Мотапрабегі нагадваюць дрэнны спектакль

3089
Мотапрабег
Фото https://www.google.by

Мне здаецца, лукашэнкаўскія прапагандысты арганізоўваюць так званыя мотапрабегі “За Беларусь” дзеля аднаго – каб паказаць па БТ карцінку ў піку тым, хто вось ужо чацвёрты месяц выходзіць на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць беспрэцэдэнтных фальсіфікацый падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, нечуванага насілля над мірнымі грамадзянамі з боку амапаўцаў і іншых сілавікоў. Тых, хто не карыстаецца камп’ютарам альбо не мае сучаснага мабільнага тэлефона, магчыма, уражваюць аўтакалоны з соцень машын, над якімі “гордо реют” чырвона-зялёныя сцягі, а на капотах прымацаваны партрэты-маляванкі вядомага ўсім чалавека. Я гляджу на ўсю гэту дэкарыраваную кавалькаду як на бессэнсоўны спектакль.

Ну скажыце, хто ў нас не за Беларусь? А якая небяспека зыходзіць нашай краіне з боку суседзяў? Калі і зыходзіць, то толькі ад такіх гора-палітыкаў, як Жырыноўскі. Днямі ён пералічыў усе нашы вобласці і на ўвесь белы свет заявіў: яны павінны быць расійскімі.

Ці трэба звяртаць увагу на розных палітычных вар’ятаў? Вядома ж, не. Таму, лічу, усе вось гэтыя заангажаваныя мотапрабегі “За Беларусь” не варты, як кажуць, выедзенага яйка. Іх мэта – адцягнуць увагу грамадскасці ад сапраўды хвалюючых праблем. А яны вельмі і вельмі востра стаяць на парадку дня.

Ужо, мне здаецца, і сам Лукашэнка зразумеў: як нельга схаваць у мяху шыла, так нельга знішчыць шматлікія факты розных махінацый уладных структур на прэзідэнцкіх выбарах. Яны ж, вядома, заўважаліся і падчас іншых палітычных кампаній, але на гэты раз перасягнулі ўсялякія межы. У свядомай часткі народа лопнула цярпенне, мільёны людзей не могуць змірыцца з тым, што ўлады не палічыліся з іх волевыяўленнем, груба кажучы, наплявалі на дэмакратычныя прынцыпы, Канстытуцыю. На добры лад, даўно трэба было б прызначыць новыя выбары – і ў краіне ўсталявалася б нармальная абстаноўка.

Ніякімі прапагандысцкімі мотапрабегамі праблему не вырашыць. Адзінае выйсце – як мага хутчэй правесці нармальныя выбары. Для гэтага трэба толькі тэрмінова ўнесці ў Выбарчы кодэкс шэраг змяненняў і поўнасцю абнавіць выбарчыя камісіі. Тая ж сумна вядомая Лідзія Ярмошына не павінна і блізка стаяць.

Вячаслаў ВІННІКАЎ, выбаршчык.

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання