Эстонія прапануе ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі ў сувязі са смерцю Бандарэнкі

295
Урмас Рэйнсалу
Урмас Рэйнсалу

Эстонія прапанавала ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйных асоб Беларусі ў сувязі з гібеллю Рамана Бандарэнкі, паведаміла ў пятніцу прэс-служба МЗС краіны. Пра гэта піша “Радыё Свабода”.

«Эстонія плануе пры супрацоўніцтве з шэрагам іншых дзяржаў прадставіць на ўзроўні Еўрапейскага саюза прапанову аб увядзенні дадатковых санкцый у дачыненні да афіцыйных асоб Беларусі. Забойства Бандарэнкі з’яўляецца жахлівым злачынствам, і на гэта павінны з’явіцца новыя санкцыі», – заявіў міністр замежных спраў Урмас Рэйнсалу.

Кіраўнік МЗС выказаў глыбокае спачуванне сям’і і блізкім Бандарэнкі.

«Нашыя думкі цяпер з народам Беларусі, глыбока закранутым гэтай падзеяй. Падобныя выпадкі не могуць заставацца без пакарання, і вінаватых неабходна прыцягнуць да адказнасці», – лічыць Рэйнсалу.

Сцісла. Што здарылася

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасля вербальнага канфлікту з мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22.16 некалькі чалавек забралі і звезлі на мікрааўтобусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Мінска.
  • У 0.05 Раман Бандарэнка паступіў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле слоў дактароў, ён быў у затарможаным стане, але ў аперацыйную яго ўжо прывезлі ў коме. Аперацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Мінгарвыканкама сцвярджае, што міліцыя з’явілася на месцы ўжо пасля здарэння. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі «хуткую».

Няма запісаў для адлюстравання