Як у гродзенскім судзе пратэстовец стаў крымінальнікам

372
У зале суда пасля вынясення прыгавора
У зале суда пасля вынясення прыгавора

63-гадовага гродзенца Юзэфа Нямеру асудзілі на 2,6 года без накіравання ў выпраўленчую установу і прысудзілі 500 рублёў маральнай кампенсацыі міліцыянеру.

Юзэфа Нямеру вінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Пракурор запрасіў для яго штраф у памеры 200 базавых велічынь і 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Разгляд справы адбыўся ў Кастрычніцкім судзе Гродна. Нямера ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі 6-га верасня. Падчас разгону ён стаў бараніць жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пацярпелы бок сцвярджае, што пры гэтым спадар Юзэф нейкім чынам штурхануў супрацоўніка міліцыі.

Нямера ў судзе не прызнаў, што з’яўляўся арганізатарам акцыі, але не адмовіў, што бараніў жанчыну.

Пракурор палічыў, што пратэст Юзэфа Нямеры быў накіраваны на звяржэнне і дыскрэдытацыю дзеючай улады.

Адвакат заявіў, што запрошанае пракурорам пакаранне вельмі жорсткае і прасіў суд кіравацца законам, прапанаваў апраўдаць абвінавачанага.

У апошнім слове спадар Нямера сказаў, што быў на мітынгу, ішоў у сярэдзіне калоны, нават магчыма і крычаў “Жыве Беларусь!”, але нікога не заклікаў выходзіць на праезджую частку і заступіўся за жанчыну, калі пабачыў, што яе цягнуць па асфальце. Ён нават прачытаў некалькі паэтычныз радкоў з Еўтушэнкі пра прыгажосць жанчын.

“Але я не змог змірыцца з несправядлівасцю і спантанна, эмацыйна адрэагаваў. Насілле нараджае насілле”, – сказаў Нямера.

Ён прасіў суд адвегнуць абвінавачванне, гатовы аплаціць сцірку формы міліцыянера. Да ўсяго ён ужо прынёс прабачэнне яму. А яшчэ сказаў, што даглядае 90-гадовую маці і калі яго пасадзяць, то яе не будзе каму апекваць.

Суд палічыў Нямеру вінаватым і прызначыў пакаранне ў 3 гады. Кожны дзень утрымання пад вартай палічылі за два, а таму ў выніку – 2,6 года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.


Няма запісаў для адлюстравання