БЛІЦ: Калі, на Ваш погляд, павінна быць прынята рашэнне аб правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў?

1420
Бліц
Бліц

Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

– Некаторыя ад нас патрабуюць новыя выбары. Гарантую вам новыя выбары – тады, калі вы прымеце рашэнне. Гарантую!

(Падчас прамовы на адкрыцці новых станцый сталічнага метро 6 лістапада.) 

Здаецца, лёд крануўся. Аляксандр Лукашэнка нарэшце зразумеў: Беларусі патрэбны новыя, па-сапраўднаму сумленныя, дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары. Учора журналісты «Народнай Волі» звязаліся па тэлефоне з шэрагам вядомых людзей і задалі ім адно і тое ж пытанне: калі, на Ваш погляд, павінна быць прынята рашэнне аб правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў? 

Анатоль Бокун
Анатоль Бокун

Анатоль БОКУН, сустаршыня страйкавага камітэта ААТ «Беларуськалій»:

– Выбары трэба праводзіць тэрмінова, але павінна быць на 100 працэнтаў гарантыя, што яны будуць празрыстыя. Акрамя таго, у краіну павінна вярнуцца жыццё без гвалту над грамадзянамі, неабходна вызваліць палітвязняў і спыніць крымінальныя справы, якія завялі па палітычных матывах.

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

Міхаіл ЧЫГІР, экс-прэм’ер-міністр Беларусі:

– Чым раней будуць праведзены новыя выбары, тым лепш. Усе ж бачаць, у якой сітуацыі сёння знаходзіцца і краіна, і грамадства. Незразумела, ці то ў нас у Беларусі мір, ці то вайна.

Мяркую, на дату новых выбараў шмат у чым паўплывае знешні фактар – пазіцыя той жа Расіі. А самі ўлады, напэўна, спяшацца з новымі выбарамі не будуць.

Радзім Гарэцкі
Радзім Гарэцкі

Радзім ГАРЭЦКІ, акадэмік:

– Мне падаецца, што мы крыху не тое пытанне абмяркоўваем. Бо важна не дата, калі прымуць рашэнне аб правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў, а хто іх будзе арганізоўваць.

Калі і новыя выбары будзе праводзіць гэты самы Цэнтрвыбаркам на чале з Ярмошынай пры той выбарчай сістэме, калі галасы фактычна ніхто не лічыць, то вынік будзе такі ж, што і зараз.

Вось пра што трэба найперш гаварыць! Новыя выбары можна праводзіць толькі тады, калі будзе абсалютны празрысты падлік галасоў, які будзе кантралявацца грамадствам.

Анатоль Паўлаў
Анатоль Паўлаў

Анатоль ПАЎЛАЎ, былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– У любы час можна правесці выбары, але гэта павінны быць насамрэч выбары, а не чарговы падман людзей. Супраць чаго людзі тры месяцы пратэстуюць? Менавіта супраць падману. Перш-наперш ва ўчастковыя камісіі павінны ўваходзіць прадстаўнікі апазіцыі. Па-другое, празрысты падлік галасоў. Калі гэтага не будзе, то пачуем старую песню.

Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў

Аляксей ДУДАРАЎ, драматург, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР:

– Не ведаю, калі праводзіць новыя выбары. Хто я такі, каб ведаць? Нават калі б мне сказалі: «Даём табе права, вырашай!» – то і тады адмовіўся б. Таму што той, хто ведае ўсё цвёрда і дакладна, самі ведаеце, куды масціў дарогу сваімі «ведамі».

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Алег ГАЙДУКЕВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Рашэнне аб правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў павінна быць прынята пасля таго, як будзе новая Канстытуцыя. Каб не зламаць краіну.

Напрыклад, у Польшчы, хто б ні стаў прэзідэнтам, ён не зможа кардынальна змяніць курс краіны. І нам патрэбна, каб у Беларусі сталі мацнейшымі парламент і ўрад. Але для гэтага неабходна змяніць Асноўны закон. Вось той фармат, які мяне задавальняе. Але самае галоўнае – змена выбарчага заканадаўства і замена аднамандатнай выбарчай сістэмы на прапарцыянальна-мажарытарную.

Але спяшацца са зменай Канстытуцыі не варта. Нехта думае, што заўтра пройдуць новыя прэзідэнцкія выбары – і адразу жыць стане лепш. Так не будзе, бо мы бачым тыя эканамічныя і геапалітычныя выклікі, якія стаяць сёння перад краінай. Таму трэба ў спакойнай абстаноўцы змяняць Канстытуцыю і праводзіць выбары.

Кастусь Цвірка
Кастусь Цвірка

Кастусь ЦВІРКА, паэт:

– Толькі пасля таго, як пакіне сваю пасаду Лукашэнка. У адваротным выпадку празрыстых, сапраўды дэмакратычных выбараў мы зноў не ўбачым. Даверу да яго ў людзей ужо ніколі не будзе.

Пётр Садоўскі
Пётр Садоўскі

Пётр САДОЎСКІ, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, экс-пасол Рэспублікі Беларусь у Германіі:

– Перад тым як праводзіць новыя выбары, рэжым павінен выканаць тры ўмовы: сыход у адстаўку Лукашэнкі, спыненне гвалту і беззаконня ў краіне і вызваленне ўсіх палітвязняў. Народ ужо тры месяцы выходзіць на вуліцу з патрабаваннем выканаць гэтыя пункты.

Як можна казаць пра нейкія новыя выбары, калі ў нас сёння за кратамі каля 120 палітзняволеных? Калі за адзін дзень затрымліваюць каля тысячы і болей чалавек. Калі людзей збівалі і забівалі, а ў дачыненні да тых, хто гэта рабіў, не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы?!

Міхаіл Казінец
Міхаіл Казінец

Міхаіл КАЗІНЕЦ, дырыжор, народны артыст Беларусі:

– Я адмаўляюся каментаваць, прабачце. Я нават тэлевізар не гляджу.

Андрэй Радаман
Андрэй Радаман

Андрэй РАДАМАН, гісторык, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі:

– Новыя выбары павінны праводзіцца, калі будуць створаны ўмовы для кантролю за выбарамі і калі будзе перапісаны «Закон аб выбарах». Падрыхтоўка да іх павінна праводзіцца пры ўдзеле шырокай грамадскасці і пад наглядам АБСЕ. А пры дзейным заканадаўстве гэта немагчыма, улада жорстка прыбярэ ўсіх канкурэнтаў, нават зарэгістраваць апанентаў улады на гэты раз не ўдасца. Другі раз яны такой памылкі не дапусцяць. Таму трэба пачынаць са змены ў заканадаўстве. Асабіста мне імпануе Канстытуцыя 1994 года, у якой кіруючая роля адведзена парламенту краіны.

Раман Падаляка
Роман Падаляка

Раман ПАДАЛЯКА, былы артыст Купалаўскага тэатра:

– Па-першае, трэба, каб спыніўся гвалт на вуліцах. Трэба выпусціць усіх зняволеных, завесці крымінальныя справы на тых, хто гэта дапусціў. Увогуле гэта ўлада павінна сысці. А ўжо потым можна казаць пра выбары.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Васіль ПАЛЯКОЎ, грамадска-палітычны актывіст, Гомель:

– Новыя выбары трэба прызначаць неадкладна, каб вырашыць праблему легітымнасці прэзідэнцкай улады, а саму кампанію правесці ў тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй.

Лічу, што тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі скончыўся. Так званыя “прэзідэнцкія выбары”, праведзеныя ў жніўні, не прызнаны беларускім грамадствам і дэмакратычнымі краінамі. Наша назіранне за жнівеньскімі так званымі выбарамі паказала, што працэдура была цалкам закрытая не толькі падчас падліку галасоў, але і на працягу ўсяго працэсу. Назіральнікаў на большасць участкаў не дапусцілі, а там, дзе атрымалася весці паралельны падлік тых, хто прагаласаваў, мы сутыкнуліся з тым, што яўка датэрміновага галасавання была завышана ў два-тры разы.

Алена Давыдава
Алена Давыдава

Алена ДАВЫДАВА, медык, Гомель:

– Каб у краіне ўсталяваўся спакой, трэба на працягу бліжэйшага тыдня выпусціць з турмаў усіх палітзняволеных, каб даць ім магчымасць удзельнічаць у новых выбарах нароўні з іншымі кандыдатамі. І толькі пасля гэтага абвяшчаць новыя выбары. Пераканана: яны павінны прайсці без Лукашэнкі і яго “світы”.

На парадку дня стаіць і пытанне фарміравання трох незалежных галін улады, каб не адбылося замены адного дыктатара іншым. Гэта, на мой погляд, можна зрабіць і пры цяперашняй Канстытуцыі і сістэме кіравання.

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга АНДРЭЕВА, псіхолаг:

– Чым хутчэй, тым лепш. І ніякіх кампрамісаў з дзеючай уладай! Верыць ёй ні ў чым нельга.

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

Анатоль СІДАРЭВІЧ, гісторык:

– Новыя выбары павінны прайсці як найпазней у снежні. Так паводле Канстытуцыі. Апошнія былі ў 2015 годзе, значыць, наступныя – у 2020-м. Пры ўмове, што мадам Ярмошына не будзе ўзначальваць ЦВК, а ва ўчастковыя камісіі нарэшце будуць уключаны людзі, якія ўмеюць лічыць, – прадстаўнікі апазіцыйных партый і грамадскіх рухаў. І, нарэшце, калі назіральнікі змогуць рэальна назіраць за падлікам галасоў, а не бачыць толькі азадкі чальцоў участковых камісій. Каб назіральнік мог рэальна, як у 1994 годзе, бачыць кожны бюлетэнь. Тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі скончыўся. Ён цяпер в.а. прэзідэнта.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Сяргей ДУБАВЕЦ, пісьменнік:

– Выбары мусяць прайсці да Новага года. Хоць асабіста я адчуваю, што чым раней, тым лепей для народа і краіны. Праўда, рэалістычна нішто не абяцае нам новых выбараў. Страшна не хочацца пагружацца ў гэтую доўгую ноч, і мы можам толькі марыць, што і ў гвалту ёсць нейкая мяжа.

Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін

Аляксей МАРАЧКІН, мастак:

– Няма веры такім выбарам, якія будуць адбывацца па ініцыятыве дзейнага начальніка краіны. Спачатку Лукашэнка павінен падаць у адстаўку, і толькі тады прымацца рашэнне пра новыя выбары. Ну і адмяніць дзеянне нелегітымнай Канстытуцыі. Такім чынам, тры пункты: першае – адстаўка, другое – вяртанне Канстытуцыі 1994 года, трэцяе – выбары. А ўвогуле я за парламенцкую рэспубліку.

Алесь Смалярчук
Алесь Смалярчук

Алесь СМАЛЯНЧУК, доктар гістарычных навук, Гродна:

– Я лічу, што такое рашэнне ўжо даўно павінна быць прынята, і не чалавекам, які называе сябе сёння прэзідэнтам Беларусі. Усё, што ён гаворыць зараз, – гэта хлусня, у якую немагчыма верыць. Спадзяюся, што рашэнне будзе прынята або напрыканцы гэтага года, або на пачатку наступнага.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Алесь КРАЎЦЭВІЧ, доктар гістарычных навук, Гродна:

– Рашэнне павінна быць прынята тэрмінова з умовамі адстаўкі Лукашэнкі і вызвалення палітвязняў.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Алег ТРУСАЎ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:

– Новыя выбары прэзідэнта павінны быць аб’яўлены як мага хутчэй. Асноўная маса людзей выходзіць на вуліцы і плошчы нашых гарадоў з патрабаваннем новых выбараў. Каб ліквідаваць гэты крызіс, іх трэба як мага хутчэй правесці.

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля».
Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання