Пераможца, якога не судзяць

60
Казахстанскі “Кайрат” стаў чэмпіёнам краіны
Фота https://rustelegraph.ru

Беларус Аляксей Шпілеўскі стаў самым маладым у гісторыі трэнерам, пад кіраўніцтвам якога камандзе ўдалося выйграць чэмпіянат Казахстана.

Казахстанскі “Кайрат” стаў чэмпіёнам краіны. Апошні раз каманда дасягала такога поспеху 16 гадоў таму! Здавалася б, якая тут навіна для беларусаў? Але справа ў тым, што гэту каманду з 2018 года ўзначальвае 32-гадовы беларускі спецыяліст Аляксей ШІІЛЕЎСКІ, пра якога варта распавесці падрабязней.

Партнёры Шпілеўскага па юнацкай зборнай Беларусі да гэтага часу гуляюць на прафесійным узроўні. У 2005 годзе з ім разам выходзілі на поле Міхаіл Сівакоў (зараз гуляе за “Оренбург”), Ягор Філіпенка і Станіслаў Драгун (абодва ў БАТЭ). Той год стаў апошнім, калі юнацкая зборная Беларусі кваліфікавалася на чэмпіянат Еўропы.

Яшчэ да турніру Шпілеўскі атрымаў траўму спіны. Гуляў на ўколах, але да канца траўму так і не залячыў. Тады ён якраз перайшоў у юнацкую каманду “Штутгарта”, дзе і траўміраваўся на трэніроўцы. Замест футбольнай кар’еры пачаў трэнерскую, і ўжо ў 21 год у яго з’явілася ліцэнзія трэнера катэгорыі “А”.

Дарэчы, Аляксей – сын вядомага агента Мікалая Шпілеўскага, які ў свой час прадстаўляў інтарэсы Аляксандра Глеба. Калі Глеб гуляў у іспанскай “Барселоне”, Шпілеўскі-малодшы трапіў туды на стажыроўку для працы з дзецьмі.

Затым працаваў з нямецкімі камандамі, добра сябе зарэкамендаваў і патрапіў у акадэмію клуба “Лейпцыг”.

Аляксей з’ехаў з Германіі, калі захацеў большага. Распавядаў, што ўжо ў 30 гадоў выбіраў паміж работай з “маладзёжкай” і клубам, які гуляе ў Лізе Еўропы. Так і трапіў у родную Беларусь, дзе ўзначаліў брэсцкае “Дынама”. Праўда, у Брэсце ўсё пайшло не так: пасварыўся з лідарамі каманды, выступіў з адкрытым лістом наконт той сістэмы, што была пабудавана ў клубе, “Дынама” вылецела з Лігі Еўропы. Усё ішло да таго, што Шпілеўскі не будзе працаваць з гэтай камандай, і прагнозы спраўдзіліся – у Брэсце малады трэнер затрымаўся ўсяго на паўтара месяца.

“Кайрат” стаў для Шпілеўскага другім клубам у кар’еры, і ў Казахстане яго таксама шмат крытыкавалі за прамалінейную гульню і некаторыя гучныя выказванні.

Дарэчы, Аляксей ніколі не баяўся выказваць сваю пазіцыю, і пасля выбараў у Беларусі ён паспрабаваў дагрукацца да сумлення ўлад і сілавікоў.

“Я нікому нічога дрэннага не жадаю, – казаў ён. – Я толькі жадаю некаторым людзям аднойчы сустрэцца з самімі сабой. Мне да гэтага часу не верыцца, што ёсць ворагі свайго ўласнага народа. Любімая Беларусь, трымайся і даруй за іх!”

Трэба адзначыць яшчэ, што ў мінулым годзе СМІ Казахстана некалькі разоў адпраўлялі беларускага спецыяліста ў адстаўку, але, як бачым, сёння Аляксей Шпілеўскі на сваім месцы ў якасці пераможцы. А пераможцаў, як вядома, не судзяць.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання