“У грамадстве адбываліся паслядоўныя змены, якія вялі да падзення рэйтынгу Лукашэнкі”, – сацыёлаг Коршунаў

854
Генадзь Коршунаў. Фота: belarus.by
Генадзь Коршунаў. Фота: belarus.by

Былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў тлумачыць, якія кардынальныя сацыяльныя зрухі прывялі да масавага пратэставага руху, расказвае, як улада адарвалася ад грамадства, і заяўляе, што «ўсё перадвызначана, такі рэжым не можа існаваць доўга». Інтэрв’ю з ім апублікавала “Радыё Свабода”.

Сцісла

  • Цягам доўгага часу назіраўся адрыў уладнай вертыкалі ад грамадства. Каналаў зваротнай сувязі фактычна няма.
  • Здарыўся COVID-19, і людзі ўбачылі, што і ўлада пачала сама дыстанцыявацца ад людзей.
  • Напрыканцы 2019 года ўпершыню значнасць інтэрнэту для ўсяго грамадства перавысіла значнасць тэлебачання.
  • Той пінжак сацыяльнай дзяржавы, які прапанавала дзяржава, ужо стаў грамадству цесны.
  • Падтрымка Лукашэнкі калі і засталася, то вельмі дысперсная, размытая.

– З 22 жніўня 2018 года па 18 верасня 2020-га вы працавалі дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Нагадайце, чаму вы ўжо там не працуеце, чаму так адбылося?

– Нічога арыгінальнага – адна з тых гісторый, якіх цяпер шмат. Мне проста прапанавалі сысці за маю грамадзянскую пазіцыю.

– Але калі б вам не «прапанавалі», то вы і цяпер маглі б заставацца на гэтай працы і на гэтай пасадзе?

– Цяжка адказаць. Калі ты займаеш пасаду ў дзяржаўнай установе, ты ў нейкіх рамках. І з часам гэтыя рамкі пачынаюць ціснуць настолькі, што ўжо лягчэй без іх. І таму, калі запытацца ў мяне, ці хацеў бы цяпер быць там, дзе я быў, мой адказ «не». Напэўна, у цяперашніх абставінах у Беларусі гэта ўжо немагчыма.

– Хачу, каб вы пралілі святло на адну загадку. У чэрвені ў незалежнай прэсе з’явілася лічба 24 працэнты – гэта ўзровень даверу да Аляксандра Лукашэнкі па Мінску, паводле апытання Інстытута сацыялогіі. Але гэтыя лічбы заўсёды былі «не для прэсы». Чаму яны тады прасачыліся ў прэсу? Гэта быў нечы свядомы грамадзянскі крок?

– Гэтыя дадзеныя нехта скінуў журналісту «Нашай Нівы» Гарбацэвічу. Але я ўпэўнены, што гэта прасачылася не з нашага інстытута.

— Але вы тады публічна пацвердзілі сапраўднасць гэтай лічбы.

– Так. Дарэчы, я цяпер заўсёды кажу, што тое, што было да выбараў – цяпер ужо не прынцыпова. Бо тое, што адбывалася ў Беларусі 9–12 жніўня, яно змяніла ўсё. Я так лічу.

– Вы так лічыце, але ў розных дыскусіях нярэдка ідуць спасылкі на тое, што невядома, колькі атрымаў Лукашэнка на выбарах, адны кажуць пра 20 працэнтаў, іншыя пра 80 (афіцыйныя дадзеныя ЦВК). І на сёння мы маем толькі апытанне Chatham House, паводле якога 9 жніўня за Ціханоўскую прагаласавалі 52,2%, за Лукашэнку – 20,6%. Зыходзячы з усіх папярэдніх даследаванняў, на вашую думку, гэта блізка да ісціны?

– Я лічу, што такое вельмі магчыма. Зусім не выключаю, што былі менавіта такія лічбы. Але зноў-такі – разважаць можна, але спраўдзіць нейкія дакладныя лічбы фактычна немагчыма.

– Многія людзі задаюцца пытаннем: ці жыве Аляксандр Лукашэнка ў нейкай інфармацыйнай бурбалцы, і менавіта ў гэтым прычына многіх ягоных неадэкватных заяў і дзеянняў? Ці ён усё ведае і разумее, мае поўную інфармацыю, але ігнаруе яе і дзейнічае дзеля сваіх уласных інтарэсаў?

– Па-мойму, больш імаверны першы варыянт, не ўся інфармацыя да яго даходзіць.

Я пісаў пра тое, што цягам доўгага часу назіраўся адрыў уладнай вертыкалі ад грамадства. Каналаў зваротнай сувязі фактычна няма. Калі знішчалася незалежная сацыялогія, то з гледзішча інтарэсаў улады гэта яшчэ можна было зразумець – кантроль над інфармацыйнай прасторай і гэтак далей. Але калі ў 2018 годзе расфарміравалі інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі прэзідэнта, адной з задач якога было забеспячэнне закрытымі сацыялагічнымі дадзенымі, – гэта быў моцны паказчык.

