Сяргей Астрэйка пойдзе на павышэнне?

3469
Сяргей Астрэйка
Сяргей Астрэйка

Да гэтага часу не прызначаны намеснік міністра ўнутраных спраў – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. Раней гэтую пасаду займаў генерал Аляксандр Барсукоў, але два тыдні таму ён стаў памочнікам А.Лукашэнкі па Мінску. 

Цяпер у міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ўжо ёсць тры намеснікі: першы намеснік – начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка (адказвае за пытанні ідэалогіі, кадры і тыл) і намеснік міністра – камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка. Не выключана, што ў бліжэйшы час некаторых намеснікаў Кубракоў можа замяніць – як правіла, кожны новы міністр стараецца сфарміраваць сваю каманду. Мяркуецца, што з цяперашніх намеснікаў сваё крэсла можа захаваць толькі Назаранка – наўрад ці ў цяперашні няпросты момант Лукашэнка санкцыянуе замену камандуючага ўнутранымі войскамі. А вось Генадзя Казакевіча народная гаворка ўжо больш за месяц таму адправіла ў Следчы камітэт – зменшчыкам Івана Наскевіча. Калі чуткі пацвердзяцца, Казакевічу, мабыць, разам з новай пасадай дадуць і генеральскія пагоны, цяпер ён адзіны намеснік міністра – палкоўнік.

У міліцэйскім асяроддзі сёння абмяркоўваюць некалькі кандыдатур, якія могуць заняць месца начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Адным з верагодных прэтэндэнтаў называюць генерала Аляксандра Астрэйку, які ўжо тры гады ўзначальвае УУС Брэсцкага аблвыканкама. Яму 49 гадоў. З адзнакай скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, міліцэйскую кар’еру пачынаў з участковага. Генеральскія пагоны Астрэйка атрымаў крыху больш за два гады таму.

Паводле яшчэ адной версіі, намеснікам Кубракова можа стаць начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк. Праўда, яго ўжо не ўпершыню сватаюць на пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў, але пакуль гэтыя прагнозы застаюцца толькі прагнозамі.

Публікацыя з 90 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання