Алесь ПУШКІН: «Ад пацалункаў рэкамендую ўстрымацца!»

117
Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Вядомы беларускі мастак тры тыдні пакутаваў ад каранавіруснай інфекцыі.

“Так цяжка я ніколі ў жыцці не хварэў!” – прызнаўся “Народнай Волі” Алесь Пушкін.

– На пачатку кастрычніка музыкант і арганізатар папулярных “Спеўных сходаў” Сяргей Доўгушаў ладзіў некалькі мерапрыемстваў у бары “Сіняя каза”, там жа адбылася прэзентацыя “Спеўніка”, ну і, відаць, менавіта там я і падхапіў гэтую інфекцыю, – дзеліцца Алесь Пушкін. – Бо народа было шмат. І я ж у масцы быў, але ўсё роўна нічога не дапамагло! 14 кастрычніка я яшчэ з дзеўкамі танчыў, а літаральна праз некалькі дзён пачаўся насмарк. З носа цякло і цякло, як вадаспад!

Думаю, усё ж такі правільна зрабілі ў Еўропе, што забаранілі збірацца разам больш як 10 чалавекам.

– І як хвароба развівалася?

– Спачатку праблемы з носам, потым, праз пару дзён, папаўзла ўверх тэмпература. Спачатку было 37, а потым – 39. Я не мог хадзіць на працу і выклікаў хуткую дапамогу. А пасля таго, як тэст паказаў станоўчы вынік, пераехаў у дом сястры ў Бабры – яна, дарэчы, захварэла на COVID-19 раней за мяне прыкладна на тыдзень. Паколькі яна была ў шпіталі з правабаковым кавідным запаленнем лёгкіх, я застаўся на самаізаляцыі ў яе доме. Каб не кантактаваць з сям’ёй.

– Чым лячыліся?

– Мяне назірала мясцовы доктар, з нашай амбулаторыі, Анастасія Віктараўна Свірыдава. Яна паслухала мяне, сказала, што запалення няма, проста вірусная інфекцыя. Але выпісала мне два антыбіётыкі: “Сумамед”, вельмі дарагі – 65 рублёў, і “Адзіцэф”, таксама моцны. І я 11 дзён быў на антыбіётыках, пасля тэмпература спала, і стала лягчэй.

– А камп’ютарную тамаграфію рабілі?

– Пакуль не, але планую зрабіць. А гэта яшчэ мінімум 80 рублёў трэба плаціць.

– Першы тэст, які вам зрабілі, адразу паказаў “модны” вірус?

– Так. Увогуле, гэта вельмі незвычайная, каварная хвароба. Я ніколі ў жыцці так цяжка не хварэў! Два тыдні кожны дзень трымалася тэмпература, нават калі я прымаў антыбіётыкі! Цяжка вельмі збівалася. Прычым узнімалася з самага ранку і была вельмі высокая. Я яе збіваў, але вечарам яна таксама паўзла ўверх.

Ад душы раю: не хадзіце на масавыя мерапрыемствы, апранайце маску і трымайце дыстанцыю! Гэта вельмі правільныя парады, якія трэба выконваць усім без выключэння!

– Дык а з мітынгамі, на якія пад сто тысяч чалавек адначасова выходзяць, што рабіць?

– А вось на мітынгі можна, бо яны на свежым паветры, на вуліцы адбываюцца. А я пра памяшканні кажу. Вось мы ў “Сіняй казе” танчылі, усе потныя, памяшканне невялікае, а людзей – бітком! І Сяргей Доўгушаў, дарэчы, таксама цяпер з кавідам ляжыць! Ён правёў тры імпрэзы, а потым і я злёг, і ён…

Так што гэта сур’ёзная рэч! Дыстанцыя сацыяльная, свежае паветра – абавязковыя рэчы.

– Жонка, дзеці – не захварэлі?

– Не, бо я вельмі правільна зрабіў, што не кантактаваў з імі ад самага пачатку хваробы. Напрыканцы мінулага тыдня мне далі даведку, што магу ісці на працу, што тэст на каранавірус у мяне адмоўны.

Так што не хадзіце на танцы, у памяшканнях не таўчыцеся, у барах не сядзіце.

– А з пацалункамі як быць?

– Настойліва рэкамендую ўстрымацца! Бо нельга зараз. На сваім уласным вопыце кажу: вось патанчыў крыху з дзеўкамі ўблізкую, крутнуўся, удыхнуў пах валасоў – і ўсё! Ад гэтага, можна сказаць, і захварэў…

Правільна ўсё ж на Захадзе каранцін гэты зрабілі. Добра, што ў цэрквах і касцёлах рэкамендуюць трымацца на дыстанцыі. Нельга грэбаваць гэтымі правіламі. Бо хвароба небяспечная вельмі…

Публікацыя з 89 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання