Невядомыя ў масках забралі доктара-анэстэзіёлага проста з працы

469
Дзмітрый Каўко
Фота https://nashaniva.by

Дзмітрый Каўко — анэстэзіёлаг, які працуе ў клініцы «Новы зрок» і РНПЦ дзіцячай хірургіі. Раніцай 12 лістапада людзі ў масках прыйшлі па яго проста ў афтальмалагічную клініку. Калегам не патлумачылі, чаму забіраюць доктара, распавядае Наша Ніва.

«Яго забралі проста з працы людзі ў цывільным і масках, адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, — распавяла «Нашай Ніве» сястра Дзмітрыя. — Потым прывезлі дадому, ён узяў заплечнік з рэчамі, і зноў павезлі ў Савецкае РУУС».

Дзмітрый Каўко
Фота https://nashaniva.by

Па словах сястры, цяпер Каўко знаходзіцца на Акрэсціна. Яго вінавацяць па артыкуле 23.34, на днях будзе суд. Што ставяць у віну Дзмітрыю, яго сястра не ведае.

Раней у доме доктара ўжо праходзіў ператрус.

«Мы разам жывем у прыватным доме. І ў нашым доме быў ператрус яшчэ 1 кастрычніка.

Ад самай раніцы да нас прыйшлі. Дзмітрый быў на працы, але яго тады не затрымлівалі, нічога такога. Забралі тады турыстычны інвентар. Дзмітрый ходзіць у паходы, ён нават удзельнічаў у беларускай экспедыцыі ў Антарктыду ў 2017-2018 гадах. Падчас ператрусу канфіскавалі бел-чырвона-белы сцяг, які там пабываў, — распавядае сястра Каўко. — Забралі турыстычную сякеру, пілу, дэкаратыўную шаблю. Таксама тэхніку: камп’ютары, тэлефоны.

І пасля ператрусу — цішыня.

Дзмітрый Каўко
Дзмітрый Каўко

Што там за крымінальная справа, мы так і не зразумелі. Перад ператрусам нам паказвалі пастанову пра крымінальную справу, але вельмі хутка. Што гэта за справа, я не змагла прачытаць.

Калі Дзмітрый вярнуўся з працы, яго ніхто нікуды не выклікаў. У якім ён статусе, таксама было незразумела. Дзмітрый у выніку сам неяк знайшоў нумар следчага, званіў, каб высветліць, што гэта было — але так і не мог дазваніцца.

Спрабаваў вярнуць канфіскаваныя рэчы — таксама безвынікова. Адказалі, што з РУУС усё перададзена ў СК.

Ён напісаў ліст у СК пра рэчы тыдні паўтары таму — адказ яшчэ не прыйшоў».


Няма запісаў для адлюстравання