Як спустошваюць малы бізнес і не толькі…

101
Як спустошваюць малы бізнес і не толькі...
Фота https://www.google.by

Больш за дзясятак прыватных крам і кавярань у Гродне не працуюць пасля таго, як 26 кастрычніка падтрымалі агульнанацыянальны страйк. Дзейнасць некаторых з іх на пэўны перыяд прыпынена правяраючымі службамі, а некаторых наогул спынена – выдадзены прадпісанні, вызначаны тэрміны. 

За тры дні тры праверкі

Цяпер звычайная справа, калі на дзвярах кавярань або прыватных крам у цэнтры Гродна вісяць абвесткі, што ўстанова не працуе на працягу месяца альбо трох у сувязі з прадпісаннем пэўнай правяраючай структуры.

Уласнік крамы нацыянальных сувеніраў “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч распавёў, што праблемы пачаліся адразу пасля 26 кастрычніка, абвешчанага Святланай Ціханоўскай як пачатак агульнанацыянальнага страйку. За тры дні ў яго краме розныя кантралюючыя службы правялі аж тры пазапланавыя праверкі.

Першымі, як распавядае Несцяровіч, “намаляваліся” аж чатыры правяраючыя з ведамства па антыманапольным рэгуляванні. У іх было прадпісанне, яны выявілі фармальныя парушэнні і далі час на тое, каб іх выправіць. З гэтым Несцяровіч управіўся хутка.

Аднак ужо на наступны дзень прыйшлі правяраючыя з інспекцыі МНС. Яны не паказалі ніякага прадпісання, аднак праверку правялі і выявілі адсутнасць вогнетушыцеляў, а таксама тое, што ніхто з супрацоўнікаў крамы не меў пасведчання аб праходжанні інструктажу па пажарна-тэхнічным мінімуме. Быў складзены адміністрацыйны пратакол, пазней прызначаны штраф у 10 базавых велічынь.

“У прынцыпе, парушэнні такога кшталту можна знайсці ў любой установе, – кажа Несцяровіч. – Але тут выснова, адкуль узяліся гэтыя пазапланавыя праверкі, напрошваецца сама сабой. І зусім не зразумела, што будзе далей”.

Гэтыя падзеі былі даволі непрыемныя, прызнаецца гаспадар крамы, але каб яны наогул выбілі з раўнавагі, то, маўляў, такога не адбылося.

“Мы не для таго пяць гадоў барахталіся і выжывалі, каб у адзін дзень спалохацца і апусціць рукі, – упэўнена кажа Несцяровіч. – Тое, што створана нашымі рукамі, нашай творчасцю, мы будзем працягваць рабіць, пакуль у нас ёсць гэтыя рукі і творчасць”.

За пяць гадоў існавання крама нацыянальных сувеніраў не прынесла шмат грошай, заўважае Андрэй, а з пачаткам пандэміі пытанне, як яе ўтрымліваць, паўстала больш востра.

“Каб існаваць, нам неабходна ў месяц зарабляць прыкладна 9 тысяч рублёў, – канстатуе гаспадар крамы. – А мы за апошнія тры месяцы зарабілі прыкладна 11 тысяч”.

А таму крама, кажа Несцяровіч, хутчэй застаецца ідэйнай пляцоўкай, а не бізнес-праектам. 

«Мы ўжо не адновімся»

Крама “Бэбі-Бук” па продажы дзіцячых кніжак арандавала памяшканне ў будынку гандлёвага дома “Нёман”. Праверка з Дзяржстандарту, як распавядае яе ўласніца Святлана Булкіна, звалілася раптоўна. Прычым увечары, амаль перад закрыццём крамы. Аказалася, што на некаторыя дзіцячыя кніжкі не было неабходных сертыфікатаў альбо калі і былі, то пратэрмінаваныя.

Напачатку далі тэрмін да аўторка, каб выправіць сітуацыю, але ўжо назаўтра патэлефанавалі з Дзяржстандарту і запатрабавалі, каб неабходныя ёдакументы да вечара былі ў іх.

“Увечары я ўжо падпісала акт, і мне далі прадпісанне: выправіць недахопы на працягу трох месяцаў, – кажа Святлана. – З падобным мы сутыкнуліся за пяць гадоў існавання ўпершыню”.

Гаспадыня крамы не аспрэчвае рашэнне правяраючых органаў, але заўважае, што праблему сертыфікатаў узвалілі на плечы тых, хто рэалізоўвае прадукцыю, хаця, па логіцы, гэтым павінны займацца тыя, хто яе выпускае.

Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Краме адразу адмовілі ў арэндзе, спаслаўшыся на тое, што шафы, у якіх раскладзены кнігі, не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі.

Цяпер, уздыхае Святлана, у яе і яе работніцы не вельмі добры настрой, бо краму давялося закрыць.

“У мяне ўжо няма надзеі, што нам удасца аднавіць працу. Яшчэ былі спадзяванні, што, магчыма, нешта перад святамі заробім, а зараз зразумела: гэтага не будзе. Практычна мой бізнес знішчаны…” 

«Я не шкадую, што падтрымала агульнанацыянальную забастоўку»

Аксана, гаспадыня кветкавай крамы “Батаніка”, што на вуліцы Ажэшкі, з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і працуе адна, без наёмных работнікаў. Да яе прыйшлі аж чатыры правяраючыя са службы антыманапольнага рэгулявання. Праверку (зразумела, пазапланавую) расцягнулі на два дні.

“У мяне адсутнічаў бэджык, у кутку пакупніка не было асартыментнага пераліку тавараў, і на раслінах, якія былі ў гаршках, адсутнічала інструкцыя па іх прымяненні. А яшчэ цэннікі на кветках былі нестандартныя”, – пералічыла жанчына выяўленыя парушэнні.

Спачатку правяраючыя запэўнілі, што заўтра выдадуць прадпісанне для выпраўлення памылак, але на наступны дзень прынеслі распараджэнне: з 31 кастрычніка гандлёвы аб’ект мусіць спыніць дзейнасць.

26 кастрычніка Аксана свядома не працавала – падтрымлівала агульнанацыянальную забастоўку, інфармацыю пра гэта давяла да кліентаў праз сацсеткі.

“Але я ні аб чым не шкадую, – кажа жанчына. – Я салідарна з нашым народам. І хоць мой унёсак – гэта толькі пясчынка, многія людзі гэта ацанілі”.

Аксана распавядае, што на наступны дзень прыйшла яшчэ праверка з МНС, але яна паказала ім пастанову антыманапольнага ведамства, і правяраючыя, расхваляваўшыся, сышлі.

Што будзе далей і чым стане займацца, Аксана пакуль не ведае.

Акрамя дробных прыватных крам і кавярань паводле прадпісання правяраючых службаў спынілі працу і цэлыя гандлёвыя сеткі кшталту Megatop i Oz. Прычым па ўсёй Беларусі.

Публікацыя з 90 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання