Пратэст: як жыхары Смаргоншчыны спрабавалі “дагрукацца да нябёсаў”

179
Акцыя ў Жодзішках. Скрыншот: https://t.me/nashaniva/20206
Акцыя ў Жодзішках. Скрыншот: https://t.me/nashaniva/20206

Дзеля таго, каб кіраўнік Смаргонскага раёна змог пачуць яго жыхароў, яны прыехалі амаль за 20 кіламетраў у вёску Жодзішкі, дзе знаходзіцца яго дом, і зладзілі пратэстную акцыю. Дарэчы, яе пратэстуючыя назвалі “Дагрукацца да нябёсаў”.

Акцыю правялі ў выхадны дзень раніцай. Пратэстуючыя стаялі ў Жодзішках з бел-чырвона-белымі сцягамі каля дома старшыні райвыканкама Генадзя Харужыка і выкрыквалі лозунгі “Жыве Беларусь!”, “Верым! Можам! Пераможам!”.

Акцыя, паводле слоў яе ўдзельнікаў, была нешматлікая – 10 чалавек, працягвалася ўсяго некалькі хвілін, з дома да іх ніхто не выйшаў. Пратэстуючыя хутка раз’ехаліся. Мясцовыя жыхары на гэта таксама ніякім чынам не адрэагавалі, паколькі дом старшыні райвыканкама знаходзіцца наводдаль ад вёскі.

Самі пратэстуючыя кажуць, што паехалі ў вёску да дома старшыні райвыканкама, бо спадзяваліся, што хоць там ён іх пачуе і выйдзе да людзей на размову.

Справа ў тым, што ён толькі аднойчы выходзіў на плошчу да людзей у першыя дні пасля выбараў. І, паводле суразмоўцаў, нічога канкрэтнага людзям не сказаў, маўляў, усё ў нас нармальна. Іх трывожаць пытанні гвалту над людзьмі, якія выходзяць на мірныя акцыі, а таксама фальсіфікацыі выбараў.

Людзі дамагаюцца, каб у краіне правялі паўторныя выбары прэзідэнта згодна з міжнароднымі стандартамі. Яны перакананыя, што за праўдзівасць выбарчага працэсу ў раёне павінен адказваць і старшыня райвыканкама, і яго намеснік, бо на мінулых выбарах, паводле іх, напоўніцу выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс.

“У нас кожны дзень, як і ў іншых гарадах Беларусі, адбываюцца суды над гараджанамі, якія проста прыходзяць у цэнтр горада, – распавядае адзін з удзельнікаў акцыі. – Некаторыя людзі маюць ужо па 40 базавых штрафу, некаторыя адбываюць пакаранні ў ІЧУ. Але за што? Мы хочам ведаць, да якога часу гэта будзе працягвацца!”

Пасля таго як пратэстуючыя вярнуліся ў Смаргонь, супрацоўнікі міліцыі літаральна пачалі на іх паляванне. Некаторыя былі затрыманы, на іх склалі пратаколы і асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на чарговыя штрафы.

Апроч гэтага людзі распавядаюць, што нібыта ў раёне складзены спіс з 46 найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў.

Адзін з суразмоўцаў засведчыў, што да яго дадому раптам пачалі прыходзіць супрацоўнікі газавай службы, электрасетак з праверкамі. А да яго знаёмых – шматдзетнай сям’і – знянацку зачасцілі з праверкамі супрацоўнікі сацыяльнай службы нібыта для вывучэння ўмоў пражывання дзяцей. Пазапланавыя праверкі пачаліся і ў тых, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Тым не менш, паводле слоў суразмоўцаў, сітуацыя ў Смаргоні, як і ва ўсёй краіне, застаецца напружанай, але многія беларусы жадаюць дамагчыся праўды і справядлівасці.


Няма запісаў для адлюстравання