Найлепшае ўжо разабралі: ці такая добрая ідэя Лукашэнкі купіць свідравіну ў РФ?

135
Нефтепровод
Фота https://www.belarus.by

Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным магчымасць набыць расійскае радовішча нафты. Пуцін ідэю падтрымаў.

На сайце “Беларуснафты” напісана, што “планы працы ў Расійскай Федэрацыі” кампанія “звязвае з перспектывамі новых набыткаў актываў”. Але наколькі гэта новая і перспектыўная тэма?

Еўрарадыё абмеркавала гэта з генеральным дырэктарам расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцінам Сіманавым.

Каб прыйсці ў Расію, патрэбныя грошы і тэхналогіі

“Беларуснафта” (у РФ прадстаўленая кампаніяй “Янгпур”) з 2013 года здабывае нафту на тэрыторыі Расіі. У актыве кампаніі — сем радовішчаў у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе Цюменскай вобласці, распрацоўка вядзецца на шасці з іх. Праўда, аб’ёмы здабычы невялікія — каля 260 тысяч тон нафты і газавага кандэнсату. Гэта пры тым, што штогадовая патрэба Беларусі — прыкладна 18 млн тон, а “апетыты” — 24 млн тон.

То бок у гэтай згодзе Лукашэнкі і Пуціна па пытанні нафтавай свідравіны “няма нічога новага, няма навацыі”, лічыць наш суразмоўца. Бо абмяркоўваецца магчымасць набыцця не першай, а ўсяго толькі яшчэ адной свідравіны.

Калі Беларусь, якая цяпер здабывае на тэрыторыі Расіі параўнальна невялікія аб’ёмы нафты, разлічвае на большае, то варта памятаць: добрых актываў з лёгказдабывальнымі запасамі ўжо проста няма.

“Усё добрае даўно разабранае, размеркаванае паміж расійскімі кампаніямі. Так, “Беларуснафта”, напэўна, можа прэтэндаваць на нейкія ліцэнзіі. Але гэта будуць цяжказдабывальныя запасы”, — тлумачыць Сіманаў.

Канстанцін Сіманаў
Канстанцін Сіманаў / Еўразія. Эксперт

У такім выпадку ад першых інвестыцый у здабычу да ўласна першай здабычы можа прайсці некалькі гадоў. І рэч тут зусім не ў “Беларуснафце”.

“Яна здабывае нафту ў Беларусі, працуе ў складаных умовах у Паўднёвай Амерыцы. Я не кажу, што гэта дрэнная кампанія, але гэта ўсё роўна кампанія з абмежаваным маштабам інвестыцый, лакальная кампактная кампанія. А калі вы прыходзіце ў Расію з амбіцыйнымі мэтамі, у вас павінныя быць грошы і тэхналогіі, якіх няма ў расійскіх кампаній. Задача прыкладна такая: як зрабіць так, каб вядучы беларускі клуб згуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў? Трэба знайсці інвестыцыі, тэхналогіі, спецыялістаў, трэба стаць кампаніяй узроўню вядучых еўрапейскіх мэйджараў”, — кажа Сіманаў.

Ільгот можна не чакаць?

Прасіць падатковых ільгот для працы на расійскай тэрыторыі таксама не варта — расійскі ўрад “выкручвае рукі” нават уласным нафтавікам.

“Нядаўна расійскія нафтавыя кампаніі атрымалі новы Падатковы кодэкс, які дадаткова забярэ ў іх толькі ў наступным годзе больш за 200 млрд рублёў розных збораў. Расійскі ўрад пастаянна абкладае нафтавікоў дадатковым падаткам. Калі б кампанія “Беларуснафта” атрымала больш выгадныя ўмовы працы, гэта было б даволі дзіўна”, — мяркуе Сіманаў.

А ў 2024 годзе павінен завяршыцца падатковы манеўр, гэта значыць Расія адмовіцца ад экспартнай пошліны і пяройдзе да падатку на здабычу карысных выкапняў. Гэта значыць, што і “Беларуснафта”, працуючы ў Расіі, таксама павінная будзе плаціць падатак на здабычу.

“Праз чатыры гады падатковая сістэма зменіцца канчаткова, і вялікае пытанне, што больш выгадна — у Расіі здабываць або ў расійскіх кампаній купляць. Думаю, гэтая гісторыя больш пра піяр, чым пра рэальныя буйныя інвестыцыі і праекты на расійскай тэрыторыі”, — мяркуе эксперт.


Няма запісаў для адлюстравання