Гомель пасля нядзельнага маршу: суткі, штрафы, папярэджанні

161

У Гомелі асудзілі паўтара дзясятка гараджан, якія ў мінулую нядзелю, 15 лістапада, выйшлі ў цэнтр горада пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Міліцыянеры ў спецамуніцыі жорстка затрымалі гараджан на вуліцы Савецкай блізу цырка. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а некаторых яшчэ і ў непадпарадкаванні міліцыі, і да суда змясцілі ў ізалятар.

Як паведаміла валанцёрка Алена Тоцкая, суд над прэвентыўна затрыманымі гамяльчанамі праходзіў у Чыгуначным райаддзеле міліцыі.

Суддзя суда Чыгуначнага раёна Хлышчанкоў пакараў Яўгена Цэглянкова 10 суткамі арышту. Столькі ж сутак арышту адмераў суддзя Мальцаў гамяльчаніну Яўгену Пракапенку. Штрафы ў 10 базавых велічынь (270 рублёў) атрымалі Алена Засядацелева, Ягор Рачкоўскі, Алена Цімашэнка. На 135 рублёў аштрафавана Алена Марозава. Яшчэ траіх гараджан пенсійнага ўзросту – Тамару Зайцаву, Ірыну Сабалевіч, Наталлю Рычкову – папярэдзілі.

Суд Савецкага раёна пагадзіўся з пратаколам міліцыі пра ўдзел у недазволеным маршы валанцёра Іллі Міронава. Ён адпраўлены назад у ізалятар на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На 270 рублёў аштрафавана Алена Шамрова.

У судзе Цэнтральнага раёна валанцёры чакалі, калі прывязуць афіцера, былога міліцыянера Уладзіміра Няпомняшчых. Аднак да канца працоўнага так і не прывезлі ў суд затрыманага актывіста, якога 15 лістапада схапілі на лаўцы каля цырку, дзе ён сядзеў і чытаў кнігу.


Няма запісаў для адлюстравання