Нібыта за абразу Лукашэнкі – на Гомельшчыне завялі дзве крымінальныя справы

294
Аляксей Раманаў

У Брагіне раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу супраць 25-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Кулагі за абразу Аляксандра Лукашэнкі – паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. У пастанове старшага следчага маёра юстыцыі Карпенкі гаворыцца, што Кулага, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, у прыёмным аддзяленні райбальніцы «публічна ў прысутнасці пабочных грамадзян выказаў абразы ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Інцыдэнт здарыўся яшчэ 16 жніўня, а крымінальная справа распачата толькі 30 кастрычніка. Яе фігурант расказаў праваабаронцам, што ўвечары ў тую жнівенскую нядзелю ён сапраўды быў нападпітку. Міліцыянеры прывялі хлопца ў бальніцу на агляд, там ён і адпусціў два мацюгі ў адрас чалавека па прозвішчы Лукашэнка. Гэта зафіксаваў службовы рэгістратар міліцыянера, а экспертыза аднесла іх менавіта да прэзідэнта.

Пасля інцыдэнту Аляксандра Кулагу вымусілі звольніцца з лясніцтва, дзе ён працаваў вальшчыкам лесу. Цяпер хлопец чакае суда.

У суседнім з Брагінам райцэнтры Хойнікі 12 лістапада таксама мае адбыцца суд за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Адказчыкам тут з’яўляецца хворы на анкалогію інвалід 2-й групы з Гомеля Аляксей Раманаў. На выбарах ён быў валанцёрам у групе падтрымкі Святланы Ціханоўскай. У Хойніках на перадвыбарчым мітынгу, які ладзіўся ў ліпені, Раманаў некарэктна выказаўся ў адрас Лукашэнкі. Як кажа сам Раманаў, ён сапраўды не стрымаўся з прычыны беззаконня ў краіне: раней апазіцыйныя палітыкі знікалі, а сёлета яшчэ да выбараў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы затрымалі і кінулі за краты.

У крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксея Раманава зазначана, што ён, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».


Няма запісаў для адлюстравання