Чаму бастуе школьная настаўніца?

311
Аляксандра БОГУШ
Аляксандра БОГУШ

Настаўніца англійскай мовы Аляксандра Богуш з санаторна-курортнай школы ў Азёрах Гродзенскага раёна далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі. Яна распавяла “Народнай Волі” аб тым, што стала прычынай такога рашэння, чаго ёй каштавала прыняць яго і што думае рабіць далей.

«Нельга думаць, што ты адзін і ад цябе нічога не залежыць»

Англійскую мову Аляксандра выкладае чацвёрты год. У яе сям’я: муж і двое дзетак дашкольнага ўзросту.

Яна робіць уражанне вельмі спакойнага чалавека, і, напэўна, па знешнім выглядзе цяжка зразумець, што творыцца ў яе душы. Гаворка ціхая, узважаная, без асаблівых эмоцый.

Аляксандра распавядае, што доўга шукала спосаб нешта зрабіць, бо не можа пагадзіцца з насіллем і беззаконнем, якія адбываюцца зараз у краіне. Тыя катаванні, якія цярпяць затрыманыя пратэстоўцы, не могуць тлумачыцца правапарушэннямі, нібыта за якія так абыходзяцца з людзьмі.

“Як жыць у такім грамадстве? – задаецца пытаннем настаўніца. – Нам навязваюць агрэсію, якой не павінна быць наогул у нашай краіне. Ты едзеш на працу, а ў цябе стаіць ком у горле, і ты разумееш, што нічога не можаш зрабіць”.

Жанчына ўпэўнена: нельга думаць, нібыта ты адзін і ад цябе нічога не залежыць. Але, прызнаецца, сама да разумення гэтага ішла даволі доўга. Яна размясціла ў інтэрнэце відэазапіс, у якім патлумачыла, што далучаецца да забастоўкі, таму што катэгарычна супраць насілля над мірнымі грамадзянамі, выступае за спыненне пераследу па палітычных матывах, за непрызнанне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў, за адстаўку Лукашэнкі.

“Я зрабіла гэты відэазапіс найперш для таго, каб падтрымаць тых, хто бастуе, – кажа Аляксандра. – І я спрабую данесці да людзей думку, што грамадства больш не можа функцыянаваць, як звычайна. Каго ні запытай – усе супраць насілля, але ўсе ходзяць на працу…”

«Я разумею сваю адказнасць»

Аляксандра разумее сваю асабістую адказнасць за тое, што яна, настаўніца, спыніла працу сярод навучальнага года, пакінула сваіх вучняў:

“Я ўпэўнена, што зараз зрабіла нашмат болей, чым магла зрабіць на сваім працоўным месцы. І веру, што хутка мы з вучнямі зможам дагнаць тое, што прапушчана”.

Зараз яна прыходзіць, як звычайна, у школу і пасля званка не ідзе на ўрокі, а ўвесь працоўны час знаходзіцца ў настаўніцкай. Ніякіх заяў на забастоўку яна не падавала, паколькі ведае, што гэта безвынікова, хоць грамадзяне Беларусі маюць такое канстытуцыйнае права.

На момант, калі мы размаўлялі, яе яшчэ не звольнілі.

“Я разумею, што гэта вядзе да таго, што мяне звольняць, хаця ніхто ніякіх мер супраць мяне пакуль не прымаў, – распавядае настаўніца. – Ні з рана, ні з аблана са мною таксама ніхто не размаўляў”.

Адміністрацыя школы толькі патлумачыла, што выканаць яе патрабаванні не можа, паколькі гэта не ў іх кампетэнцыі.

«Дзеці пытаюцца: вы сёння ў нас?»

Адчуваецца, як шмат раптам навалілася на гэтую маладую жанчыну. Яна распавядае, што яе ўрокі праводзіць іншая настаўніца англійскай мовы, што ёсць накладкі з раскладам урокаў. А знайсці сярод навучальнага года настаўніка замежнай мовы ў вёсцы не так проста. Аляксандра сама штодня ездзіць на працу з Гродна, дзе жыве са сваёй сям’ёй.

На перапынках дзеці бачаць яе і пытаюцца, ці будзе яна сёння весці ў іх урокі. Даводзіцца адказваць, што не будзе, але дапытлівая дзятва цікавіцца: “Чаму? Вы захварэлі?”

“Сама сабе я адказваю: я выздаравела. Але што адказаць дзецям – пакуль не ведаю”, – прызнаецца Аляксандра.

Яна лічыць, што прафесія настаўніка – гэта пакліканне, інакш працаваць у школе складана.

“Не заўсёды дзеці робяць тое, чаго ад іх чакаеш. Але я падчас працоўнага дня заўсёды супакойвалася, не глядзела ў тэлефон ці на гадзіннік. Вось калі атрымліваеш ад працы такія адчуванні – гэта дарагога каштуе”.

Настаўніцу вельмі турбуе, што, калі краіна далей будзе ісці па тым шляху, па якім ідзе, то хутка не спатрэбіцца і англійская мова, бо Беларусь робіцца закрытай.

«Хочацца спадзявацца на калядныя цуды, але…»

Аляксандра кажа, што яна ўжо ўсвядоміла: проста спачуваць і проста разумець, што ты супраць, – вельмі мала. Усё, паводле яе пераканання, залежыць ад кожнага з нас, ад таго, што мы зробім, каб усё гэта бяспраўе як мага хутчэй скончылася.

Пра тое, як ставяцца калегі да яе ўчынку, жанчына вырашыла не выказвацца. Кажа: кожны сам робіць свой выбар.

Ёй вельмі хочацца спадзявацца, што змены ўсё ж наступяць, асабліва калі так блізка калядныя святы і хочацца верыць у цуды, якія адбываюцца ў гэты час.

Яна разумее, што не ўсе падтрымліваюць яе ўчынак, ёй вельмі не хочацца падводзіць калектыў у якім працуе, але немагчыма так працаваць, як было раней.

“Разумееце, гэта нагадвае першыя дні пасля выбараў, калі ўначы на вуліцах практычна ішла вайна, а ўдзень усе ішлі на працу, – тлумачыць наша суразмоўніца. – Нібыта мы жылі ў двух розных краінах”.

Ёсць разуменне і непаразуменне

Блізкія, кажа Аляксандра, ведаюць пра яе ўчынак і падтрымліваюць. Таксама адчула яна і рэакцыю людзей на сваё відэа: многія пішуць, словы падтрымкі, цёпла выказваюцца. Адна жанчына напісала: “Малайчына, я так не змагла б, але ты зрабіла правільна”.

Аднак быў і тэлефонны званок з нявызначанага нумара: нехта, нецэнзурна лаючыся, сказаў, што яна прадала радзіму. Гэта, паводле слоў Аляксандры, яшчэ больш пераконвае, што так жыць нельга.

А што далей, калі пратэст не пераможа?

Спадарыня Аляксандра ўсміхнулася, пачуўшы гэтае пытанне, на хвілінку задумалася.

“Я пакуль яшчэ не магу гэта асэнсаваць. Нейкія думкі трэба пусціць у сябе і пажыць з імі. А я пакуль такія думкі ў сябе не пускаю”, – гаворыць настаўніца англійскай мовы Аляксандра Богуш.


Няма запісаў для адлюстравання