БАЖ атрымала першую канадска-брытанскую прэмію За свабоду СМІ

60
Журналісты
Фота https://novychas.by

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) атрымала прэстыжную ўзнагароду ўрадаў Канады і Вялікабрытаніі – першую прэмію За свабоду СМІ (first Media Freedom Award). Пра гэта было абвешчана на Глабальнай канферэнцыі Media Freedom 2020.

«Пераможца гэтага года, Беларуская асацыяцыя журналістаў, была выдзелена за прыхільнасць журналісцкай этыцы, а таксама за адданасць прынцыпам і за ўпартасць і самаахвяраванне ў час узрослага накіраванага ціску на СМІ ў Беларусі» — цытуе БАЖ паведамленні брытанскага МЗС.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адзначыў, што за тры месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў было зафіксавана больш за 400 выпадкаў грубых парушэнняў правоў журналістаў, журналісты сутыкнуліся з гвалтам, пераследамі, збіццём, канфіскацыяй тэхнікі, арыштамі і несправядлівымі рашэннямі судоў, трое журналістаў атрымалі раненні.

«Я лічу, што гэтая ўзнагарода адлюстроўвае вашу высокую ацэнку працы журналістаў у Беларусі, асабліва ва ўмовах бягучага крызісу з правамі чалавека ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў», — заявіў Бастунец.

«Улады ціснуць на нас? Але ціснуць можна толькі на тое, што аказвае супраціў… Я вельмі паважаю ўсіх тых, хто працуе “ў полі”, нягледзячы на ўсе рызыкі і пагрозы. Тых, хто працуе ў рэдакцыях. Тых, хто адмовіўся памнажаць хлусню і пакінуў прапагандысцкія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Тых, хто салідарны са сваімі калегамі і дапамагае ім словам і справай. Усіх, хто спрыяе распаўсюду інфармацыі пра палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі, як унутры краіны, так і далёка па-за яе межамі. А не застаецца “закаркаванай” у душнай медыяпрасторы, якой яе спрабуюць зрабіць “людзі ў чорным”», — сказаў кіраўнік арганізацыі.


Няма запісаў для адлюстравання