Жырыноўскі спрабуе схаваць патаемныя мары Крамля

374
Уладзімір Жырыноўскі
Фота: dw.com

Нядаўна небезвядомы Уладзімір Жырыноўскі ў чарговы раз звярнуўся да беларускай тэмы. Ён гучна абвясціў, што Расія мусіць цяпер трываць Аляксандра Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта ў інтарэсах сваёй бяспекі, бо ў выпадку яго сыходу “і Літва забярэ частку Беларусі, і Польшча забярэ, і Кіеў забярэ. Яе не будзе, Беларусі, – расцягнуць на кавалкі суседнія краіны”.

Асабліва, канешне, уражвае ўкраінская агрэсія. Так і бачыш, як “бандэраўцы” кідаюць фронт у Данецку і Луганску і паўзуць праз прыпяцкія балоты, каб захапіць Пінск і Мазыр…

Хоць выказванне крамлёўскага рэтранслятара і ўражвае, але думка не новая. Яшчэ больш за дваццаць гадоў таму тагачасны праўладны беларускі палітык С.Касцян лямантаваў: “Калі Польшча ўвойдзе ў НАТО, а яна ўвойдзе, мы можам ператварыцца ў польскія землі. Калі Беларусь не пажадае ўваходзіць у НАТО і будзе аказваць нейкае супраціўленне, Захад пойдзе на тое, каб справакаваць канфлікт на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, а потым, у абарону сваіх грамадзян, увесці войскі НАТО”. А зусім нядаўна нечым падобным палохаў беларусаў і Лукашэнка.

Заўважу: у свой час такія жахі найлепшым чынам пракаментаваў выбітны палітолаг, дарадца амерыканскага прэзідэнта Збігнеў Бжэзінскі: “Любы разважны паляк разумее, што, калі Польшча будзе рухацца ў накірунку Гродна і Навагрудка, ёй хутка прыйдзецца развітацца са Шчэцінам і Вроцлавам”. Адным словам, нам, беларусам, можна спаць спакойна, з польскага боку ніякай агрэсіі не прадбачыцца. А Лукашэнку патрэбны “ворагі” толькі для таго, каб збіць хвалю грамадскага абурэння брутальнымі фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў: маўляў, глядзіце, на нас ідуць вайной, краіна ў небяспецы, яе трэба ратаваць як толькі можна.

Што тычыцца Жырыноўскага, дык тут усё зразумела: злодзей заўсёды грамчэй за ўсіх крычыць “Трымай злодзея!”. Ні для каго не сакрэт, што Масква сама марыць інкарпарыраваць Беларусь, прычым не частку, а цалкам. Між іншым, крыху раней гэты ж Жырыноўскі засведчыў: “Апошняе, што павінен зрабіць Лукашэнка, пакуль ён прэзідэнт, – гэта звярнуцца да парламента Расіі, урада і прэзідэнта: прыняць Беларусь у склад Расіі”.

Пры гэтым адыёзны лідар ЛДПР разумее, што любыя вольныя выбары ў Беларусі прывядуць сённяшні рэжым да канца. Але яго пужае, што тады пацярпіць і Расія, таму што да ўлады могуць прыйсці “беларускія Гайдары, Навальныя, Хадаркоўскія” і Расія атрымае тэрыторыю з непрымальнымі для яе прапагандай і паводзінамі.

Паколькі сам па сабе Уладзімір Вольфавіч абсалютна ніякай небяспекі не ўяўляе, на гэтыя глупствы можна было б не звяртаць увагі. Але справа ў тым, што раз-пораз менавіта ён агучвае намеры Крамля, якія той па нейкіх прычынах не жадае публічна кранаць сам.

Яскравы прыклад: не паспеў Жырыноўскі пашкадаваць, што ў нашай краіне няма ніводнай прарасійскай палітычнай партыі, як у Мінску адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па заснаванні палітычнай партыі “Союз”. Зразумела, што дадзеная структура атрымае магутную ўсебаковую падтрымку з Масквы, пры тым што ранейшага супраціўлення беларускай улады такім памкненням у цяперашняй сітуацыі чакаць ужо не выпадае. І якраз гэта можа аказацца сапраўднай пагрозай пры правядзенні новых выбараў.

На тле гэтага сур’ёзную занепакоенасць выклікаюць кантакты асобных прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады у Маскве з мэтай памяняць расійскую грамадскую думку пра стан спраў у Беларусі і яе будучыню праз экспертную супольнасць. Праблема ў тым, што тыя тамтэйшыя эксперты, якія маюць хоць які-небудзь ўплыў на расійскае кіраўніцтва (дарэчы, у любым выпадку зусім невялікі), самі ў той ці іншай ступені ёсць апантаныя імперскімі настроямі.

Адпаведна, вельмі наіўна чакаць ад іх чагосьці на карысць беларускай незалежнасці, у тым ліку за якую працягваюць змагацца на вуліцах сталіцы сотні тысяч грамадзян. Калі і ўзнікне пагроза для нашай краіны, то яна будзе сыходзіць не з Захаду, як дэкларуюць Жырыноўскі і Лукашэнка, а менавіта з процілеглага боку – ад расійскій імперцаў.

Міхась ІЛЬІНСКІ, мінчанін.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання