Гамяльчаніна судзяць за замену сцяга на плошчы Леніна

147
На цэнтральным флагштоку сцяг быў заменены на бел-чырвона-белы

У Цэнтральным судзе Гомеля 17 лістапада пачаўся суд над Георгіем Васіленкам за злоснае хуліганства – паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.

16 жніўня падчас масавай акцыі пратэсту Георгій разам з іншымі гараджанамі зняў з мачты на плошчы Леніна чырвона-зялёны афіцыйны сцяг і замяніў яго на бел-чырвона-белы.

Следства кваліфікавала гэта як злоснае хуліганства, выключны цынізм, непавагу да грамадства, супрацьпастаўленне сваёй асобы дзяржаве – усё, як запісана ў адпаведным крымінальным артыкуле.

Абвінавачаны 26-гадовы гамяльчанін віну прызнаў часткова, патлумачыў суду, што ў той дзень у горадзе “вакол былі бел-чырвона-белыя сцягі, ва ўсіх людзей і ў яго таксама быў унутраны эмацыйны пад’ём”. З гэтай прычыны Васіленка з групай невядомых яму мінакоў і замяніў афіцыйны сцяг на нацыянальна гістарычны, які ў 1991–1995 гадах быў дзяржаўным сцягам незалежнай Беларусі.

Загадчыца сектара аддзела ідэалогіі, культуры і па працы з моладдзю Гомельскага гарвыканкама Алена Баркова як сведка апавяла ў судзе, што чырвона-зялёны сцяг з’яўляецца дзяржаўным сімвалам, выкарыстанне яго і прызначэнне рэгулюецца адпаведным законам. Замена сцяга на іншы абразіла яе асабістыя пачуцці і шмат каго іншага, бо ёй “тэлефанавалі людзі, у якіх гэта выклікала крайне негатыўную рэакцыю”.

Замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы бачылі міліцыянеры – яны ў гэты час нібыта знаходзіліся ў парку па-за агароджай, але на загад сваіх кіраўнікоў не ўмешваліся, каб “не накаляць абстаноўку”. Прынамсі, так сведчыў адзін з міліцыянераў, які дзяжурыў у тую жнівеньскую нядзелю каля цэнтральнай плошчы.

Замена афіцыйнага дзяржаўнага сцяга на нацыянальна гістарычны адбылася на трохмачтавым флакштоку на плошчы Леніна, дзе апроч чырвона-зялёнага, вывешаны сцягі горада і вобласці.

Суд у дачыненні Георгія Васіленкі працягнецца на будучым тыдні.


Няма запісаў для адлюстравання