Пасольства ЗША дапамагае добраўпарадкаваць Слонім

67
Слонім з вышыні. Фота: tr.pinterest.com
Слонім з вышыні. Фота: tr.pinterest.com

На сродкі малога гранта амерыканскае пасольства ў Беларусі абсталявала гульнявую пляцоўку для дзяцей у Слониме, літаральна днямі адкрываюць спецыяльную пляцоўку для выгулу і дрэсіроўкі сабак, клуб веласіпедыстаў набыў некалькі двухколавых машын і ўладкаваў у горадзе некалькі парковак для веласіпедаў, а раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі атрымаў радыёапаратуру для правядзення адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў.

Заяўку на атрыманне гранта ў пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску падалі прадстаўнікі слонімскага грамадскага аб’яднання “Мінолс”. Да іх жа звярнуліся ініцыятыўныя грамадзяне з просьбай пасадзейничаць таму, каб дзецям было дзе гуляць, аматарам сабак – дзе іх дрэсіраваць, веласіпедыстам – дзе запаркаваць жалезнага сябра, а таксама паспрыяць у правядзенні навучальных і забаўляльных мерапрыемстваў для творчых дзяцей.

Актывісты “Мінолса” склалі неабходны праект і назвалі яго “Зрабі наш горад лепшым”. А ўжо далей, як распавядаюць актывісты грамадскай арганізацыі, праект быў падтрыманы аддзелам інфармацыі, адукацыі і культуры пасольства ЗША.

На правядзенне запланаваных праектам работ амерыканскае пасольства выдзеліла 15,5 тысячы долараў. Праект рэалізуецца сумесна са Слонімскім райвыканкамам, Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, клубам “ВелаСлонім” і Слонімскай ЖКГ.

У “Мінолсе” нам патлумачылі, што такім чынам праз удзел актыўных грамадзян у жыцці свайго горада пашыраюцца развіццё мясцовага самакіравання і самаарганізацыя жыхароў для эфектыўнага вырашэння існуючых мясцовых праблем.


Няма запісаў для адлюстравання