаночага манастыра Гаўрыіла зноў апынулася ў цэнтры скандалу. Відаць, публічная слава, як магніт металічныя апілкі, прыцягвае матушку, і замест малітваў у манастырскай келлі яна ўсё часцей пачала выходзіць на публіку. Многім запомнілася яе эмацыйнае выступленне на сталічным жаночым форуме ў падтрымку дзейнай ўлады, падчас якога Гаўрыіла абразліва выказалася пра беларускія нацыянальныя сімвалы і назвала масавыя народныя пратэсты “шествиями беснующихся”. Трэба адзначыць, што тады Беларуская праваслаўная царква афіцыйна адмежавалася ад слоў манахіні, а тая была вымушана прынесці публічныя прабачэнні.

І вось – чарговы выхад Гаўрыілы. Гэтым разам яна напякла тартоў і ўласнай персонай заявілася ва Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Выступаючы перад сілавікамі (дзеля такога візіту яны былі без масак і без дубінак), ігумення зноў праявіла дар красамоўства і найперш падзякавала ім за навядзенне парадку на вуліцах. Як паведаміла прэс-служба Гродзенскага УУС, Гаўрыіла “параіла сілавікам не баяцца, калі чуюць нейкія дакоры ў свой адрас, а яшчэ страшней – праклёны, бо яны не закрануць вас”.

Ні словам клапатлівая матушка не паспачувала тысячам збітых і пакалечаных.

Не ўспомніла Гаўрыіла і пра міласэрнасць, а гэтае слова было б вельмі дарэчы ў той установе з вуснаў Божай служкі.

Не працытавала ігумення хоць бы слова свайго непасрэднага начальніка мітрапаліта Веніяміна (жаночы манастыр у Гродне стаўрапігіяльны і не падпарадкоўваецца архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію). А новапрызначаны мітрапаліт сказаў: “Датычна той сітуацыі, у якой цяпер апынулася наша краіна, мы асуджаем кожны грэх і ўсялякае беззаконне, асуджаем гвалт, несправядлівасць, асуджаем ўсякую няпраўду”. І заклікаў змагацца супраць гвалту і за праўду справамі евангельскімі.

Відаць, “справай евангельскай” манахіня лічыць выпечку тартоў, на якіх выпісаныя прыгожымі вензелямі красаваліся надпісы “Спасибо ОМОНу за мир, порядок и патриотизм”, “Благословим наших милиционеров”. Відаць, для Гаўрыілы пасланне мітрапаліта – не ўказ, і яна падсалоджвае службу амапаўцам, якія працягваюць чыніць гвалт і здзек з мірных грамадзян. І крывадушна (па сутнасці хлусліва) абяцае сваім падапечным засцярогу ад народных праклёнаў.

То каму яна служыць – Богу ці таму, хто з’яўляецца бацькам хлусні? У Евангеллі ад Мацвея гаворыцца: “Сцеражыцеся ілжывых прарокаў, якія падыходзяць да вас у авечай вопратцы, нутро ж у іх – ваўкоў драпежных… Адступіцеся ад Мяне, спраўцы беззаконня”. Ці не пра такіх, як Гаўрыіла, гэтыя апостальскія словы?

Кажуць, што ў прысланай у Гродна з Расіі ігуменні Гаўрыілы “моцныя плечы” на патрыяршым падворку ў Маскве, таму яна так бязбоязна паводзіць сябе. Так гэта ці не так – пэўнасці ў мяне няма. Для мяне, як праваслаўнага хрысціяніна, пэўна адно – ігумення-палітык сваімі выступленнямі і публічнымі паводзінамі дыскрэдытуе Беларускую праваслаўную царкву, адварочвае ад яе шматлікіх вернікаў. Дзіўна, чаму БПЦ лічыць дастатковым толькі “адмежавацца” ад выказванняў Гаўрыілы, якой больш падышоў бы манастыр дзе-небудзь пад Тамбовам ці Краснаярскам…

Георгій МАРЦІНОЎСКІ, мінчанін.

Публікацыя з 91 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання