Пяць прычын, чаму ўлада зрабіла стаўку на гвалт

1530
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч. Фота: dw.de

У нядзелю ўлады, відавочна, вырашылі даць пратэстнаму руху рашучы адпор. Чаму ўлады не сталі чакаць, калі пратэст сам сабой паступова пойдзе на спад з натуральных прычын, а вырашылі паскорыць працэс?

8 лістапада ўлады мабілізавалі ўсе сілы, уключаючы, паводле некаторых ацэнак, і вайскоўцаў. Прывезлі ў Мінск міліцыю з рэгіёнаў. Ачапілі ўсю сталіцу, перавёўшы яе фактычна на асаднае становішча. Хапалі і білі даволі жорстка, як у найгоршыя часы.

Такога хапуну Мінск даўно не бачыў. Да позняй ночы мікрааўтобусы з амапаўцамі палявалі на ўдзельнікаў акцыі. Затрымалі больш за тысячу чалавек. Нельга выключаць, што ўсіх іх паспрабуюць пакараць паводле Крымінальнага кодэкса.

У пэўнай ступені тактыка сілавікоў дала плён. Пратэстоўцаў удалося падзяліць, разбіць на часткі, не даць ім сабрацца разам. І ўжо разганяць іх асобнымі групамі.

Чаму ўлады не сталі чакаць, калі пратэст сам сабой паступова пойдзе на спад з натуральных прычын, а вырашылі паскорыць працэс? На тое некалькі прычын.

  • Найперш, нецярплівасць. Глядзець, як кожную нядзелю сталіца ператвараецца ў свята непадпарадкаванага народа, – гэта для некаторых персанажаў невыносна.
  • Па-другое, улады адчулі псіхалагічную стомленасць людзей, якія выходзяць на пратэсты, і вырашылі выкарыстаць зручны момант.
  • Па-трэцяе, пратэст у рэгіёнах амаль сціх, мінімізаваўся. Таму мясцовую міліцыю можна спакойна перакінуць у Мінск.
  • Па-чацвёртае, трохмесячнае супрацьстаянне – гэта барацьба на змор, на знясіленне праціўніка. Хто першы не вытрымае напругі. Можна думаць, што сілы супрацоўнікаў МУС на зыходзе. Таму трэба паспяшацца, каб адным махам, адным ударам пакончыць з пратэстамі і нарэшце спакойна выдыхнуць.
  • Па-пятае, можна меркаваць, што Расія цісне. Былі розныя гіпотэзы расійскіх экспертаў, што, маўляў, Пуцін даў Лукашэнку абмежаваны час, каб навесці парадак. А апошні не ўкладваецца ў графік. Таму цяпер Лукашэнка і падганяе падзеі.

Іншая справа – ці правільны разлік улад? Ці не прынялі яны часовы спад пратэсту за яго канец? У гэтым ёсць вялікія сумневы.

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання