«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш». Размова з легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў

120
Юрый Стулаў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, у пачатку 1990-х быў прарэктарам, цяпер кіруе кафедрай замежнай літаратуры
Юрый Стулаў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, у пачатку 1990-х быў прарэктарам, цяпер кіруе кафедрай замежнай літаратуры

Юрый Стулаў у пачатку 1990-х быў прарэктарам, цяпер кіруе кафедрай замежнай літаратуры. Ягонае выступленне перад новым рэктарам трапіла на відэа і разышлося па тэлеграм-каналах. З выкладчыкам пагутарыла “Радыё Свабода”.

Юрыя Стулава называюць адной з легенд Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ён сам вывучыўся тут і пачаў працаваць яшчэ ў 1966 годзе. Цяпер спадар Юрый узначальвае кафедру замежнай літаратуры.

«Я не ведаў, што маё выступленне нехта здымае на відэа»

Пасля звальнення і затрымання выкладчыцы МДЛУ Наталлі Дулінай, а таксама адлічэння найбольш актыўных студэнтаў, каля сотні супрацоўнікаў універсітэта падпісаліся пад лістом у адрас рэктара Наталлі Лапцевай. Сярод падпісантаў быў і Юрый Стулаў.

«Зварот да рэктара пасля звальнення Наталлі Дулінай і адлічэння студэнтаў я падпісаў таму, што ўсё, што цяпер адбываецца, — гэта жудасна, — кажа выкладчык. — Калі 4 верасня студэнтаў АМАП хапаў проста ва ўніверсітэце, як настаўнік можа гэта проста так прыняць? Людзі спрабуюць паказаць, што яны патрабуюць пераменаў, што яны ніякія не прастытуткі, а звычайныя людзі. Нічога не было пачута, на жаль. Беларусы вельмі спакойны народ, вельмі цярплівы. У мяне доўга было жаданне з’ехаць у Маскву працаваць, але на пэўным этапе жыцця я зразумеў, што ў Беларусі лепш. Зусім іншы менталітэт. І калі цяпер такое робіцца кожную нядзелю, калі вось учора больш за тысячу чалавек затрымліваюць… Навошта? Што гэта мяняе? Гэта толькі павялічвае колькасць незадаволеных».

Па словах спадара Юрыя, наступстваў праз подпіс пад лістом у абарону Наталлі Дулінай і адлічаных студэнтаў пакуль для яго не было. Відэазапіс ягонага выступлення перад рэктарам таксама пакуль застаўся «беспакараным».

«Я не ведаў, што там у аўдыторыі нехта здымае відэа, — кажа спадар Юрый. — Але пра сваё выступленне я не шкадую. Ну што шкадаваць? Хтосьці мусіць гэта казаць. Калі мы чуем усе гэтыя заявы нашага кіраўніцтва пра тое, што гэтага вось не рабіце, так не трэба… Нічога ж не зменіцца насамрэч. Я не ведаю, ці пачула мяне кіраўніцтва ўніверсітэта. Хацелася б спадзявацца, што пачулі. На відэа трапіў толькі фрагмент выступлення, я закранаў і іншыя праблемы, універсітэцкія. Спадзяюся, мяне пачулі».

«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш». Размова з легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў

У МДЛУ працуе каля 700 выкладчыкаў. Адкрыта ў абарону звольненай Дулінай і студэнтаў выступілі каля ста з іх. Адносна невялікая частка заяўляе пра намер звольніцца ў знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Большасць, аднак, ніяк не выказвае сваёй пазіцыі.

«Людзі баяцца, — тлумачыць Юрый Стулаў. — Гэта ўсё яшчэ ад савецкіх часоў ідзе. Людзі тады баяліся, а цяпер асабліва. Калі ты страціш працу, што будзе з табой, з сям’ёй, дзецьмі? Гэта адна праблема. Другая — гэта тое, што ёсць людзі, якія глядзяць дзяржаўнае тэлебачанне. А там левае — гэта правае, а правае — гэта левае. Прамыванне мазгоў. Для чалавека, які прывык думаць крытычна, гэта адна справа. А ёсць людзі, якія вераць таму, што кажуць у тэлевізары. І выкладчыкі такія ёсць. Яны нічога не будуць падпісваць, яны будуць гаварыць, што не разумеюць, чаго мы абураемся, чаго нам не хапае. Ёсць і тыя, хто ні туды і ні сюды. Такім было заўсёды жыццё. На жаль».

