Дашкевіч: «За пяць гадоў у турмах я такога не бачыў — на Акрэсціна катуюць людзей, пра гэта трэба крычаць»

177
Зміцер Дашкевіч з жонкай
Зміцер Дашкевіч з жонкай. Фота з фэйсбука

Грамадскі дзеяч, хрысціянін Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту, якія ён адбываў на Акрэсціна і ў Баранавічах. У каментары для «НН» Зміцер падзяліўся сваімі ўражаннямі.

«Мяне падвяло жаданне перакусіць. Калі я выйшаў з «Макдональдса», то адразу пад’ехалі дзве «Джылі», адкуль выскачылі шасцёра байцоў нейкага падраздзялення. Усё гэта было невыпадкова — як толькі мяне затрымалі, то адзваніліся палкоўніку: «Задача выкананая». Даволі спакойна мяне завезлі ў Маскоўскае РУУС, а адтуль ужо ў ЦІП на Акрэсціна.

Там мяне спачатку пасадзілі ў самую звычайную камеру, але толькі я лёг спаць, як мяне папрасілі сабрацца і выйсці адтуль. Завялі ў бетонную клетку. Статус гэтай клеткі вызначыць вельмі складана — гэта не ізалятар і карцар. І ў ізалятары, і ў карцары на ноч павінны адкідвацца нары, ёсць заўсёды вада. А гэта была самая звычайная катоўня. Я думаў, што пасля пяці гадоў турэмнага досведу мяне няма чым здзівіць, але я афігеў, калі гэта ўбачыў. Пра гэта трэба крычаць.

Там проста катуюць людзей. Мяне закінулі ў камеру да палкоўніка ДАІ Сяргея Маслоўскага, ён валяўся на гэтым бетоне 13 сутак. У суседняй камеры быў капітан міліцыі Заводскага раёна Дзмітрый Кулакоўскі, які сышоў са службы ў жніўні. Ім не даюць ні зубной пасты, ні таблетак, ні перадач ад родных.

Я хаджу па гэтым бетоне і кажу: «Не хапае толькі вады, каб залівалі», — а палкоўнік кажа: «Дык залівалі». Гэта катоўня, якой кіруюць садысты. Я пытаўся, чаму тут людзі спяць на бетоне, без нараў, без вады. На гэта на мяне крычаць: «Ты падла, мразь, я вас так, я вас сяк». Гэта немагчыма перакласці на чалавечую мову. Людзі па месяцы сядзяць там без душа, без нічога, яшчэ і распранаюць перад тым, як закінуць у камеру, каб ты пакутаваў найбольш.

Мяне троху ўратавала тое, што ўжо пачаўся ацяпляльны сезон, пачалі грэць батарэі, і палкоўнік, калі сыходзіў, пакінуў швэдар, на якім я прылёг. А так там проста здохнуць можна праз месяц — гэта такая дзіч невытлумачальная, пра гэта трэба крычаць увесь час. Яны ўсведамляюць, што закону няма. І калі Лукашэнка казаў «Часам не да законаў», то гэта не метафара, яны ў гэтым жывуць. Толькі не «часам», а пастаянна.

Яны прэсуюць былую міліцыю, іх не выпускаюць, дакідваюць новыя суткі, пішуць новую лажу. Капітану напісалі, што выйшаў з Акрэсціна і фоткаў будынак — дык у мяне тэлефона няма, кажа той. «Нічога, сведка кажа, што ёсць». Дык я не выходзіў нікуды. «Нічога, сведка кажа, што выходзіў». Проста начхаць на ўсё.

Гэта камера прыблізна 1,6*2*3 метра, там ёсць нары, якія адкідваюцца, але іх не адкідваюць. Там адмыслова адключылі ваду, схапіла ў каго страўнік, ты схадзіў у прыбіральню і змыць ніяк не можаш. Калі груба, каб разумелі, то трэба зайсці ў прыбіральню, апаражніцца, не змыць і легчы побач спаць на кафлю — гэта прыблізна тое, што адпавядае таму памяшканню. Калі ты адзін, то прасцей не есці, каб не хадзіць у прыбіральню, калі вас двое і вы паелі — то гэта шакуючае відовішча. Вады вельмі цяжка дапрасіцца.

Раней суд толькі па сутнасці быў цыркам, а цяпер стаў і па форме. Даюць мабільнік у рукі, міліцыянеру звоняць пастаянна, ён па дзесяць разоў скідвае званкі.

Мне палкоўнік расказваў, што ў тую катоўню закідвалі на дзень паэта Дзмітрыя Строцава, трэнера па кікбоксінгу Юрыя Булата, у іх ёсць спіс, каго туды кідаць. Я пасядзеў там трое сутак, але мо жонка за мяне заступалася, мо грамадскасць пачула, але на ноч перад этапам мяне закінулі ў нармальную камеру, дзе зноў сустрэў гэтага палкоўніка Маслоўскага, яму зноў накінулі 15 сутак.

Калі ён спачатку ўбачыў гэтыя ўмовы, то стаў галадаць, ён чалавек у гадах, падняўся ціск, яго забралі ў шпіталь МУС, там сястрычкі ставілі кропельніцы і плакалі. Па яго асабіста прыязджаў начальнік ізалятара, спачатку не аддалі, але праз дзён 5—6 адвезлі назад на Акрэсціна. Думаў, пасадзяць у нармальную камеру, але зноў кінулі на бетон. Капітан адсядзеў у катоўні 22 дні.

А пятай раніцы нас вывелі на этап у Баранавічы, да абеду мы стаялі ў двары. Потым закінулі ў аўтазакі, па дарозе ў адным з аўтазакаў лопнула кола, амапаўцы бегалі, мянялі. Дзесьці пад вечар прывезлі ў Баранавічы. Там, мне здаецца, у людзей засталося яшчэ больш чалавечага, але з Мінска іх пастаянна прэсуюць.

Калі нехта пасля катоўні на Акрэсціна прыязджае ў Баранавічы, то яму здаецца, што класныя ўмовы, і журналісты пішуць пра гэта. Тады адразу звоняць з Мінска і загадваюць ствараць невыносныя ўмовы і там: матрацы скруціць, на нарах не сядзець. Вельмі шмат хворых у Баранавічах, самая «забітая» турма, якую я бачыў, будынак развальваецца, вялікая вільготнасць. У мяне тэмпература падымалася да 38, у каго нюху няма, каго зябіць, лекаў не дапрасіцца. Але адэкватных чалавекаў там усё ж больш.

Вядома, быў шанец не выйсці, я да яго рыхтаваўся. Ацэньваў свае шанцы 50 на 50, але не пасадзілі. Чым больш заганяешся, тым горш сядзець».


Няма запісаў для адлюстравання