У Хойніках інваліда судзілі закрытым судом. Каб не распаўсюджваць абразу Лукашэнкі

1679
Аляксей Раманаў у Хойніцкім райсудзе
Аляксей Раманаў у Хойніцкім райсудзе

12 лістапада ў Хойніках судзілі гомельскага інваліда Аляксея Раманава за абразу Аляксандра Лукашэнкі – на падставе артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Працэс вёў суддзя Андрэй Кардаш.

У Хойнікі на суд інваліда прывёз праваабаронца Леанід Судаленка. Раманаў не толькі апрануўся цёпла, але і ўзяў з сабою дзве торбы з лекамі, харчамі і гігіенічнымі сродкамі – адразу падрыхтаваўся да адпраўкі ў калонію. Максімальнае пакаранне паводле крымінальнага артыкула за абразу прэзідэнта – да трох гадоў пазбаўлення волі. Вядома ж, суд можа прызначыць штраф, папраўчыя работы альбо абмежававаць волю.

Пракурор раёна Андрэй Судам прапанаваў зрабіць пасяджэнне закрытым, каб “не распаўсюджваць абразу прэзідэнта”, і суд з гэтым пагадзіўся.

Аляксей Раманаў сваю віну прызнаў, патлумачыў, што гатовы панесці пакаранне, але прасіў не пазбаўляць яго волі, паколькі мае праблемы са здароўем. Пракурор прасіў суд пакараць інваліда годам пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат Раманава Рагнеда Тагай у час спрэчак звярнула ўвагу суда, што яе падабаронны хворы на анкалогію, перанёс складаную аперацыю, мае 2-ю групу інваліднасці і патрэбу ў пастаянным медыцынскім доглядзе, да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваўся.

На выбарах Раманаў быў валанцёрам у групе падтрымкі Святланы Ціханоўскай. У Хойніках на перадвыбарчым мітынгу, які ладзіўся ў ліпені, Раманаў сапраўды некарэктна выказаўся ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Гэта зафіксавана на відэа. Як кажа сам Раманаў, ён не стрымаўся з прычыны беззаконня ў краіне: раней апазіцыйныя палітыкі знікалі, а сёлета яшчэ да выбараў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы затрымалі і кінулі за краты.

“Лукашэнка дазваляў сабе публічныя абразы грамадзян Беларусі, называючы іх і “наркаманамі”, і “прастытуткамі”, і рознымі іншымі непрыстойнымі словамі. У Хойніках я сапраўды не стрымаўся. Гэта мая памылка”, – сказаў журналісту “Народнай Волі” пасля пасяджэння суда Аляксей Раманаў.

Вердыкт суда ў дачыненні да інваліда Раманава будзе абвешчаны 18 лістапада.


Няма запісаў для адлюстравання