Па словах выкладчыка, з універсітэта людзей цяпер звальняюць на падставе парушэння працоўнай дысцыпліны, прагулаў. Але, як ён кажа, іншага спосабу выказаць свой пратэст людзям проста не пакідаюць.

«Такіх, як я, у МДЛУ ўжо мала засталося»

«Увогуле я не збіраўся паступаць у Інстытут замежных моў у Мінску, збіраўся ў Маскву ехаць, — пачынае расказваць ён. — Хацеў італьянскую мову вывучаць, у нас тады яшчэ не было яе. Але тады складана было даведацца пра колькасць месцаў у Маскве, вельмі позна дазнаўся, як там што будзе. Падаў дакументы ў Мінску і паступіў. Хаця ў тыя гады паступіць было складана. А нам, пасля школы, практычна немагчыма. Бралі вучыцца тых, хто ўжо працаваў, меў стаж не менш за два гады. Нават калі на чатырох іспытах меў 19 балаў, то гэта яшчэ нічога не значыла. Конкурс я цяпер ужо не памятаю, але, здаецца, 12–16 чалавек на адно месца было. Курс у нас таленавіты быў. Шмат хто потым стаў выкладчыкам ва ўніверсітэце, дэканамі сталі, загадчыкамі кафедр».

Спадар Юрый узгадвае, што ў 1960–70-я гады вучыцца было складаней, чым цяпер. Былі зусім іншыя патрабаванні да студэнтаў, палова з ягоных аднакурснікаў навучанне так і не скончыла. Адзін іспыт 3–4 разы пераздаваць ніхто тады не дазваляў.

«У мяне бабуля была выкладчыцай у гімназіі, бацька пачынаў сваю кар’еру настаўнікам у школе, — працягвае ён. — Неяк так склалася, у мяне заўсёды былі схільнасці да выкладання. Так і прапрацаваў на адным месцы. Хаця былі вельмі добрыя прапановы. Запрашалі выкладаць у Польшчы, у Маскву запрашалі. Але ўжо была сям’я, мяняць лад для ўсёй сям’і было вельмі складана. Магчыма, каб я быў іншай асобай, то з’ехаў бы. Але тады я быў прарэктарам, думаў, як гэта я пайду? Хто будзе гэта рабіць, хто тое? Таму застаўся. З такім стажам, як у мяне, у МДЛУ вельмі мала засталося. Людзі сыходзяць. Я, магчыма, таксама сышоў бы. Але летам памерла мая жонка, і цяпер студэнты для мяне — гэта… Ёсць дзеля чаго жыць. Гэта мяне трымае ў добрым стане».

«Жонка летам памерла ад COVID-19»

Гаворачы пра свае погляды, спадар Юрый згадвае рэпрэсіраваных у сталінскія часы родных і маці, якая заўсёды шукала альтэрнатыву афіцыйнай пазіцыі. Сваю справу зрабіла і эпідэмія каранавіруса, якую ў Беларусі афіцыйна перамаглі акурат тады, калі сам Юрый Стулаў і ягоная жонка хварэлі на COVID-19.

«Я першы захварэў, — расказвае ён. — Два тыдні правёў дома, бо пазваніў у паліклініку, і там мне сказалі, што калі тэмпература, то да мяне прыйдзе доктар. Прыйшоў малады хлопец, пазней я даведаўся, што гэта быў студэнт-практыкант. Потым мне зрабілі рэнтген, аналіз крыві. Тры дні прайшло, вынікаў няма. Яшчэ прайшло тры дні, хлопец мне кажа, што забыў іх паглядзець. Затым ужо іншы прыйшоў. КТ можна было зрабіць толькі платна, два дні чаргі чакаць прыйшлося. А там сказалі, што двухбаковая пнеўманія, ковід, і трэба выклікаць хуткую. Мне пашанцавала, што трапіў у 2-ю бальніцу. А маёй жонцы, на жаль, не».

Па словах спадара Юрыя, дактары і медперсанал у шпіталі ўсяляк дапамагалі яму, стараліся вылечыць. А ягоную хворую жонку ў гэты час са стацыянару перавялі далечвацца дадому.

«Жонку адвезлі ў трэці шпіталь, — расказвае ён пра падзеі ліпеня. — Акурат па тэлебачанні сказалі, што каранавірус у Беларусі пераможаны. Тады ж трэці шпіталь закрылі, жонку адправілі дадому на самаізаляцыю. Я яшчэ быў у шпіталі, даглядаць яе не было каму. Прабыла дома 2–3 дні, стан пагоршыўся. Забралі зноў, цяпер у 4-ы шпіталь. Там яшчэ некалькі тыдняў. Я разумею, што мая жонка была інвалідам, хто там за імі стане глядзець. Выжывуць дык выжывуць. На жаль, яна памерла».

Гэта стала цяжкай стратай для самога спадара Юрыя і ўсёй яго сям’і. Выкладчыка абурае не толькі тое, што пра эпідэмію ў Беларусі расказвалі ўлады, але і выказванні кіраўніцтва ў адрас медыкаў, якія спрабавалі рабіць што маглі.

«Студэнты выйшлі, калі пачалася хлусня»

Выкладчык прызнаецца, што масавыя пратэсты студэнтаў у верасні сталі для яго нечаканасцю. У тым ліку пратэсты навучэнцаў яго роднага ўніверсітэта.

«У 1990 годзе гэта было натуральным вынікам гадоў усёй працы, якая вялася ва ўніверсітэце, — тлумачыць ён. — Нашы студэнты тады былі галоўнымі на плошчы Леніна. Яны не прымалі ілжывай савецкай сістэмы. А тут я зусім не бачыў, што нешта робіцца для крытычнай масы. Але вось як выйшла. Гэта ўжо іншае пакаленне, яны не такія. Мне падавалася, што ўсё ціха. Што вось прыемны ўтульны Мінск, кавярні, можна за мяжу паехаць, калі грошы ёсць. Але калі пачалася гэтая хлусня, то студэнты выйшлі. І плюс тое, як улады рэагавалі на падзеі. Ім трэба было разлічваць свае крокі. Людзі чакалі, што будзе нейкі дыялог. Але іх не пачулі».

Па словах спадара Юрыя, сённяшнія студэнты моцна адрозніваюцца ад тых, якія вучыліся ў «ін’язе» ў 1960-я гады. Ён кажа, што тады былі іншыя адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Больш блізкія і даверлівыя. Цяпер кантакт паміж імі іншы, значна слабейшы. Выкладчык наракае, што студэнты цяпер больш павярхоўна ўспрымаюць інфармацыю і веды. Разам з тым спадар Юрый кажа, што дзеянні студэнтаў цяпер надаюць яму аптымізму.

«Гэта ўсё прыемна, канечне, — кажа выкладчык. — Я бачу, што людзі маюць галаву. Я не люблю, калі студэнты толькі паўтараюць тое, што ім скажаш, што яны ўзялі з падручнікаў. Вось калі студэнт думае — гэта тое, што трэба. Гэта тое, што можа ўсё змяніць. На занятках сваіх мне нават не трэба неяк закранаць падзеі ў краіне. У мяне замежная літаратура. Кажу, каб чыталі кнігі, і ўсё. Прачытайце “Рычарда ІІІ” Шэкспіра, ці будуць у вас нейкія каментарыі? Ніхто не зможа спыніць прагрэс. Ён ідзе сам па сабе, кожнае пакаленне будзе ісці сваім чынам. Будзе крок наперад, два назад, але затым зноў будуць крокі наперад. Гэта немагчыма спыніць. Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш».

Спадар Юрый не хоча звальняцца з універсітэта, нават нягледзячы на магчымы ціск і новыя рэпрэсіі з боку адміністрацыі.

«Я лічу, што трэба заставацца працаваць, — кажа выкладчык. — Зразумела, звальняцца таксама цяжка, трэба шукаць новае месца. Але калі нехта будзе звальняцца, гэта будуць рабіць тыя, хто ўсведамляе ўсе праблемы і бачыць, як можна гэтыя праблемы вырашаць. Я лічу, што трэба заставацца працаваць. Мы не можам пакінуць нашых студэнтаў, ім таксама патрэбны нехта, хто падтрымае, хто дасць нейкую параду, калі яе папросяць. У нас ёсць досвед, якога ў іх няма».

Юрый Стулаў перакананы, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца. Ён кажа, што рэпрэсіі і ціск не могуць працягвацца бясконца, а людзі знойдуць іншыя спосабы пратэсту.

«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш». Размова з легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў


Няма запісаў для адлюстравання