– Ваш Інстытут сацыялогіі даваў «наверх» лічбы не толькі нейкіх абстрактных светапоглядных змен, але і канкрэтныя лічбы даверу да ўлады. З якога моманту пачало назірацца паслядоўнае падзенне рэйтынгу Лукашэнкі? Ці прадстаўнікі ўлады маглі палічыць, што гэта толькі хвалі, уверх-уніз, якія былі і раней?

– Тут даволі цікавы феномен. Я яго назіраў, але не мог спрагназіраваць, ува што гэта выльецца. Глядзіце, у 2018–2019 гадах на пытанні пра ацэнку грамадска-палітычнай сітуацыі даволі вялікі працэнт апытаных, да паловы (а гэта вельмі шмат), альбо адмаўляліся адказваць, альбо давалі варыянт «не магу адказаць». У той час я не ведаў, як гэта інтэрпрэтаваць. Цяпер я разумею, што гэта была пазіцыя дыстанцыявання ад улады. Людзі адрывалі сябе ад уладнай вертыкалі.

А потым здарыўся COVID-19, і людзі ўбачылі, што і ўлада пачала сама дыстанцыявацца ад людзей. Улада як бы сказала – «ёсць вашыя праблемы, а мы займаемся сваімі справамі». Гэта адзін з тых прынцыповых момантаў, які і прывёў да пратэставага выбуху.

– Якія яшчэ змены ў светапоглядзе беларусаў, у іх стаўленні да сацыяльных і палітычных тэм, можна было зафіксаваць за апошнія гады?

– Гэта пытанне на цэлую навуковую канферэнцыю. Але паспрабую тэзісна абазначыць найбольш важкія рэчы.

Па-першае, гэта вельмі значнае паскарэнне працэсаў сацыяльнай дынамікі. Дыгіталізацыя жыцця, вялікія змены ў эканоміцы. Істотна і даволі хутка вырас сектар прыватнага бізнесу. І ён будаваўся не па заходніх лякалах, бо рос у вельмі спецыфічных беларускіх умовах, таму атрымаўся вельмі моцным. Розныя эканамісты даюць ад 50 да 60 працэнтаў ВУП, якія дае прыватны бізнес. Гэта азначае вялікія зрухі ў ментальным, каштоўнасным сэнсе. З’яўляецца вялікая колькасць людзей, якія самі вырашаюць, што рабіць, бяруць на сябе адказнасць. Змянілася і стаўленне большасці беларусаў да прыватнага бізнесу, цяпер праца ў прыватніка лічыцца больш надзейнай і грашавітай. Бізнесмен, прыватнік – гэта не той, хто высмоктвае з людзей, але той, хто дае працоўныя месцы.

Па-другое, вялікая трансфармацыя інфармацыйнай прасторы. Напрыканцы 2019 года ўпершыню значнасць інтэрнэту для ўсяго грамадства перавысіла значнасць тэлебачання. Для моладзі гэта было даўно, для людзей сярэдняга ўзросту – гадоў 5 таму, але цяпер гэта стала фактам для ўсяго грамадства. З’явілася культура сеткавай камунікацыі.

Змяняецца сістэма сацыяльных стандартаў – што раней было «нармальна», цяпер таго ўжо мала. І апеляцыі ўлады да 1990-х ужо не працуюць.

Я гэта ўсё да таго, што яшчэ да COVID-19 у большасці людзей было адчуванне, што цяперашнія сацыяльныя ўмовы ўжо не працуюць. Той пінжак сацыяльнай дзяржавы, які прапанавала дзяржава, ужо стаў грамадству цесны. А COVID паказаў, што ўлада не надта падтрымлівае нават тое, што было.

– Ці можна сацыялагічна ўявіць, як выглядае беларускае грамадства на цяперашні момант, праз тры месяцы пасля дня галасавання?

– Пра лічбы, вядома, цяжка казаць. Усё настолькі дынамічна, што тыдзень ад тыдня можа адрознівацца даволі моцна. Але калі паглядзець на тое, якія крокі робіць амаль кожная карпаратыўная супольнасць, пачынаючы ад медыкаў, студэнтаў, рабочых, музыкантаў і сканчваючы пенсіянерамі, то можна казаць, што падтрымка Лукашэнкі калі і засталася, то вельмі дысперсная, размытая. Калі казаць пра сацыяльна-прафесійныя групы, то па-за межамі сілавікоў і вертыкалі ўлады знайсці такую масавую падтрымку ў іншых групах вельмі цяжка.

– Якой можа быць развязка гэтай беларускай сітуацыі, калі ўлада фактычна ператварылася ў хунту, абапіраецца толькі на штыкі сілавікоў і чыноўнікаў? Як гістарычна выглядае лёс такіх рэжымаў?

– Трываласць такіх рэжымаў забяспечваецца знешняй дапамогай альбо багатымі прыроднымі рэсурсамі. У Беларусі такіх бясконцых карысных выкапняў няма. Таму, як мне падаецца, усё перадвызначана. Такі рэжым не можа існаваць доўга. Усё пытанне ў часе, у тым, колькі яму засталося.


Няма запісаў для адлюстравання