«У ІЧУ праходзіць нечарговы медыцынскі сімпозіум»: на Акрэсціна трапілі ўнікальныя дактары

269

Сёмага лістапада ў Мінску было затрымана каля 60 медыкаў. Частку з іх увечары адпусцілі з міліцэйскіх участкаў з позвамі ў суд, каля двух дзясяткаў медработнікаў адвезлі на Акрэсціна. Сярод затрыманых унікальныя ў сваёй сферы спецыялісты, паведамляе “Радыё Свабода”.

З раніцы ў суботу каля першага клінічнага шпіталя ўжо стаялі аўтазакі. «Хапун» пачаўся, калі медыкі пачалі збірацца на марш – на падыходах да шпіталя. У людзей не было сімволікі, не было ніякіх лозунгаў. Пад’ехалі мікрааўтобусы з таніраванымі шыбамі, людзей проста запіхалі ў бусікі і аўтазакі і завезлі ў Першамайскае і Ленінскае РУУС. Некаторых адпусцілі з пратаколамі (парушэнне артыкула 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і позвамі ў суды на аўторак-сераду.

Паводле звестак незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», каля двух дзясяткаў медыкаў завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна да суда.

Усе яны ўнікальныя спецыялісты ў сваіх сферах.

За кратамі ўролаг, рэнтгенолаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, хімік з РНПЦ анкалогіі.

Аляксандр Мініч – вядучы навуковы супрацоўнік аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (АМР) імя Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук.

Ён вядучы спецыяліст Цэнтра лапараскапічнай хірургіі, валодае тэхнікай малаінвазійных лапараскапічных аперацый у анкалагічнай уралогіі. Быў на стажыроўцы ў вядучых клініках Ізраіля (у клініцы Бэйлінсон, медыцынскім цэнтры імя І.Сураскай), ва ўніверсітэцкай клініцы Зальцбурга (Аўстрыя), прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі і майстар-класы лапараскапічнай уралогіі ў Германіі, Чэхіі, Расіі, Украіне, Грузіі.

Аляксандр Мініч уваходзіць у Еўрапейскую асацыяцыю ўралогіі (EAU), Амерыканскую ўралагічную асацыяцыю (AUA), Міжнароднае ўралагічнае таварыства (SIU).

У ІЧУ знаходзіцца і доктар-рэнтгенолаг аддзялення пазітронна-эмісійнай і камп’ютарнай тамаграфіі РНПЦ АМР імя Аляксандрава Кірыл Паддубны.

Калега, аднакурсніца Кірыла Ганна Ляўковіч, піша«Зараз у ізалятары часовага ўтрымання праходзіць нечарговы медыцынскі сімпозіум. Кірыл Паддубны, наш аднакурснік, да прыкладу, адзін з 8 дактароў-спецыялістаў на ўсю краіну. У часы, калі кожны медык на вагу золата, можна дазволіць запакаваць пару дзясяткаў спецыялістаў».

На Акрэсціна Кірыл Працэнка – загадчык ізатопнай лабараторыі кантролю якасці радыяфармацэўтычных лекавых сродкаў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

Кірыл па адукацыі хімік, скончыў хімічны факультэт БДУ.

Затрыманы і анестэзіёлаг-рэаніматолаг першай катэгорыіі РНПЦ анкалогіі Валерый Жгіроўскі.

«Амаль 40 гадоў ён ратуе анкалагічных хворых, дарослых і дзяцей. Разумны, адукаваны, інтэлігентны, надзвычай сціплы чалавек! Калі на вуліцы выйшлі такія мэтры нашай медыцыны, значыць, усё, край. Маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, немагчыма»,піша ў фэйсбуку Інэса Дароніна.

На Акрэсціна – псіхіятр, спеыяліст у цяжкіх псіхатычных расстройствах і шызафрэніі.

Сяргей Папоў працуе на кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА).

З чырвоным дыпломам скончыў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Дасканала валодае англійскай мовай. Па размеркаванні працаваў тэрапеўтам і доктарам агульнай практыкі ў Оршы. З 2005 года спецыялізуецца на псіхіятрыі – спецыяліст у сферы псіхасацыяльных інтэрвенцый і псіхатэрапіі цяжкіх псіхатычных расстройстваў і шызафрэніі.

Сяргей Папоў займаецца псіхааналітычнай тэрапіяй пагранічных асобасных расстройстваў, тэрапіяй афектыўных і трывожных расстройстваў.

Ён член Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі, старшыня яе этычнай камісіі, член Міжнароднага таварыства псіхалагічных і сацыяльных падыходаў да псіхозаў.

У неўролага Кацярыны Мазурэнкі сёння дзень нараджэння.

Праз пяць гадзін пасля затрымання жанчын пачалі адпускаць з позвамі ў суд на аўторак і сераду. Сваякі, калегі, якія чакалі медыкаў каля ўчасткаў, спадзяваліся, што жанчын вызваляць, не будуць трымаць усе выходныя ў ізалятары. Але вызвалілі не ўсіх.

У доктара-неўролага Кацярыны Мазурэнкі 8 лістапада дзень нараджэння.

Яна дацэнт кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА.

Кацярына Мазурэнка спецыялізуецца на праблемах дыягностыкі і лячэння рэдкіх хваробаў – Паркінсана, рассеянага склерозу. Навукоўца і доктар-практык апублікавала больш за 40 навуковых раблт, мае патэнт на вынаходніцтва «Спосаб вызначэння наяўнасці кагнітыўных парушэнняў у пацыентаў з хваробай Паркінсана».

Тры гады таму Кацярына абараніла кандыдацкую дысертацыю. Цяпер працуе над доктарскай.

На Акрэсціна кардыёлаг, якая лячыла інфаркт у амапаўца.

На Акрэсціна знаходзіцца кардыёлаг, загадчыца кардыялагічнага цэнтра 36-й паліклінікі Вольга Карнеева.

Вось што пра яе піша ў фэйсбуку Таццяна Марціновіч: «Я з ёю пазнаёмілася на Пушкінскай, калі мы венікамі вымяталі соль з пяском, якімі пакрылі надпіс “Не забудзем”. Вольга расказала гісторыю. Калі быў адзін з першых жаночых маршаў каля Чырвонага касцёла, яна была сярод гэтых адважных жанчын. Прыбыла група “прыгажуноў” у чорным. Іх начальнік пазнаў ў Вользе Пятроўне доктара-кардыёлага, якая лячыла яго пры інфаркце міякарда. І гэты “ўдзячны” неапазнаны суб’ект прапанаваў Вользе бесперашкодна пакінуць плошчу. На што Вольга адказала, што ў яго зараз ёсць выбар. Альбо яна ў аўтазак, альбо ён пакідае плошчу. І ягоная група пакінула плошчу».

Небяспечныя для ўладаў і дактары-стаматолагі.

Затрыманыя і дактары-стаматолагі. Аксана Мароз працуе стаматолагам-тэрапеўтам першай катэгорыі ў 9-й стаматалагічнай паліклініцы Мінска. На Акрэсціна ўтрымліваюць і дзіцячага доктара-стаматолага Наталлю Акімаву з Мінскага абласнога дзіцячага шпіталя.

Сяброўка Аксаны Мароз піша ў фэйсбуку: «Дырэктар маёй кампаніі адседзеў за пікет. Любімы стаматолаг і цудоўны чалавек Аксана Мароз была затрымана на акцыі медыкаў. Кола звужаецца. Жарт “хто не сядзеў – той не беларус” ужо не палохае. І чамусьці ўзгадваецца пра “кожнага чацвёртага” ў Айчынную. Падобна, калі ў Беларусі адседзіць кожны дзясяты, нацыя стане непераможнай».


Няма запісаў для адлюстравання