“Абяцанкі-цацанкі”: Актывісты Слоніма спрабуюць дагрукацца да ўладаў горада

141
Слонімскі райвыканкам
Слонімскі райвыканкам

У райвыканкаме ім прапаноўваюць чакаць пісьмовага адказу.

На мінулым тыдні дэлегацыя з шасці актыўных грамадзян пайшла на прыём да старшыні райвыканкама. Аднак, паколькі той быў заняты ў відэаканферэнцыі, актывісты сустрэліся з яго намеснікам Тэрэзай Юшкевіч.

Іх патрабаванні зводзіліся да таго, каб у горадзе спынілі свавольства сілавікоў.

“Людзі збіраюцца ў цэнтры горада, не парушаюць грамадскі парадак, не замінаюць транспарту, а іх адразу хапаюць, вязуць ва ўчастак, затым судзяць, штрафуюць альбо зачыняюць на “суткі”. Вось што мы казалі намесніцы старшыні райвыканкама і патрабавалі, каб улады спынілі гэтае свавольства”, – распавёў “Народнай Волі” адзін з удзельнікаў візіту да ўладаў.

Паводле яго слоў, актывісты прадставілі спадарыні Юшкевіч канкрэтныя факты свавольства сілавікоў. У час сустрэчы яны таксама нагадалі намесніцы старшыні райвыканкама пра абяцанае ўладамі правядзенне круглага стала, якога дагэтуль ніхто не збіраў.

Тэрэза Юшкевіч у сваю чаргу адказала, што ўсе патрабаванні ўважліва выслухала і давядзе іх да старшыні райвыканкама. А на развітанне паабяцала, што з райвыканкама дадуць пісьмовы адказ.

Нагадаем, нядаўна актывісты Слоніма дамагаліся сустрэчы са сваім дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў Валянцінам Семянякам. Сабралі дзеля гэтага 400 подпісаў. А дэпутат ім адказаў, што ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай сустрэцца немагчыма. Дэпутат параіў выбаршчыкам глядзець яго сайт, маўляў, там ёсць уся інфармацыя пра яго дзейнасць.

Дарэчы, актывісты маюць намер падаць скаргу на дэпутата ў пракуратуру.


Няма запісаў для адлюстравання