Кампанія BY_help: «Выплаты пацярпеўшым працягнем, знойдзем іншыя варыянты»

114

Аляксей Лявончык, сузаснавальнік кампаніі, якая аказвае фінансавую дапамогу пацярпеўшым ад рэпрэсій, расказаў “Свабодзе”, як цяпер выглядае сітуацыя і чаму кампанія карысталася паслугамі беларускіх банкаў.

Пра блакіраванне сум, атрыманых пацярпеўшымі ад дзеянняў сілавікоў, стала вядома ўдзень 10 лістапада. Сузаснавальнік кампаніі BY_help Аляксей Лявончык у размове са “Свабодай” расказаў, як справа выглядае цяпер.

 

Аляксей Лявончык
Аляксей Лявончык

«Мы не ведаем прычыны спісання грошай»

«Сёння сітуацыя выглядае гэтак жа, як яна выглядала ўчора, – кажа Лявончык. – У нас ёсць інфармацыя, што ўлады цэляць (маюць намер спісаць з рахункаў. – РС) прыкладна ў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Увесь учорашні дзень мы атрымлівалі паведамленні ад нашых падапечных, што ў іх блакіруюцца сумы, якія мы дасылалі. Сітуацыі бываюць розныя, але, умоўна кажучы, калі мы дасылалі 500 рублёў, то блакіруюцца 500 рублёў. Доступ да самога рахунку захоўваецца. Але калі чалавек атрымаў гэтыя 500 рублёў і паспеў іх зняць, то ў яго на рахунку можа быць нават мінус. Тады ён павінен папоўніць яго да станоўчай лічбы».

Па словах Аляксея, па стане на другую палову дня 10 лістапада ён меў інфармацыю прыкладна пра 60 чалавек, у якіх спісалі сумы атрыманай дапамогі. Сёння гэта ўжо больш за 100 асоб. Лявончык кажа, што бываюць выпадкі, калі рахунак у чалавека блакіраваўся цалкам нават з іншымі грашыма, якія там былі. Хваля паведамленняў пра спісаньне дапамогі пайшла пад вечар учорашняга дня, 10 лістапада. Агульная колькасць людзей з заблакіраванымі сумамі можа дасягнуць 400 чалавек.

«Я не ведаю, на падставе чаго блакіраваліся гэтыя грошы, – кажа Аляксей. – Магу толькі паспекуляваць, што гэта на падставе нейкай крымінальнай справы аб атрыманні грошай на нейкую рэвалюцыю, ці беспарадкі, ці нешта яшчэ. Схему выдумаць нескладана, гэтыя таварышы працуюць па адной метадычцы».

«Дзяржава спісала прыкладна 14% ад сабранай намі сумы»

Паводле інфармацыі Свабоды, банкі не тлумачаць прычын спісаньня грошай сваім кліентам. Як расказвае Аляксей Лявончык, часам супрацоўнікі банкаў паводзяць сябе нават як сілавікі і пагражаюць людзям накладаннем штрафаў.

«Цяпер мы працуем над нейкай праграмай дзеянняў, – кажа Лявончык. – Першы крок – стварыць інструкцыю для пацярпеўшых, што ім рабіць у выпадку выкліку ў праваахоўныя органы. Калі грошы ім заблакіравалі ў межах крымінальнай справы, то, адпаведна, могуць пачацца следчыя дзеянні. У такім выпадку трэба давесці да людзей, што трэба рабіць. Такі мануал мы разашлём па ўсёй нашай базе. Наконт вяртання грошай у мяне няма спадзявання на тое, што гэта ўсё хутка разблакіруюць».

Лявончык настойвае, што банкі спісалі сродкі, пераведзеныя абсалютна легальным спосабам, ад фізічнай асобы да фізічнай асобы. Ён кажа, што там не было гіганцкіх сум, якія маглі б выклікаць падазрэнні.

Дакладнай лічбы заблакіраваных сродкаў пакуль няма, гэта паміж 1 мільёнам 400 тысячамі рублёў і 1 мільёнам 500 тысячамі. Па словах прадстаўніка кампаніі BY_help, гэта прыкладна 14% ад агульнай сабранай сумы.

«Гэта вельмі шмат, – кажа Аляксей Лявончык. – Але мы ўсё ж карысталіся некалькімі спосабамі пераводу грошай. Разумелі, што нельга класці ўсе яйкі ў адзін кошык. А з іншага боку, на нас ціснула неабходнасць пачаць выплаты хутка. Калі б мы чакалі стварэння абсалютна бяспечнай платформы, то гэта заняло б нейкі час. А ўжо ў жніўні эмоцыі былі вельмі моцныя, пачыналіся пытанні, чаму фонд не плаціць. А ў нас на той момант фізічна не было грошай, яны з’явіліся толькі 25-га. Плаціць мы пачалі раней, 20 жніўня, у крэдыт. Тады трэба было вырашаць, чакаць бяспечнай платформы альбо пачынаць плаціць адразу».

Лявончык гаворыць, што кампанія магла б страціць і больш, калі б выплачвала ўсё адным шляхам.

«Пяройдзем на іншыя варыянты аплаты»

«Кампанія не спыняе сваёй дзейнасці, мы працягваем збіраць грошы, – кажа ён. – Адзінае, што мы прыпынілі збор праз фэйсбук. Фандрайзер там дзейнічае некалькі месяцаў. У дадатак фэйсбук змяняў інтэрфэйс, з гэтым таксама былі звязаныя складанасці. Фандрайзер нейкі час там не працаваў. Цяпер мы працягваем збор праз PayPal, асабліва не афішуем гэта. Туды кожны дзень прыходзіць невялікая, але даволі стабільная сума. Гэта паміж 1800–2000 еўра. У дадатак ёсць прыватныя ахвяраванні. Ад аднаго брытанскага бізнесмена мы атрымалі 70 тысяч фунтаў – гэта 90 тысяч долараў. Яшчэ было разавае ахвяраванне на 30 тысяч долараў».

Прадстаўнік кампаніі BY_help кажа, што ўсе заяўкі будуць аплачаныя. Зараз каманда будзе прымаць рашэнне, як канкрэтна дзейнічаць.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Па словах Андрэя Стрыжака, прадстаўніка фонду BYSOL, які займаецца дапамогай звольненым па палітычных прычынах і студэнтам, што звольніліся добраахвотна ці былі адлічаныя, яны пакуль не сутыкаліся з блакіраваннем сум пералічанай дапамогі.

«Мы выкарыстоўваем тэхналогіі, якія дазваляюць пазбягаць праблем, – кажа Стрыжак. – Пакуль што яны працуюць. Зараз кампанія BY_help і наш фонд будуць займацца сінхранізацыяй высілкаў, каб зрабіць пераводы недасяжнымі для ўлады. Пакуль людзі, якія атрымалі дапамогу ад нас, не маюць праблем. Паглядзім, што будзе далей. Улады, відавочна, спрабуюць перакрыць тую хвалю салідарнасці, якая ўзнікла паміж беларусамі. Гэта выклік для нас. Але мы пастаянна працуем ва ўмовах выклікаў».

Сёння ў сваім тэлеграм-канале Следчы камітэт пракаменціраваў сітуацыю з блакіраваннем банкаўскіх рахункаў грамадзян. Ён сцвярджае, што яно адбываецца ў працяг расследавання крымінальнай справы, узбуджанай 19 жніўня 2020 года па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У СК заявілі, што пад арышт падпалі сродкі, якія «паступалі ў краіну для фінансавання пратэстных акцый».

«У час расследавання з ДФР КДК атрымана інфармацыя, якая сведчыць пра здзяйсненне Аляксеем Лявончыкам дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю грамадскага парадку. Ён прызнаны падазраваным па крымінальнай справе. Устаноўлены факты пералічэння з падкантрольнага яму рахунку ў адным з заходніх банкаў грашовых сродкаў для падтрымання пратэстных акцый у Беларусі і аказання матэрыяльнай дапамогі асобам, якія прымаюць у іх актыўны ўдзел. У мэтах спынення далейшай злачыннай дзейнасці на грашовыя сродкі, якія паступілі ў краіну для фінансавання пратэстных акцый, накладзены арышт. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні іншых абставінаў фінансавання несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», – паведамляе СК.


Няма запісаў для адлюстравання