Валерый Карбалевіч: Чаму беларуская АЭС – гэта адна вялікая праблема

2437
Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

У любы іншы момант запуск АЭС стаў бы важнай, нават гістарычнай падзеяй у жыцці краіны. Але беларуская рэвалюцыя амаль цалкам засланіла гэты сюжэт, разважае ў сваім тэлеграм-канале беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

У свой час пытанне будаўніцтва АЭС было моцным раздражняльнікам грамадска-палітычнага жыцця. А цяпер гэтая тэма неяк паступова адышла на другі план. Магчыма, таму, што калі ўжо станцыю пабудавалі, то куды падзецца, трэба прыняць яе як яшчэ адну беларускую рэальнасць.

Запуск АЭС першапачаткова быў запланаваны на пачатак жніўня. Гэта павінна было стаць галоўнай піяр-акцыяй выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак не паспелі. Палітычнага эфекту не атрымалася.

Ад самага пачатку будаўніцтва АЭС было зразумела, што сэнс рэалізацыі гэтага грандыёзнага праекту найперш палітычны. Ён задавальняе чарговыя непамерныя амбіцыі аднаго чалавека. Што тычыцца ўсяго астатняга, то чым далей, тым больш становіцца зразумела: станцыя не столькі вырашае нейкія эканамічныя праблемы, колькі стварае новыя.

Можна канстатаваць, што Беларуская АЭС – гэта адна вялікая праблема.
Найперш, нягледзячы на запэўніванні ўрадавых чыноўнікаў пра вялікі эканамічны эфект АЭС, насамрэч гэта не так. Увогуле акупнасць атамных станцый у свеце даволі сумнеўная. Тут трэба ўлічыць выдаткі на захаванне адкідаў, на вывад АЭС з эксплуатацыі ў будучыні.

Галоўная ж праблема – што рабіць з лішкамі электраэнергіі, якія з’явяцца адразу пасля таго, як станцыя пачне працаваць на поўную магутнасць. Планы экспарту за мяжу аказаліся ўтапічнымі. Для рэалізацыі на ўнутраным рынку трэба будаваць вялікую і нятанную інфраструктуру, каб паглынуць гэтыя лішкі (электракатлы, станцыі сілкавання для электрамабіляў і інш.). Крыніц фінансавання такога будаўніцтва, акрамя бюджэту, у якім цяпер вялікі дэфіцыт, няма.

Па-другое, з 2023 года давядзецца выплачваць Расіі вялікі крэдыт. У крэдытным пагадненні з Расіяй закладалася $ 10 млрд. Праўда, Лукашэнка казаў, што ўдалося сэканоміць і абмежаваліся сумай у $ 7 млрд. У любым выпадку гэта моцна павялічвае замежны доўг Беларусі. Хачу нагадаць, што і цяпер ураду няма чым плаціць знешнюю запазычанасць.

Па-трэцяе, запуск АЭС рэзка павялічвае залежнасць Беларусі ад Расіі. У дадатак да газавай, нафтавай, фінансавай залежнасці краіна трапляе яшчэ і ў атамную залежнасць ад РФ. Дарэчы, дагэтуль не падпісана пагадненне аб перапрацоўцы на расійскай тэрыторыі радыеактыўных адкідаў з Беларускай АЭС.

Па-чацвёртае, АЭС стала фактарам вострага канфлікту з суседзямі, найперш з Літвой.

І, нарэшце, па-пятае – магчыма, самае галоўнае. Пасля 9 жніўня адбываецца імклівае разбурэнне дзяржавы ў Беларусі. Няма легітымных, з гледзішча грамадства, кіруючых інстытутаў. Некаторыя дзяржаўныя функцыі проста атрафіраваліся. Эфектыўна працуюць толькі карныя органы. Але АМАП дрэнна пасуе для забеспячэння радыеактыўнай бяспекі.

Хачу нагадаць, што яшчэ 30 ліпеня былі зменены ранейшыя нормы бяспекі, якія прадугледжвалі фізічны пуск рэактара толькі пасля выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю. А цяпер, паводле новых норм, можна запускаць без ліцэнзіі.

І вось у такой краіне з дзяржаўнымі інстытутамі, якія распадаюцца, запускаецца АЭС. Сюжэт беларускай драмы закручваецца ўсё мацней.

Можна выказаць гіпотэзу, што цяпер Лукашэнку гэтай краіны, якая паўстала супраць яго, не шкада.

Напалеон, знаходзячыся ў ссылцы на востраве Святой Алены, пісаў: «Я пакідаю ў спадчыну ўсім царствуючым дамам жах і ганьбу апошніх дзён майго жыцця». Так і Лукашэнка за жах і ганьбу сваіх апошніх месяцаў пакідае беларусам АЭС. Маўляў, 60 гадоў будзеце расхлёбваць. Надоўга запомніце Лукашэнку.


Няма запісаў для адлюстравання