Пасмяротнае «хрышчэнне» Змітрака Бядулі

291
Пасмяротнае «хрышчэнне» Змітрака Бядулі
Пасмяротнае «хрышчэнне» Змітрака Бядулі

Праз восем месяцаў пасля эксгумацыі ў горадзе Уральску (Паўднёвы Казахстан) прах класіка беларускай літаратуры быў нарэшце пахаваны на Усходніх могілках беларускай сталіцы. Увесь гэты час ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца труна (пра гэта заклапочана пісаў у “Народнай Волі” за 19 мая Міхась Скобла ў сваёй калонцы “Непахаваны Бядуля”). Хоць пра саму эксгумацыю і дастаўку праху ў Беларусь падрабязна гаварылася на адмыслова скліканай у Музеі гісторыі беларускай літаратуры прэс-канферэнцыі яшчэ ў лютым. І вось, дзякуй Богу, усё праяснілася: парэшткі класіка дазволу быць пахаванымі чакалі ў Бабруйску, у праваслаўнай царкве.

З дазволам, як бачым, мінскія ўлады не спяшаліся. Спачатку меркавалася пахаваць Змітрака Бядулю на Вайсковых могілках, дзе знайшлі свой апошні спачын яго сучаснікі і паплечнікі па літаратурнай дзейнасці – Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Клімковіч. Але могілкі тыя даўно закрыты для новых пахаванняў, і нават для Бядулі не было зроблена выключэння.

Месца знайшлося на не менш ганаровых Усходніх могілках. У самым, што называецца, “прэзідыуме” (помніцца жартоўная характарыстыка тых могілак, дадзеная Р.Барадуліным: “Справа – натхняльнікі, злева – апявальнікі”). Зрэшты, чым Бядуля горшы за хакеіста Р.Салея ці начальніка Беларускай чыгункі Я.Валадзько, на магіле якога рэйка ляжыць? Такой бяды, што жылі яны ў розныя эпохі і мелі розныя светапогляды. Раз “прысуседзіліся” на могілках, то неяк і “паразумеюцца”.

Пасмяротнае «хрышчэнне» Змітрака БядуліЗдзівіла мяне іншае – роля ў пахаванні Бядулі Праваслаўнай царквы. Як вядома, Самуіл Яфімавіч Плаўнік (такое сапраўднае Бядуліна імя) праваслаўным не быў, ён паходзіў з яўрэйскай сям’і, у юнацтве вучыўся ў хедэры і ешыбоце (яўрэйскіх духоўных школах), меркаваў стаць рабінам. Праўда, потым пад уплывам найперш газеты “Наша Ніва” стаў выдатным беларускім пісьменнікам.

Але ён ніколі не быў ахрышчаны ў праваслаўе. Ды і як падобнае хрышчэнне магло адбыцца ў часы ваяўнічага бязбожжа ў 1920–1930-я гады? Тады ахопленыя раздзіманым бальшавікамі атэістычным чадам пісьменнікі навыперадкі дэманстравалі свае антырэлігійныя погляды і тузалі Бога за бараду ўсім гамузам. Не адставаў ад таварышаў і Бядуля. Вось радкі з яго тагачаснай паэмы (1923): “А Беларусь бязбожніцаю стала, / цвіце, расце партыйкай маладой, / глядзіць удаль – ў Еўропу капітала, / трасе сярпом і молатам з гразьбой…”

Шчыра ці няшчыра гэта напісана – хай разбіраюцца даследчыкі. Мне, паўтараюся, незразумела другое – праваслаўнае адпяванне, праваслаўны крыж над магілай шаноўнага чалавека, які да праваслаўя мае гэткае ж дачыненне, як дуб у Белавежскай пушчы да месяца, – гэта што? Дзяржаўна-царкоўнае ўшанаванне ці знявага яго рэлігійных пачуццяў?

Так, ніхто не ведае, у якой веры памрэ. Але ў выпадку з Бядулем хіба былі нейкія сумненні? Можа, знойдзены ў архівах нейкія невядомыя грамадскасці дакументы? Наколькі я ведаю, царква раней у падобных выпадках праяўляла пэўную асцярожнасць. А тут раптам стала такой звышталерантнай? Што гэта азначае? Што ў Беларусі хутка застанецца толькі адна канфесія, і ўсіх будуць прымусова ў яе пераводзіць? Як таго Бядулю, якога БПЦ разам з Міністэрствам культуры вырашылі “ахрысціць” пасмяротна.

А яшчэ мяне абурыла, што класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулю (многія са школы помняць яго цудоўныя творы – “Пяць лыжак заціркі”, “Салавей”, “Пяюць начлежнікі”) пахавалі пад рускамоўнай шыльдай. І гэта ўжо дакладна знявага памяці пісьменніка, чые ўсе творы напісаны на беларускай мове, якую ён лічыў найкаштоўнейшым скарбам беларускага народа.

Нашаніўскі першапраходзец, які шчыра прыняў беларушчыну ўсёй душой, Змітрок Бядуля праз 78 гадоў пасля смерці (яна надышла ў 1941-м, падчас паспешнай эвакуацыі) нарэшце вярнуўся на радзіму з далёкай чужыны. Паводле слоў сына пісьменніка, спробы перавезці прах бацькі рабіліся і раней. Ды ўсё нешта перашкаджала. І вось – атрымалася. “Застанецца на роднай зямлі грудок, застанецца на роднай мове радок” (Г.Бураўкін).

Але калі ўжо мы навучымся нашых выдатных дзеячаў ушаноўваць, не зневажаючы?

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання