Беларусы ў спрошчаным парадку змогуць паступаць у ВНУ Украіны

62
Страйк у БДУ
Страйк у БДУ

Міністэрства адукацыі і навукі Украіны заявіла, што беларусы, якіх выключылі з беларускіх навучальных устаноў, змогуць працягнуць адукацыю ў ВНУ Украіны, піша “Радыё Свабода”.

Такую абвестку ўкраінскае міністэрства зрабіла ў адказ на шматлікія звароты грамадзян Беларусі.

«Тыя, хто жадае атрымаць вышэйшую адукацыю ва Украіне, маюць магчымасць паступаць у навучальныя ўстановы на ступень бакалаўра, магістра і доктара навук па адпаведных галінах ведаў», – адзначылі ў міністэрстве.

Прыём ажыццяўляюць установы вышэйшай адукацыі, якія маюць ліцэнзіі і права навучання замежнікаў па адпаведных спецыяльнасцях альбо маюць акрэдытаваныя адукацыйныя праграмы.

«Грамадзянам Рэспублікі Беларусь для вучобы ва Украіне не патрэбныя ні віза, ні запрашэнне ад вышэйшай навучальнай установы. Каб паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2020–2021 навучальным годзе, неабходна падаць дакументы не пазней за 15 снежня», – паведамілі ў Міністэрстве адукацыі і навукі Украіны.

Пры гэтым удакладнілі, што прыём ажыццяўляецца на падставе выдадзеных у Беларусі дакументаў аб адукацыі, і няма патрэбы завяраць іх у юрыдычным парадку.


Няма запісаў для адлюстравання