“Хваля дабрыні” ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе

55

У Гродзенскім дзіцячым хоспісе імя святога Губерта будзе створана свая карцінная галерэя. Першыя крокі зроблены: прафесійныя мастакі з Гродна і Мінска падарылі дзеля гэтага хоспісу свае работы.

Карцінная галерэя ствараецца ў межах праекта “Хвалі дабрыні”, які быў заснаваны для развіцця дабрачыннасці як сацыяльнага працэсу і з мэтай паказаць самыя цікавыя і незвычайныя дабрачынныя акцыі, якія яднаюць людзей, бізнес, культуру і ўладу дзеля паляпшэння якасці жыцця дзяцей з інваліднасцю і іх сямей.

У паліятыўным цэнтры, які знаходзіцца ў памяшканнях праваслаўнай царквы прыхода Серафіма Жыровіцкага адбылося ўрачыстае прадстаўленне твораў мастакоў, якія ахвяравалі іх для дзіцячага хоспіса.

Куратар праекта Ірына Варкулевіч, прадстаўляючы падораныя карціны, заўважыла: мастакі імкнуліся яшчэ раз сказаць дзецям з інваліднасцю, што яны не адны, што ёсць людзі, якія ў цяжкую хвіліну ім заўсёды дапамогуць.

Дарэчы, сярод падораных карцін работы такіх вядомых мастакоў як Юрый Якавенка, Сяргей Грыневіч, Валянціна Шоба, Вікторыя Ільіна.

Настаяцель царквы Серафіма Жыровіцкага айцец Іаан быў таксама ўзрушаны ўчынкам мастакоў і заўважыў, што яны зрабілі выдатную справу, паколькі, далучаючы дзяцей да творчасці, яны адкрываюць перад імі нязведанае.

"Хваля дабрыні" ў Гродзенскім дзіцячым хоспісеДарэчы, менавіта з прапановы айца Іаана паліятыўны цэнтр дзіцячага хоспіса размясціўся ў памяшканнях, якія належаць прыходу Серафіма Жыровіцкага. Нават камунальныя паслугі аплачваюцца самім прыходам.

Нагадаем, што ў межах праекта “Хвалі дабрыні” гродзенскія мастакі правялі ўжо тры сумесныя пленэры, і карціны дзяцей з інваліднасцю былі прададзеныя на аўкцыёне. На атрыманыя грошы хоспіс закупляў неабходнае медыцынскае абсталяванне.

Першая “Хваля дабрыні” адзначылася ў мінулым годзе прыгожай імпрэзай у “Кронан парк гатэлі”. Мастакі і дыпламаты разам стварылі неверагодныя карціны. Выставы прайшлі ў Гродне, Літве і Польшчы.

Другая “Хваля дабрыні” – праект “Коска” – адбылася ў сакавіку. Арганізатары ўпэўнены, што дабрачыннасць можа і мусіць развівацца праз сацыяльнае прадпрыемства. Прэзентацыя гэтага накірунку дабрачыннай дзейнасці яшчэ наперадзе.

Праект трэцяй хвалі “Супрэматызм. Мастацтва. Дабрачыннасць” унікальны. Карціны цяжка хворых дзяцей перанесліся на экалагічныя шоперы і цішоткі. Прэзентацыя праекта таксама адбудзецца неўзабаве.


Няма запісаў для адлюстравання