Як адрэагуе Францішак на заклік беларусаў?

816
Францішак

Можна прачытаць, што беларусы, якія жывуць у Італіі, заклікалі рымскага біскупа Францішка сустрэцца са Святланай Ціханоўскай.

У маёй маладосці быў такі выраз — тэст на вашывасць, г. зн. тэкст на шчырасць, праўдзівасць учынкаў і слоў. Не прайшоў тэст — “вашывы”.

Менавіта такім тэстам з’яўляецца заклік італьянскіх беларусаў. Словы пантыфіка пра тое, што ён любіць Беларусь, што моліцца за Беларусь, — усяго толькі словы. Трэба мець на ўвазе, што Хорхе Бэргольё папуліст. А што ён папуліст, сведчаць, напрыклад, ягоныя словы ў Балоньі: “Бачу Хрыста ў кожным мігранце”.

Італьянскія беларусы прапанавалі Францішку не словы казаць, а здзейніць нешта большае — учынак.

Асмелюся ўзяць на сябе ролю прадказальніка. Заклік італьянскіх беларусаў у рымскай курыі пастараюцца не пачуць. Хорхе Бергольё някепска пачуваўся ў час вайсковай дыктатуры ў роднай Аргенціне. Сваімі заклікамі да міру і дыялогу ён добранька дапамог Нікаласу Мадуру ў Венесуэле. Нехта скажа: заклікаць да міру і дыялогу — абавязак святара. Не спрачаюся, але задам пытанне: да якога міру і міру з кім і з чым? Заклікаў жа Францішак свайго часу да міру ва Украіне, так заклікаў, што ватыканскай дыпламатыі давялося доўга тлумачыць, што насамрэч Папа меў на ўвазе.

Адзін учынак Францішак ужо здзейсніў: прыслаў у Мінск свайго нунцыя. Значыць, прызнаў Лукашэнку легітымным прэзідэнтам. Прыняць пасля гэтага Ціханоўскую было б для яго звышучынкам. А што на звышучынак рымскі біскуп няздольны, паказвае хоць бы тое, што ён і мітрапаліту-выгнанцу Тадэвушу Кандрусевічу ён не даў прыватную аўдыенцыю.

Анатоль Сідарэвіч, грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Публікацыя з 90 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання