Турнір без гледачоў

41
Марина Лобач
Марина Лобач

Нягледзячы на тое, што ў свеце адмяняюцца многія спартыўныя спаборніцтвы, у мінулыя выхадныя ў Мінску прайшоў традыцыйны міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач.

Прадстаўнічыя спаборніцтвы праводзяцца ў нашай краіне з 2002 года, але ўпершыню гэты турнір прайшоў пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, і на ім упершыню выступілі дарослыя спартсменкі. Праўда, гэтым разам на турнір прыехалі толькі каманды з Ізраіля, Літвы і Арменіі.

Карэктывы ўнёс каранавірус. Напрыклад, тытулаваныя зборныя Расіі і Украіны, з якімі ў арганізатараў былі дамоўленасці, адмовіліся ляцець у Мінск.

“Мы не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, бо не было ніводнага квітка ні туды, ні назад”, – заявіла галоўны трэнер расійскай зборнай Ірына Вінер-Усманава.

Дарэчы, з-за эпідэміялагічнага становішча турнір прайшоў без гледачоў.

– Нягледзячы на пандэмію, памежнікі запэўнілі, што самалётам каманды могуць прыляцець, – распавяла “Народнай Волі” Марына ЛОБАЧ. – Але меры, каб засцерагчыся ад інфекцыі, былі прыняты адпаведныя – усе здавалі тэсты на каранавірус. Акрамя таго, спартсмены і трэнеры выконвалі ўмовы каранціну: з залы ў залу пераходзілі ў масках, здымалі іх толькі падчас трэніровак. Пры ўваходзе правяралі тэмпературу, мылі рукі. Усё было прадугледжана.

– Няўжо зборная Расіі не змагла купіць квіткі на самалёт? Ці гэта проста такая тактычная адмова?

– Афіцыйная прычына непрыезду расійскай каманды – менавіта адсутнасць білетаў.

– Калі падчас спаборніцтваў не было гледачоў, які сэнс быў наогул праводзіць гэты турнір?

– Справа ў тым, што пакуль яшчэ не адменены чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы, таму мы хацелі, каб гэты турнір стаў для каманд размінкай, бо спартсмены ўжо даўно не выступалі.

Шкада, натуральна, што не ўсе прыляцелі, але час такі…

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання