Сітуацыю на «Гродна Азот» замоўчваюць

2593
Сітуацыю на «Гродна Азот» замоўчваюць
Фота https://www.google.by

Сітуацыя на гродзенскім прадпрыемстве “Гродна Азот”, дзе некаторыя рабочыя далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі і былі звольнены, прыцягвае ўвагу не толькі жыхароў Гродна. У сеціве з’яўляецца шмат самай рознай, нават супрацьлеглай інфармацыі. Сяргей Шэлест, ужо былы работнік “Гродна Азот”, сцвярджае, што на прадпрыемстве стварылі новы аддзел па бяспецы, якім кіруе дзеючы супрацоўнік КДБ. Хаця служба бяспекі была на заводзе і раней.

Са слоў хлопца, у цэху “Аміяк-3”, дзе ён працаваў, ужо звольнілі 16 чалавек, яшчэ чатырох – у цэху “Карбамід-4”. Самога Шэлеста пасля разліку асудзілі на 5 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Кіраўнік Незалежнага прафсаюза Андрэй Ханевіч у заводскім чаце напісаў, што работнікі, якія далучыліся да стачкі, хоць і не прыступалі да працы, але да звальнення знаходзіліся ў цэху на рабочых месцах і гатовы былі адрэагаваць на пазаштатную сітуацыю. Ці знайшлі ім кваліфікаваную замену? Пытанне, на якое кіраўніцтва прадпрыемства адкрыта не адказвае.

Што тычыцца спецыялістаў, быццам прывезеных з іншых хімічных прадпрыемстваў краіны, то пра іх практычна нічога не вядома нават самім завадчанам. Паводле чутак, прыехалі 29 чалавек, але ніхто гэтую лічбу не пацвердзіў. Штрэйкбрэхераў нібыта пасялілі ў заводскім прафілакторыі за горадам, куды ўваход староннім забаронены. Возяць на працу і з працы арганізавана на аўтобусе.

Нягледзячы на ўсе заліхвацкія завярэнні адміністрацыі “Гродна Азот”, што жадаючых прыехаць і працаваць аказалася больш, чым патрабуецца, гэта яшчэ не вырашэнне праблемы, якая паўстала на прадпрыемстве. І цяпер, паводле сведчанняў рабочых, многія змены працягваюць працаваць неўкамплектаванымі. У іх склад уваходзяць пенсіянеры, стажоры, работнікі з іншых падраздзяленняў.

Дарэчы, ёсць яшчэ адна прычына недахопу персаналу ў цэхах прадпрыемства – COVID-19. Паводле інфармацыі заводскай шматтыражкі, на 4 лістапада на каранавірусную інфекцыю хварэюць 108 супрацоўнікаў, паправіўся 451.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання