Бел-чырвона-белы сцяг – не растаптаць!

347
Бел-чырвона-белы сцяг

На адным з мірных шэсцяў давялося пабачыць, як АМАП здзекаваўся з людзей не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Сілавікі ў масках прымушалі затрыманых наступаць на бел-чырвона-белы сцяг, разасланы на ўваходзе ў амапаўскі бусік. Тых, хто стараўся перакрочыць праз сцяг, амапаўцы збівалі дубінкамі. І самі падавалі прыклад – тапталіся па сцягу сваімі чорнымі чобатамі і здзекліва рагаталі. І гэта пры тым, што бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным сімвалам Беларусі ў 1991–1995 гадах, пад ім грамадзянін Лукашэнка прымаў прэзідэнцкую прысягу.

Мала таго, што па БТ абзываюць нацыянальны сцяг “фашысцкім”, дык яшчэ трэба і патаптацца па ім… Гэтым сваім учынкам АМАП яшчэ раз даказаў сваю пустагаловасць, паказаў, што беларуская дзяржава для яго супрацоўнікаў – пусты гук. Бо таптаць і зневажаць былы сімвал дзяржавы, якой ты нібыта служыш, могуць толькі нягоднікі і людзі без “прававых тармазоў”. З гэткай жа ахвотай, калі паступіць каманда, яны будуць таптаць і чырвона-зялёны…

Але светламу, авеянаму хрысціянскай легендай бел-чырвона-беламу сцягу не страшныя зашнураваныя капыты звар’яцелых ад беспакаранасці служак. Ім не дадзена яго растаптаць. Да яго не прыстане гразь прапагандысцкай брахні. Я перакананы: наш Сцяг яшчэ ўзнімецца на дзяржаўныя флагштокі!

Станіслаў ЖУКОЎСКІ, мінчанін.

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання