Прыдзвернік культуры

1762
Юрый Бондар
Фота http://shumilina.by

Ёсць такая прыпавесць. Прывязалі каня да дрэва, але падкраўся чорт і адвязаў яго. Конь пабег на сялянскі палетак і здратаваў пасевы. Селянін раззлаваўся, схапіў дубальтоўку і застрэліў каня. Яго гаспадар, ашалеўшы ад злосці, ледзь не падняў селяніна на вілы. Жонка селяніна знепрытомнела ад страху, але падкралася да крыўдзіцеля і кантузіла яго качаргой. Сын гаспадара каня нацкаваў на кабету сабаку, а суседзі, салідарныя з ёю, ноччу спалілі хлопцу хату.

Калі людзі спыталіся ў чорта, навошта ён усё гэта вытварыў, той адказаў: я нічога кепскага не зрабіў – толькі адвязаў каня.

Хто ў Беларусі “адвязаў каня” і справакаваў агульнанародныя забурэнні, думаю, тлумачыць не трэба. А вось астатнія персанажы прыпавесці нагадваюць мне паралізаваных страхам і аслепленых злосцю беларускіх чыноўнікаў. Іх “адвязаныя коні” плюндраць усё навакол без усякай боязі і супыну – вуздэчка закона з іх знята. Кожныя выхадныя Мінск ператвараецца ў палігон здзекаў з тысяч і тысяч сумленных людзей, тых, хто не можа пагадзіцца з нахабнымі махінацыямі падчас падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, тых, чыя фенаменальная мужнасць выводзіць з сябе ўладную вертыкаль і гарызанталь.

ІТ-сфера, спорт, адукацыя, прыватны бізнес – рэпрэсіўная машына малоціць усіх без разбору. Арышты, прысуды, звальненні, застрашванні, фізічны гвалт – штодня ў інфармацыйным мэйнстрыме, сёй-той (гэта відно па сацсетках) ужо і прывыкаць стаў.

Я прывыкнуць не магу. Ды і як можна звыкнуцца з абсурдам?

Скульптар Генадзь Лойка за ўдзел у Курапацкім шэсці атрымаў 20 сутак і быў збіты ў турме толькі за тое, што размаўляў па-беларуску і законна патрабаваў, каб дзяржаўнай мовай карысталіся і сілавікі. Што ў іх мазгі набакір, гэта пацверджана тысячу разоў, але ёсць жа ў нас Міністэрства культуры, у якім проста абавязаны ведаць, што Лойка перадаў дзяржаве бясплатна (фактычна падарыў) помнік Касцюшку ў Марачоўшчыне. Ведае пра гэта міністр культуры Юрый Бондар ці не? А калі ведае, чаму не напісаў хадайніцтва суддзі? Чаму ўрэшце сам не паехаў у суд, каб сказаць важкае міністэрскае слова ў абарону скульптара-дабрачынца?

Адсядзелі свае суткі дырыжоркі Галіна Казіміроўская і Таццяна Галуза – не за ўдзел у пратэстных шэсцях, а за тое, што нібыта дырыжыравалі імправізаванымі хорамі ў публічных месцах. Тыя хоры, заўсёды прыхільна вітаныя публікай, спявалі “Купалінку”, “Пагоню”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Гэта экстрэмісцкія песні? Не. То чаму Юрый Бондар не пазваніў па вяртушцы свайму калегу ў МУС і не папрасіў адпусціць папулярызатараў песеннай класікі?

З Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў ліку іншых звольнены спявак Ілья Сільчукоў – оперная зорка еўрапейскага маштабу. Прычына – не там аўтограф паставіў, не ў тым відэароліку “Магутны Божа” праспяваў. Паглядзеў я той ролік – мілатá і магутá (як сказаў бы светлай памяці Ян Скрыган). То як мог дапусціць тое звальненне міністр культуры Юрый Бондар?

Дарэчы, яго ведамства, паводле чутак знізу, пайшло следам за мітрапалітам Веньямінам і не рэкамендавала выконваць “Магутны Божа” ў дамах культуры па ўсёй краіне. Няўжо чыноўнік Бондар не разумее, што песню забараніць немагчыма? Песням забароны толькі на карысць ідуць. У Францыі ў ХІХ стагоддзі была спроба забараніць песню, у першых радках якой былі словы “Мы супраць тыраніі”. 34 гады песня знаходзілася на нелегальным становішчы і – разляталася па ўсёй краіне. Урэшце яе, вядомую ў свеце пад назвай “Марсельеза”, зацвердзілі гімнам Францыі.

Чвэрць стагоддзя таму я працаваў у Міністэрстве культуры і друку і быў сведкам адной па-свойму паказальнай сцэнкі. У лесе пад Аўцюкамі, дзе праходзіў заключны этап вядомага фестывалю гумару, згубіўся акцёр Купалаўскага тэатра. Час ехаць, усе паселі ў аўтобусы, а акцёра няма. І тагачасны міністр Анатоль Бутэвіч затрымаў дзвесце чалавек, каб знайсці аднаго купалаўца. Хай сабе і народнага артыста. Гэта тады многіх кранула.

А сённяшні міністр Юрый Бондар адным росчыркам пяра фактычна знішчыў увесь Купалаўскі, разагнаўшы трупу – разам з заслужанымі і народнымі. Я помню, як ён з блазнаватай усмешкай на твары выходзіў з тэатра, дзе акцёры не пажадалі быць прыгоннымі. З той самай усмешкай Юрый Бондар, відаць, глядзіць на знішчэнне і Гродзенскага драмтэатра, з якога ўжо звольнены па матывах выключна палітычных 14 акцёраў і рэжысёраў. Ці разумее міністр, што ён ужо стаў далакопам двух лепшых тэатраў краіны?

А чаго варты выган акадэмічнага аркестра на знямелую Купалаўскую сцэну? Гэта ж як трэба не паважаць маэстра Міхаіла Фінберга (усё ж народнага артыста), каб прымушаць іграць перад пустой залай! А Бондар прымусіў. Ды ўсё міністэрства трэба было загнаць на той канцэрт! І самому ў партэр сесці.

Па ўсёй Беларусі камунальнікі, занядбаўшы свае прамыя абавязкі, зафарбоўваюць (на лаўках, дрэвах, трансфарматарных будках і г.д.) любое спалучэнне бел-чырвона-белых колераў і Пагоню. Ужо тоны фарбы на гэта патрацілі. А хай бы ім міністр Бондар растлумачыў, што герб Пагоня знаходзіцца ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а значыць – пад яго асабістай аховай. Не зашкодзіла б такая лекцыя амапаўцам і суддзям, для якіх нацыянальныя сімвалы – як падказка, каго хапаць і штрафаваць. Але міністр таго спісу, складзенага ў яго ж ведамстве, відаць, не бачыў.

Амаль дзве сотні супрацоўнікаў Нацыянальнага тэатра оперы і балета нядаўна выступілі з відэазваротам у падтрымку звольненых калег: “Мы не гайкі, якія можна выкруціць і выкінуць, мы – душа тэатра, яго сэрца і голас. Мы з горыччу назіраем абыякавасць вышэйстаячых асоб да лёсаў працаўнікоў культуры і мастацтва нашай краіны. Мы – Вялікі тэатр Беларусі. Мы не можам маўчаць!”

Але міністр іх не чуе, сваім маўчаннем даючы зразумець: вы – гайкі.

Сваімі паводзінамі Юрый Бондар нагадвае не міністра, які клапоціцца пра даручаную яму сферу, а швейцара-прыдзверніка, які ведае толькі адну функцыю – пускаць ці не пускаць. Гэткім сабе чыноўнікам-турнікетам і прыдзвернікам культуры ён і мае шанцы застацца ў памяці народнай.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання