«Якія наркаманы?! Нармальных людзей збівалі…»

952
«Якія наркаманы?! Нармальных людзей збівалі…»

Напэўна, многія бачылі кадры рэзананснага відэа, знятага ў адной са сталічных кватэр на вуліцы Нававіленскай, дзе 25 кастрычніка адбыліся жорсткія затрыманні тых, хто браў удзел у чарговым нядзельным маршы.

Калі на перасячэнні вуліц Арлоўскай і Нававіленскай пачалі ўзрывацца святлошумавыя гранаты, людзі сталі разбягацца па дварах і хавацца ў кватэрах. У адну з такіх кватэр забегла каля 20 чалавек, але за імі ўслед уварваліся сілавікі.

“Сюды ідзі! – кажа адзін з сілавікоў на відэа. – Баб не чапаю, сказаў! Мужыкі выходзяць! (…) Я яго забяру з болем або без болю. Уставай! (Раздаюцца гукі удараў і жаночыя крыкі.) Прыбрала рукі! Газавы балончык дастаць ці што?”

Пазней гэтыя падзеі пракаментаваў і Лукашэнка: “Мэта была захапіць цэнтр – не пусцілі. Пайшлі на аддзелы міліцыі, пайшлі, што самае страшнае, у спальныя раёны. Цёмна, людзі перапужаныя. Хтосьці выйшаў з дзеткамі на вуліцу.

Гэта што, нармальна, калі п’яны, ашалелы, праколаты наркотыкамі натоўп, пракураны і прапіты – сотні чалавек – рынуліся ў гэтыя раёны? Што трэба было рабіць міліцыі? Гэта быў мой загад, каб засцерагчы людзей. Пачалі ўскрываць кватэры, рынуліся туды, прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў”.

«Якія наркаманы?! Нармальных людзей збівалі…»

«Якія наркаманы?! Нармальных людзей збівалі…»“Народная Воля” пагутарыла з відавочцамі таго, што адбывалася 25 кастрычніка на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Нававіленскай, а таксама з некаторымі “наркаманамі”, якія аказаліся ў той самай кватэры.

Адна з тых, хто пасля разгону дэманстрантаў забег у кватэру на Нававіленскай, – Ірына (імя зменена). Маладая жанчына кажа, што была на маршы разам з мужам.

– Мы знаходзіліся нападалёку ад Цэнтральнага РУУС, на людзей пайшоў АМАП, – успамінае мая суразмоўніца. – У нейкі момант на дарогу паляцелі святлошумавыя гранаты, усе пачалі разбягацца хто куды. Убачылі адкрыты пад’езд – пабеглі туды. Перад намі ў гэты пад’езд забегла яшчэ процьма людзей, нас пераследавалі амапаўцы. На другім паверсе ўбачылі адкрытую кватэру, схаваліся там. Але дзверы не паспелі закрыць, уварваўся АМАП. Усяго на той момант у кватэры было каля 20 чалавек.

– Я упала на спіну, муж наваліўся на мяне, і мы паціху ў цемнаце папаўзлі да канапы, – працягвае жанчына. – Марыла толькі пра адно – каб у пакоі не ўключылі святло, але так і здарылася. Сілавікі ўбачылі мужчын, майму мужу адразу далі дубінкай па спіне. Праўда, некаторыя схаваліся – хтосьці ў шафе, нехта за пральнай машынай альбо канапай.

А пасля амапаўцы забралі з кватэры некаторых мужчын і пайшлі на вуліцу, дзе стаялі машыны, куді і змяшчалі пратэстоўцаў. А мы яшчэ каля паўтары гадзіны сядзелі ў гэтай кватэры, чакалі, пакуль усе раз’едуцца.

Ірына кажа, што там не было ніякіх алкаголікаў і наркаманаў, як затым гэта было прадстаўлена афіцыйнай прапагандай:

– Адна жанчына, можа быць, была крыху нападпітку, бо, як мне падалося, паводзіла сябе не вельмі адэкватна, але затым яна наогул кудысьці знікла. Усе астатнія былі абсалютна нармальныя людзі. Дарэчы, мы з мужам наогул не ўжываем алкагольныя напоі. А наркотыкі ніколі ў жыцці не спрабавала і не ведаю, што гэта такое.

33-гадовая Анастасія 25 кастрычніка таксама аказалася ў той кватэры.

– Хацелася хаця б з нагамі застацца, таму і пабегла, – кажа яна. – А ў дварах можна было лёгка пад гранату трапіць. Першай забегла ў пад’езд, пачала званіць ва ўсе кватэры. На другім паверсе дзверы адчынілі дзяўчаты, туды і схаваліся. А далей усё вядома: уварваліся сілавікі, выцягвалі хлопцаў. Я ў гэты момант схавала пад канапу тэлефон і бел-чырвона-белы сцяг, каб яны не дасталіся міліцыянерам у выпадку майго затрымання.

Двое хаваліся ў шафе, адзін за канапай. Некаторыя дзяўчаты былі моцна напалоханы. Камусьці зрабілася блага, давалі валяр’янку. Адна дзяўчына была алергікам, у яе пачаўся моцны прыступ кашлю, яна літаральна пачала задыхацца, і мы далі ёй фенкарол.

Побач са мной сядзеў хлопчык, якому на выгляд было гадоў 12–13, нават і не ведаю, як ён там аказаўся. Таксама быў моцна напалоханы, давялося яго супакойваць. А пасля прыехалі сябры і знаёмыя на машынах і пачалі нас развозіць па дамах.

Анастасія кажа, што ёй проста смешна чуць, што з кватэр “выцягвалі наркаманаў”.

– Абсалютна ўсе былі не наркаманы, цвярозыя. Асабіста я алкаголь не ўжываю, – кажа мая суразмоўніца. – Але разумею, дзеля чаго робяцца такія заявы, бо ўсё гэта ўжо праходзіла. Пасля выбараў 2006 года людзі таксама пратэставалі супраць сфальсіфікаваных выбараў, тады на плошчы нават утварыўся намётавы гарадок пратэстоўцаў. Была сярод іх і я, затым сядзела за гэта на “сутках”. Тады ж таксама па БТ казалі, што ў тых намётах сабраліся прастытуткі і наркаманы, прапаганда паказвала нейкія міфічныя шпрыцы, не саромеліся хлусіць, што праплачаныя пратэстоўцы калоліся наркотыкамі. Тое самае адбываецца і зараз. Як бачым, за 15 гадоў нічога новага не прыдумалі, а таму ўключаюць старую пласцінку пра пратэстуючых “наркаманаў, алкаголікаў і прастытутак”.

Той дом на Нававіленскай знайсці не вельмі складана. Дастаткова запытацца ў гэтым раёне пра падзеі 25 кастрычніка, і вам усё адразу раскажуць і пакажуць.

– Я ў той дзень дома была, але, калі пачаліся стрэлы і выбухі, выйшла на вуліцу, бо адпрацавала медыкам каля 30 гадоў, і, магчыма, камусьці спатрэбілася б мая дапамога, – кажа пенсіянерка Марыя Васільеўна, якая пагаджаецца на размову толькі пасля доказаў таго, што я працую не ў дзяржаўных СМІ. Паказваю рэдакцыйнае пасведчанне, жанчына працягвае: – Тут жа жудасць што рабілася! Людзей збівалі, ім пад ногі кідалі гранаты! І практычна ўсе жыхары дамоў у гэтым раёне адчынялі дзверы сваіх кватэр, каб схаваць людзей ад сілавікоў. Гэта хлусня, што былі наркаманы ці п’яныя. Я размаўляла з некаторымі ўдзельнікамі маршу і бачыла, у якім яны былі стане. Шок у іх быў, але не ад наркотыкаў і алкаголю.

У кватэры, дзе хаваліся каля 20 чалавек, нікога няма, а вось суседка Людміла Іванаўна добра памятае, што адбывалася ў той дзень:

– Калі на вуліцы пачалася страляніна, людзі пабеглі ў наш пад’езд, бо дзверы тут зламаны і ніколі не зачыняюцца. Выбухі былі такія, што я думала – дом разваліцца альбо вокны павылятаюць. У нас стары дом з блокаў, дык ён, як мне падалося, хадуном хадзіў. Я не ведала, куды мне схавацца.

Калі ў пад’езд забеглі амапаўцы, баялася, што мне дзверы вынесуць. І яны пры гэтым раўлі, як нейкія дзікія звяры. Пабеглі на другі паверх за людзьмі, там крыкі працягваліся, а пад маім акном трое сілавікоў збівалі аднаго хлопца, я ўсё бачыла. Хлопец крычаў, а затым перастаў, магчыма, страціў прытомнасць, але яны некуды яго пацягнулі. Слухайце, што за час такі? Гэта ж самыя сапраўдныя зверствы!

– Была заява, што тут бегалі наркаманы і алкаголікі…

– Якія наркаманы?! Нармальных людзей збівалі… Я ніводнага п’янага не бачыла. Увогуле, уся гэтая сітуацыя такая мярзотная! І самае галоўнае, што зараз тыя, хто пры ўладзе, мала кажуць, з-за чаго ўсё пачалося. А пачалося ўсё з-за хлусні падчас выбараў. І зараз дубінкамі хочуць вярнуць народную любоў.

***

Дарэчы, пасля публікацыі відэа за інфармацыю пра сілавіка, які пагражаў забраць людзей з кватэры “з болем або без болю”, паабяцалі ўзнагароду ў 1400 долараў. Такую суму прапанавалі заплаціць падпісчыкі аднаго телеграм-канала. І амаль адразу з’явіліся звесткі пра супрацоўніка АМАПа Аляксея Т., хаця гэтая інфармацыя нікім не была пацверджана.

Мы паспрабавалі датэлефанавацца да гэтага чалавека, каб даведацца, ці сапраўды ён быў у той дзень у кватэры на Нававіленскай, хацелі пачуць яго версію таго, што там адбывалася. На жаль, на працягу ўсяго часу абанент скідваў званкі, а таксама заблакіраваў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання