Хто такі анархіст Ігар Аліневіч?

110
Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Днямі ў Ельскім раёне каля ўкраінскай мяжы беларускія памежнікі затрымалі чацвярых грамадзян Беларусі: Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Разановіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага. Усе яны – прадстаўнікі анархічнага руху.

Телеграм-канал Памежнага камітэта Беларусі паведаміў, што пры іх затрыманні выяўлена некалькі адзінак агнястрэльнай і халоднай зброі, граната, а таксама спецыяльная экіпіроўка.

Анархістаў абвінавачваюць у тым, што ў кастрычніку падчас знаходжання ў Беларусі яны кінулі “кактэйлі Молатава” ў будынкі пракуратуры і камітэта судовых экспертыз у Салігорску і ДАІ ў Мазыры (пацярпелых няма).

Усе чацвёра цяпер абвінавачваюцца па артыкуле 289, частка 3 – “акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай”, магчымая санкцыя – ад 10 гадоў пазбаўлення волі да расстрэлу.

Хто такі Ігар АЛІНЕВІЧ, які раней праваабаронцамі прызнаваўся палітвязнем?

Школьныя гады Аліневіча, якому зараз 37, прыйшліся на сярэдзіну 1990-х.

“З дзяцінства маці ўва мне фарміравала дастаткова шырокі светапогляд, – успамінаў Ігар. – Прыносіла з бібліятэкі кнігі па гісторыі, Джэка Лондана, фантастыку. Сачыла, каб я прачытваў школьную праграму. А ў старэйшых класах я адчуў, што падручнікі па гісторыі і грамадазнаўстве вельмі слабыя. Я прачытваў іх за некалькі дзён і зноў вяртаўся да сваіх энцыклапедый. Бо бацька вучыў мяне патрабаваць ад сябе нават больш, чым можаш, не шкадаваць сябе.

У той час, як і многія мае аднагодкі, спрабаваў сябе ў нефармальных субкультурах. Слухаў метал, панк-рок… Сярод савецкай маралі, якая ўжо аджывала свой век, сярод спажывальніцтва і канфармізму я шукаў брацтва і свабоднага самавыяўлення асобы. Праўда, гэтыя прынцыпы не знаходзілі паразумення ў “гопнікаў” з іншага раёна. І тады я зразумеў раз і назаўсёды: за права быць сабой трэба біцца. Дарэчы, глытком свабоднага паветра былі для мяне і пратэсты апазіцыі”.

У 16 гадоў Ігар Аліневіч уступіў у “Малады Фронт”, аднак прабыў там непрацяглы час. Маляваў графіці, вывешваў сцягі, але, паводле слоў хлопца, яго адштурхоўваў нацыяналізм. Так пачалі фарміравацца анархісцкія погляды.

“Цікавасць да анархізму праявілася сама, – адзначаў Аліневіч. – Магчыма, крыху пад уплывам рамана Тургенева “Бацькі і дзеці”. У 11-м класе на экзамене па гісторыі замест пытанняў з білета я абараняў рэферат “Нестар Махно: бандыт ці народны герой?”. Нават тады, у 2001-м, гэта была “бомба”.

Ігар з дзяцінства любіў камп’ютары і матэматыку, хацеў стаць інжынерам, паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут.

Другім яго захапленнем стала ролевае мадэліраванне. Гэта нешта сярэдняе паміж гістарычнай рэканструкцыяй і інтэрактыўным тэатрам.

Пасля інстытута Ігар Аліневіч ўладкаваўся на працу на круізны лайнер кампаніі Carnival у Карыбскім моры, але доўга там не затрымаўся. Праз сем месяцаў працы паспрабаваў падняць рабочых у пагрузачны дзень на забастоўку, пасля чаго яго звольнілі і пад канвоем адправілі ў аэрапорт.

Вярнуўся дадому, тры гады працаваў у невялікай фірме па праектаванні мікраэлектронікі. Пасля працаваў у ААТ “Пеленг” – праектаваў друкаваныя платы для касмічных спутнікаў.

“Мне вельмі падабалася работа, але ў той жа час я бачыў, што з кожным годам краіна апускаецца ў дыктатуру ўсё больш і больш, – шчыра прызнаваўся хлопец. – Ніякія грошы і камфорт не прымусілі б мяне заплюшчыць на гэта вочы. І я з галавой акунуўся ў анархічную дзейнасць. Мы спрабавалі разгайдаць рабочых МАЗа, іншых прадпрыемстваў. Тады ўсё і пачыналася…”

8 лістапада 2010 года Ігар Аліневіч быў затрыманы ў Маскве і перададзены беларускім спецслужбам.

27 мая 2011 года ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Аліневіча абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і частак 2 і 3 артыкула 218 КК (пашкоджанне маёмасці небяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).

Першапачаткова Ігара Аліневіча абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расійскае пасольства ноччу з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама ва ўдзеле ў акцыі каля Генштаба Узброеных сіл Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачанне было пашырана: акрамя эпізоду па Генштабе Аліневічу інкрымінавалі напады на казіно «Шангры Ла», на офіс банка “Масква–Мінск” 31 мая 2010 года, на расійскае пасольства 30 жніўня 2010 года і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна 6 верасня 2010 года.

У судзе ад анархісцкіх поглядаў Аліневіч не адмовіўся, сваёй віны не прызнаў.

З калоніі Аліневіч выйшаў у 2015 годзе: тады Аляксандр Лукашэнка вызваляў палітвязняў і падпісваў памілаванні ўсім – нават тым, хто пра іх і не прасіў.

Пасля вызвалення Ігар з’ехаў у Польшчу, дзе жыў і працаваў, і на радзіму як быццам вяртацца не збіраўся. Ніхто нават і не ведаў, што ў кастрычніку Аліневіч знаходзіўся ў Беларусі.

Які чынам будзе далей развівацца “справа анархістаў”? Які будзе прысуд? Час пакажа.

Публікацыя з 88 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання