Валерый Карбалевіч: Дробная помста. Навошта Лукашэнка загадаў далучыць да прафсаюзаў прыватныя кампаніі

3273
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Лукашэнка запатрабаваў да канца года стварыць прафсаюзныя арганізацыі афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў (ФПБ) ва ўсіх недзяржаўных кампаніях. Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале разважае, навошта ён гэта зрабіў.

У час сустрэчы са старшынём ФПБ Міхаілам Ордам Лукашэнка заявіў: «Калі толькі да канца года прыватныя прадпрыемствы не створаць па вашых патрабаваннях прафсаюзныя арганізацыі, яны будуць ліквідаваныя… Жартаваць мы не будзем больш. Мы бачым, як некаторыя сябе павялі і ўзялі курс на знішчэнне дзяржавы. Хочаш быць членам прафсаюза – будзь, не хочаш – калі ласка. Але ў кожнай кампаніі, прыватнай і дзяржаўнай, павінна быць прафсаюзная арганізацыя».

Такім чынам, прафсаюзныя арганізацыі будуць стварацца ў прыватных кампаніях у прымусовым парадку. Неяк няёмка казаць, што гэта парушэнне закону, бо ўступленне ў прафсаюз – справа добраахвотная.

Але спасылацца на закон у сённяшняй Беларусі недарэчна. Аддаючы такі загад, Лукашэнка не хавае, што ФПБ – гэта дэ-факта дзяржаўная арганізацыя, якая да сапраўдных прафсаюзаў не мае дачынення.

Усеагульны ахоп працоўнага насельніцтва – прыкмета карпаратыўнай дзяржавы. Кшталту такой, як Італія часоў Мусаліні.

Але галоўнае пытанне, якое ўзнікае з нагоды гэтага загаду: навошта?

Прадэманстраваць клопат дзяржавы аб працоўных правах наёмных работнікаў, якіх эксплуатуюць «пузатыя буржуі»? Наўрад ці гэта ўзрадуе тых самых наёмных работнікаў. Тым больш што ФПБ – гэта карыкатура на прафсаюз, і ўсе гэта ведаюць.
Каб ажыццяўляць кантроль з боку ФПБ за прыватнымі кампаніямі? Наўрад ці. Бо створаныя сілавым шляхам прафсаюзныя арганізацыі будуць больш лаяльныя свайму гаспадару і працадаўцу, чым гэтай казённай структуры.

Хутчэй, у чыста практычным сэнсе, тут ставяцца дзве задачы. Па-першае, падсілкаваць ФПБ прафсаюзнымі ўнёскамі. Цяпер шмат на якіх дзяржпрадпрыемствах частка работнікаў выйшла з ФПБ. У выніку знізілася папаўненне бюджэту федэрацыі. Таму вырашылі, што няхай прыватны бізнес падтрымае дзяржаўныя прафсаюзы. Хоць якая карысць.

Другую задачу сфармуляваў Лукашэнка. Паводле ягоных слоў, некаторыя прыватныя кампаніі павялі сябе няправільна і выступілі супраць існуючага рэжыму. Дык вось, такім чынам Лукашэнка вырашыў ім адпомсціць. Паколькі ахвотных ствараць дзяржаўны прафсаюз там наўрад ці знойдуць, то «буржуям» давядзецца ствараць такія ячэйкі штучна і нават, магчыма, плаціць прафсаюзныя ўнёскі са свайго прыбытку. Хоць і дробная помста, а прыемна.

Увогуле цяпер мы бачым, што любая новая заява ці новае дзеянне Лукашэнкі – гэта дадатковы раздражняльнік для і так наэлектрызаванага грамадства. Ён пастаянна падлівае алею ў вогнішча, а потым тушыць яго з дапамогай АМАП. Такі азарт паляўнічага. Здаецца, гэта галоўнае, што яго цяпер цікавіць.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!