Каму падносіць снарады Ігар Марзалюк?

7791
Ігар Марзалюк
Фота https://www.sb.by

Успамін з дзяцінства: на трансфарматарнай будцы намаляваны зігзаг маланкі і надпіс кідкімі літарамі “Не залазь! Заб’е!”. І мы, школьнікі, стараліся абысці тую сяк-так абгароджаную будку, што пагрозліва гудзела, бокам. Хоць і даймала цікавасць: няўжо там, за іржавымі дзверкамі, і сапраўды хаваецца маланка?

Калі б сёння я дзе-небудзь выпадкова знайшоў тыя дзверкі з зігзагам-надпісам, то ўрачыста прынёс бы іх у кватэру, уключыў бы БТ-ОНТ-СТВ (любы з гэтых каналаў), паклікаў бы сына-школьніка і пачапіў знаходку на тэлевізар. Бо тое, што апошнім часам паказваецца па дзяржаўным тэлебачанні, глядзець проста небяспечна, асабліва падлеткам з яшчэ несфарміраваным светапоглядам. Выпускі навін ператварыліся ў прапагандысцкія агрэсіўныя пропаведзі, палітычныя ток-шоу – у зомбапрадукт, ад якога цягне на ваніты. З тэлескрынак на гледачоў выплюхваюцца проста ніягары хлусні, якая ўжо і не маскіруецца пад праўду.

Асабліва прыцэльна трохствольная прапагандысцкая гаўбіца стала біць па нацыянальна-гістарычнай сімволіцы, якая вось ужо тры месяцы лунае над пратэстнымі маршамі. Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” абвяшчаюцца “фашысцкімі” і дэманструюцца з экрана абавязкова ў камплекце з партрэтам фюрара і свастыкай. Трапіла пад абстрэл і песня “Магутны Божа”, якую, калі паслухаць БТ-ОНТ-СТВ, напісала жонка гітлераўскага генерала (можа, сама фрау Аніта Кубэ?).

Тыя самыя снарады з той самай гаўбіцы паляцелі ў чарговую цэль – лозунг “Жыве Беларусь!”, які за тры апошнія месяцы стаў без перабольшвання ўсенародным: яго можна пачуць з вуснаў студэнтаў і спартсмена, рабочых і прадпрымальнікаў, пенсіянераў і медработнікаў. І вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, выступаючы нядаўна па СТБ, так захапіўся выкрыццём лозунга, што параўнаў яго з… фашысцкім вітаннем “Зіг хайль!”. І тут жа натхнёна “зігануў” (выкінуў руку перад сабой) проста ў тэлестудыі. Ды так вымуштравана, як быццам тры дні трэніраваўся перад партрэтам вусатага фюрара.

Каб не быць галаслоўным, працытую Марзалюка: “Мы адкрываем статут Саюза беларускай моладзі і бачым, што, калі вы ніжэйшы па статусе, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: “Жыве Беларусь!”, прычым выкідваеце руку – зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік лаканічна адказвае: “Жыве!”. Такое прывітанне, як калька “Зіг хайль!”, стала кананічным у часы нямецка-фашысцкай акупацыі БССР”.

Гэта не проста бязглуздзіца, а бязглуздзіца з хрэнам. Пра такое ў народзе здаўна гаварылася: з варанага яйка кураня вылупілася. І “вылупіў” тое “кураня” перад мільённай аўдыторыяй цэлы доктар гістарычных навук і нават член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук!

Якія тут можна прывесці аргументы супраць? Хіба што анекдот прыгадаць пра аднаго падазрона маладога ветэрана. Прыйшоў ён у школу выступаць, а вучні недаверліва пытаюцца: “Колькі ж вам гадкоў было на фронце?” – “Ды дванаццаць усяго”. – “І чым вы займаліся?” – “Снарады артылерыстам падаваў”. – “А што яны гаварылі?” – “Данке шон, карошы кіндар”…

Вось такім “сынам палка” выглядаў і Ігар Марзалюк, калі з малазразумелым імпэтам падносіў свой прапагандысцкі снарад пад тэлегаўбіцу СТВ. Паколькі тэлегаўбіца тая б’е сёння прамой наводкай па сваім жа народзе.

Бо лозунг “Жыве Беларусь!”, з якога боку ні зірні, сапраўды народны. І не толькі таму, што ён – голас шматтысячных народных шэсцяў. І не толькі таму, што першы народны паэт Янка Купала па-майстэрску ўплятаў яго ў свае вершы. І не толькі таму, што пад тым жа лозунгам праходзіў (яшчэ ў 1917 годзе) Першы Усебеларускі кангрэс, ад якога, дарэчы, той жа Марзалюк адносна нядаўна перакідаў масток пераемнасці да сучасных усебеларускіх сходаў….

Народны гэты лозунг яшчэ і таму, што пад ім беларускі народ змагаўся з фашысцкімі захопнікамі. Не “зігаваў”, як тое прытрызнілася Марзалюку, а – змагаўся. Калі б “падносчык снарадаў” з дэпутацкім значком на грудзях узяў у рукі кнігу “Песні савецкага часу”, выдадзеную ў 1979 годзе ў аўтарытэтнай серыі “Беларуская народная творчасць” (выдавала Акадэмія навук), то знайшоў бы там песню віцебскіх партызан. Вось як гучаў прыпеў у той песні: “На прускага ката! / За вёску і хату! – / Кліч помсты народнай заве. / Ідуць у атаку / лясныя салдаты, / грукочуць гранаты, / крычаць аўтаматы: / Жыве Беларусь! Жыве!”

Вось як “віталіся” з акупантамі беларусы пад гэтак нямілым Марзалюку лозунгам. Хай бы ён, дзеля аб’ектыўнасці, праспяваў гэтую песню ў эфіры СТБ замест ніколі ім не чутых прывітанняў сяброў СБМ пад іхнія ж “зігаванні”.

Але – добрая слава ляжыць, а ліхая ў свет бяжыць. Гэтымі днямі ў судзе Ленінскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная (!) справа дваццацігадовай Марыі Сафонавай, якая легкадумна не прыслухалася да Марзалюка і напісала “Жыве Беларусь!” на асфальце перад сваім домам. Яе затрымалі і склалі пратакол “за абразу і цынічныя адносіны да акружаючых”. Адвакатка была вымушана звярнуцца да экспертаў з Акадэміі навук з гэткімі пытаннямі: “Ці мае фраза “Жыве Беларусь” цынічны змест? Ці ўтрымлівае элементы абразы? Ці зневажае традыцыйныя маральныя каштоўнасці?”

І эксперты адзінагалосна адказалі: не. Не мае, не ўтрымлівае, не зневажае.

Калі Ігар Марзалюк не згодны з Акадэміяй навук, то самы час пакласці на стол пасведчанне члена-карэспандэнта.

Прафесійную ацэнку хай дадуць яму калегі-гісторыкі. У маіх жа вачах гэты амбіцыйны запабягач перад уладай даўно страціў павагу, яшчэ ў той час, калі апантана “ваяваў” з Кастусём Каліноўскім і абвяшчаў яго “польскім мяцежнікам”. Сёння ён ізноў, наслімачыўшы палец, падымае яго ўгару і спрабуе вызначыць, куды дзьме ідэалагічны вецер у краіне. І нецярпліва чакае каманды, каб запусціць чарговы снарад хлусні ў свой жа народ, у сваю ж гісторыю.

Публікацыя з 90 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання