Куды зніклі вядучыя футбалісты зборнай Беларусі?

951
Куды зніклі вядучыя футбалісты зборнай Беларусі?
Фота з адкрытай крыніцы

Падчас апошняй таварыскай гульні нацыянальных каманд Румыніі і Беларусі балельшчыкі не ўбачылі ў складзе беларускай зборнай такіх топавых ігракоў, як Аляксандр Мартыновіч, Павел Няхайчык, Станіслаў Драгун. У многіх з’явілася лагічнае пытанне: чаму яны адсутнічалі? Можа, іх адмыслова “адчапілі” ад каманды? Бо вядома ж, што гэтыя футбалісты ў свой час выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне.

Зрэшты, яшчэ перад гульнёй галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Мархель патлумачыў адсутнасць у камандзе вышэйзгаданых ігракоў тым, што яны самі вырашылі спыніць выступленне за зборную.

“Гэтыя футбалісты – паважаныя людзі, яны вельмі шмат зрабілі для зборнай, – сказаў трэнер. – Напэўна, усё добра ўзважылі і прынялі рашэнне. Нейкага непаразумення паміж намі няма. Я ўпэўнены, што мы павінны былі пайсці хлопцам насустрач. Хоць нам іх, безумоўна, будзе моцна не хапаць.

Ці ёсць сэнс прымушаць людзей гуляць? З якім настроем яны прыедуць? Гуляць за зборную “з-пад палкі” – гэта няправільна. Усё роўна сыход ветэранаў у зборнай рана ці позна здарыўся б.

Хлопцы вырашылі, што час настаў. Не варта шукаць нейкія падводныя плыні – так склалася”.

Вядомы футбольны агент Валерый Ісаеў так адрэагаваў на словы Мархеля: “Трэба аддаць належнае Вяргейчыку (Юрый Вяргейчык – намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола. – Аўт.). Так угадаць з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай атрымліваецца не ў кожнай федэрацыі. Акрамя кіраўніцтва федэрацыі, сёння ўсім пляваць на вынік зборнай (і зверху, і знізу). Інакш за паражэнне ад “ніякай” Грузіі ўжо даўно пагналі б і трэнера разам са штабам, і самага паспяховага футбольнага менеджара краіны.

Аўтарытэт, вопыт, поспех, прафесіяналізм, адданасць футболу, сумленнасць, павага і адстойванне інтарэсаў кожнага футбаліста – якасці галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай. І не трэба нічога мяняць зараз, усе на сваіх месцах”.

Дарэчы, раней беларускі форвард маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын адмовіўся гуляць за нацыянальную зборную “да таго часу, пакуль дзейнічае рэжым Лукашэнкі”. Ілля нічога не хаваў і сказаў пра сваю пазіцыю адкрытым тэкстам.

Публікацыя з 90 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання