Біскуп Касабуцкі: Паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху перад народам

1048
Біскуп Юры Касабуцкі
Біскуп Юры Касабуцкі

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі выказаўся з нагоды гвалтоўнага разгрому мемарыяла Бандарэнку і масавых арыштаў, піша Свабода.

«Дарагія сябры! Мы ўсе добра ведаем і бачым, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі.

Гвалт, катаванні, зневажанне чалавечай годнасці, агрэсія з боку дзяржаўных сілавых структур у адносінах да мірных грамадзян нашай краіны.

Сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народу.

Разбурэнне народнага мемарыяла, які паўстаў на месцы брутальнага захопу Рамана Бандарэнкі, быў чарговай спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзей.

Арышт шматлікіх мірных грамадзян павінен запалохаць іншых людзей.

Аднак усе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас. Заахвочваю маліцца за наш народ аб умацаванні духу, адвазе і смеласці ў гэтых выпрабаваннях. Таксама не забываць далучаць да малітвы інтэнцыю аб навяртанні для тых, чые рукі запэцканыя крывёю людскою…

Няхай Бог дасць нам патрэбныя ласкі, каб народ наш дастойна прайшоў праз гэтае выпрабаванне. Хрыстос ніколі не пакіне нас. Гэтая надзея няхай пранікае ў нашыя сэрцы», — напісаў Юрый Касабуцкі ў фэйсбуку.

Наконт паводзін сілавікоў выказаўся і прадстаўнік Праваслаўнай царквы Сяргей Лепін.

«Не разумею, навошта гэты здзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае патаптанне знічоў і абразкоў, барацьба з імправізаваным мемарыялам у двары яго дома, уздоўж дарог?.. У чым сэнс? Не ўзгоднена, так? А вось такія паводзіны і стаўленне – яны ўзгодненыя? З кім?»напісаў святар у фэйсбуку.

У мінскім двары ў раёне вуліцы Чарвякова, які ў народзе назвалі «плошчай Перамен», пасля разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі і затрымання  людзей камунальнікі разабралі народны мемарыял.

Кветкі вынеслі ў грузавік. Да іх прыезду сілавікі збівалі знічы нагамі, зрывалі плакаты і сцягі.


Няма запісаў для адлюстравання