Колькі грошай сабралі спартсменам?

101
Беларускія спатсмены
Беларускія спатсмены

З 31 кастрычніка Фонд спартыўнай салідарнасці пачаў вялікі збор сродкаў пад назвай “Спартсмены свабоды”.

Гэта дабрачынны праект Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, мэта збору грошай – даць магчымасць беларускім атлетам, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, працягнуць падрыхтоўку да Алімпіяды і іншых вядучых міжнародных спаборніцтваў.

Трэба сказаць, што грамадскасць даволі актыўна адгукнулася на гэты праект. За першы тыдзень было сабрана амаль 20 тысяч долараў. Напрыклад, для сярэбранага прызёра Алімпіяды шматборца Андрэя Краўчанкі – каля 4 тысяч долараў, для лёгкаатлетак Дар’і Барысевіч і Святланы Кудзеліч – каля 2 і 5 тысяч адпаведна, для марафонкі Вольгі Мазуронак – больш за 10 тысяч долараў.

Нагадаем, што Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці створаны па ініцыятыве прадстаўнікоў спартыўнай супольнасці.

З 16 жніўня па сённяшні дзень больш за тысячу прадстаўнікоў спартыўнай галіны падпісалі адкрыты зварот да беларускіх улад з патрабаваннямі аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, спынення гвалту ў краіне і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

На многіх з тых, хто падпісаўся, быў аказаны моцны ціск. Спартсменаў і супрацоўнікаў выклікалі на сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства спорту і сілавых структур, пачаліся масавыя звальненні супрацоўнікаў спартыўнай галіны, выключэнне спартсменаў са складу каманд, скарачэнне выплат і стыпендый. На сённяшні дзень зафіксавана ўжо каля 20 фактаў звальнення па палітычных матывах.

У ліку тых, хто падпісаўся пад зваротам, чэмпіёны Еўропы і свету па лёгкай атлетыцы Вольга Мазуронак, Эльвіра Герман, чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў, сярэбраны прызёр Аліміяды-2008 і чэмпіён Еўропы па лёгкай атлетыцы Андрэй Краўчанка, двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў у плаванні Аляксандра Герасіменя, чэмпіён Алімпіяды-1980 па веласпорце Алег Логвін і алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ганна Гуськова, чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская і многія іншыя.

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання